Ваши цитаты
Войти

|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
каго цешыць музыкай! Не мог адмовіцца, ці што? Сказаў бы: не ўмею, не мая скрыпка — сынава. А то ўзрадаваўся: пахваліў афіцэр за сарцір, дык, можа, гатоў яму іграць, калі ён там сядзець будзе. Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.
Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! — дзівілася Сцепаніда. — Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!» Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы — адны, другія. Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў: — Ну, я ж казаў… — Аддалі? — холадна запыталася яна. — Аддалі, во, а ты казала, — ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі. — А пра курэй спытаў? — А, пра курэй… Забыўся. Знаеш, забыўся… Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш. Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся. — Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?.. — Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, — напаўголаса, але злосна вымавіла яна. — Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш — падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц — ніякай вестачкі, а ён ім грае. — Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі. — Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш? Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы — устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, бы нежывая, не разумеючы, што там дзеецца, куды і ў каго там страляюць, як раптам над хатай і падворкам пыхнула сляпучае, бы электрычнае, святло ўгары: у акенца шыбануў яркі вогненны пук, які хутка перабег цераз падлогу, па дзежках з Петраком, што змярцвела трымаў у руках чырвоную скрыпку, і раптам згас на сцяне пад чорнаю бэлькай столі.
— Ракета, — сказаў Пятрок запалым голасам. — Што ж гэта робіцца? Спаляць… Яна таксама не ведала, што гэта робіцца, і не бачыла нічога, толькі страхавіта ўслухоўвалася ў незразумелую калатнечу каля сядзібы. Падобна было, аднак, калатнеча пасунулася за хату, да рова, чуваць стала, што беглі туды, тупаючы па зямлі ботамі; там жа бахнула яшчэ некалькі стрэлаў. А калі неўзабаве загарэлася яшчэ адна ракета — яе дальняе святло цьмяным няпэўным водбліскам шаснула па суччы ліп, грувасткім будане машыны пад імі. «Каго яны там згледзелі? — думала Сцепаніда. — Няўжо парсючка? Мо выграбся, прыбег, цяпер пэўне ж застрэляць». Яна ўжо не магла сядзець і слухаць — стала на калені да акенца і ўзіралася ў цемру. Пасля памкнулася нават выйсці, але тут жа вярнулася да акенца, падумаўшы, што цяпер выйсці нельга: яшчэ застрэляць у цемры. І яна слухала ўсё: недалёкую ўстрывожаную гаману ля рова ці на гародзе, па той бок сядзібы, яшчэ некалькі стрэлаў і гучных крыкаў-каманд па-нямецку. — Божа мой, Божа! Што гэта? — не могучы даўмецца, бедаваў Пятрок. — Ціха ты! Слухай… Ну ведама ж, што яшчэ ім заставалася, апроч як сядзець і слухаць. Неяк у гэтай несканчонай напружанасці, як там трохі прыціхла, яна пачула кароткую сцішаную размову ля ганка — мабыць, хтось загаварыў з вартавым, і яна зразумела адно толькі знаёмае слова «бандытэн». Але адкуль тут і якія бандыты? Няўжо напалі на іх, калі немцы так раз'юшана кінуліся за імі да рова? Але чаму тады не чутно стрэлаў адтуль? — Што будзе, што будзе? — ледзь чутна бедаваў Пятрок, і яна ціха азвалася да яго: — Што будзе, тое і будзе. Не знаеш хіба? — Каб жа хоць не спалілі! Гэныя ракеты, знаеш, як паляць!
— Могуць і спаліць, — проста пагадзілася Сцепаніда. — Яны ўсё могуць. Ёй здалося, што нехта прабег завуголлем ля сцяны істопкі на падворак ці да палаткі, зноў там загаманілі, але на гэты раз кароценька — слова на слова, і той зноў пабег кудысь у гарод. Стрэлаў, аднак, не было чуваць, хоць ракеты яшчэ некалькі разоў пасвяцілі, і ціхі іх дальні водбліск трохі парэдзіў цемрадзь на двары і ў істопцы. Яна ўбачыла белы, як палатно, Петракоў твар, у руках няшчасны музыка сціскаў непатрэбную цяпер скрыпку, мусіць, не ведаючы, куды з ёю дзецца. — Ідуць!!! Пятрок аж напяўся ў цемры, яна амаль фізічна адчула гэта, а пасля ўжо і да яе слыху данеслася далекаватая яшчэ гамана, галасы. Яны набліжаліся — падобна было, што нейкая група немцаў, ці, можа, яны ўсе вярталіся на сядзібу. Так, мусіць, вярталіся — галасы сталі выразней, іх часам перабіваў адзін гучнейшы. «Ці не фельдфебелеў?» — падумала Сцепаніда і яшчэ ўслухалася: не, то быў нейчы другі голас, які штось даводзіў астатнім, тлумачачы ці, можа, апраўдваючыся. Неўзабаве на сцежцы за істопкай і на дрывотні затупалі, зашлёпалі па гразі крокі, па падворку адразу матлянулася некалькі прамянёў з ліхтарыкаў, якімі яны свяцілі сабе. І сапраўды, яны рушылі ці не ўсёй грамадой — разам спыніліся на падворку каля прыступак. Нехта ўбег у хату («Ліхт, ліхт!»), і ў акне ярка заззяла электрычная лямпачка — уключылі святло. Сцепаніда стаяла ля акенца, пэўна ўжо ведаючы, што зараз выявіцца штосьці нядобрае, дужа непрыемнае для яе, але таго, што выявілася, яна не прадбачыла. Праз старое замурзанае шкло акенца не шмат што было бачна ў трохі падсветленай імгле падворка — хіба тое, што высвечвалася электрычнасцю з хаты. Але яна згледзела, як яны там паклалі на траву нешта цяжкое, што ўдвух прывалаклі з дрывотні, і самі пасталі, засланіўшы яго ад істопкі і ажыўлена гамонячы між сабой. Некаторыя смяяліся, іншыя страхавіта штосьці выкрыквалі. З-за іх спін і пілотак відаць была ўсярэдзіне высокая фуражка афіцэра ў блішчастым |