плашчы. Ліхтарык з ягонай рукі клаў светлую пляму ля ног у доле.
— Некага забілі, — сказала яна Петраку, які мясціўся побач, зазіраючы ў акенца. Але, мусіць, не паспеў той што згледзець, як у сенцах стукнула, прыцьмелы праменьчык з ліхтарыка матлянуўся па істопцы, асляпіў іх пад акенцам.
Перахрысціўшыся на хаду, Пятрок на хісткіх нагах падаўся да дзвярэй, а Сцепаніда засталася ў цемры і ўжо не пазірала ў акенца. Яна скамянела ўся на сярэдзіне цеснай істопкі, ужо ведаючы, што сталася страшнае, і, як прысуду, чакала пацвярджэння сваёй здагадкі.
Калі вельмі хутка вярнуўся Пятрок, яна не спытала ў яго — хто, баялася тое пачуць без пытання. Яна была б удзячна Петраку, каб той не сказаў нічога, проста змоўк бы да ранку. Але Пятрок быў не такі, каб доўга маўчаць. Толькі прыткнуўшы дзверы, ён паведаміў шэптам:
— Янку забілі.
Яна маўчала, адчуваючы толькі, быццам рухнула кудысьці ў цемру, дзе не было супынку, а ён, мабыць, зразумеў гэта яе маўчанне як нявыказанае нямое пытанне.
— Ну, таго пастушка. З Выселак.
Каб раптам не ўпасці, яна рукамі намацала край сеннічка і апусцілася на яго.
Яна сапраўды кудысь правалілася з гэтай істопкі і з гэтае ночы, нібы не адчуваючы сябе на гэтым тлумным і страшным свеце, які ўсё вузеў, меншаў, каб неўзабаве паўстаць перад ёй неадольнаю перашкодай, канцом. Яна ведала — яе канец набліжаўся хутка і няўмольна і думала толькі: завошта? Што яна зрабіла не так, напроціў Бога і сумлення, чаму такая кара абрынулася на яе, на людзей?
«Чаму і завошта?» — пыталася яна ў сябе, не знаходзячы, аднак, адказу, і думкі яе ішлі далей, у глыб перажытага. За сцяной на падворку патроху цішэла, перасталі тупаць цвёрдыя боты, часам сцішана чуліся галасы, але яна не слухала тых апрыклых чужых галасоў, — трохі паспакайнеўшы душэўна, яна ўбачыла іншы час і ў ім учула іншыя галасы — з далёкае далечы яны данесліся да яе на суцяшэнне, гароту ці роздум ці,
можа, несучы якую надзею. Надзею з мінулага, калі якая была там, бо з будучага наўрад ці яна мела азвацца…
12
На хутары той дзень не палуднавалі: Сцепаніда чакала са школы Федзьку і Феню, Петрака зранку не было дома — на золаку павёз з мужыкамі самаабкладанне на станцыю, меўся прыехаць хіба што позняй ноччу. Якраз нахапілася вялікая слізгота — дзён тры дагэтуль была адліга, на дварэ ўсё плыло, сеяўся дробны дождж з неба, а ранкам ударыў мароз — поле, дарога, дрэвы пакрыліся карыной слізкага лёду; адзін сук на ліпе не вытрымаў ледзянога цяжару, абламіўся і завіс абледзянелым голлем да снегу. Праз трохі праталае акно Сцепаніда згледзела за гэтым суком чалавека ў полі, які то рухава бег па саннай дарозе з Выселак, то прыпыняўся трохі, разоў колькі разгоніста коўзаў, мусіць, па слізкай каляіне, матляючы ў паветры доўгімі рукавамі світкі. Калі чалавек перабег гасцінец і скіраваў да хутара, Сцепаніда пазнала ў ім высялкоўскага хлопца Патапку. Патапка быў пераростак, у школу зімой не хадзіў: не меў што абуць, і цэлымі днямі сядзеў на лаве ў хаце, палову якой займаў сельсавет, — заўжды разявіўшы рот, слухаў, што гаманілі мужчыны. Калі здаралася патрэба каго паклікаць, тады сельсавецкі старшыня, аднавокі Лявон, пасылаў Патапку. Хлопец не дужа каб ахвотна, але ішоў ці бег, куды пасылалі, і, вярнуўшыся, зноў садзіўся пры парозе на лаву з пільнаю ўвагай да ўсяго, што гаварылі старэйшыя.
Трохі паўглядаўшыся ў акно, Сцепаніда адставіла ў кут прасніцу з воўнай, паправіла хустку. Было пэўна ўжо, што Патапка бяжыць на хутар не так сабе, што ў яго ёсць патрэба. Апошнім часам у Выселках ледзь не кожны вечар збіраліся сходы, лічы, з Вадохрышча вясковыя актывісты і прыезджыя ўпаўнаважаныя з раёна і нават з акругі стараліся як сагітаваць мужыкоў у калгас. Але ўсё марна. Заўчора праседзелі ўсю ноч, спрачаліся і сварыліся, разышліся, калі добра ўднела, а запісалася ўсяго шэсць гаспадарак.
Гледзячы на Патапку, Сцепаніда падумала, што, мабыць, і цяпер той бяжыць наказваць
на сход. Значыць, лікбезу сёння не будзе. Яна трохі пашкадавала аб тым, бо сёння, як ніколі раней, удала спісала старонку ў сшытку, і словы, можа, першы раз за зіму, выйшлі даволі зграбныя, амаль скрозь роўненькія, мабыць, у школе пахвалілі б. Мінулы раз дык паганілі, ды і было цемнавата, пісала, як палеглі дзеці, і ў газнічцы канчалася газа, а Пятрок усё наракаў з запечку, што не ў пару ўлегла ў грамату, трэба класціся спаць. Цяпер жа, застаўшыся адна ў хаце, яна села за прыбраны стол і нетаропка вывела радкоў з восем: «Мы будуем машыны, мы будуем калгасы». Ды, мабыць, сёння заняткаў не будзе.
Тым часам у сенцах бразнулі дзверы і, не атэпваючы ног, у хату ўвапхнуўся Патапка — рослы белатвары падлетак, падпяразаны вяроўчынай па лапленай світцы. Не павітаўшыся, перш шмаргануў разы два счырванелым прастуджаным носам і прагугнявіў:
— Там Лявон цётку кліча.
— А што, сход?
— Не, не сход. Камбед будзе.
— Цяперака?
— Ну.
— Збяруся, прыйду, — сказала Сцепаніда, трохі схамянуўшыся нутром: то было нешта новае. З восені камбед не збіралі, казалі, што будуць выбіраць новы. Але во, мусіць, знайшлася патрэба і ў старым.
Патап яшчэ шмаргануў носам, паправіў перакручаную на галаве шапку-аблавушку і вылез у дзверы. Перш чым зачыніць іх, грукнуў аб парог абцасамі ботаў, і Сцепаніда пазнала: то былі Лявонавы боты. Сам Лявон цяпер, напэўна, сядзіць, далей залезшы за стол у сельсавеце, і падкурчвае пад лаву ногі, каб хто з заходжых не бачыў босага старшыню. Але халера на яго, і ў Багацькаў з абуткам не лепей, проста бяда з абуткам: ні сабе, ні дзецям — ні купіць, ні паладзіць з чаго. Былі адны лапленыя валёнкі, дык сёння іх ранкам надзеў Пятрок у дарогу, і ёй цяпер трэба было абуваць чуні. Ну, але аб сабе яна не дужа клапацілася, ішла ж не ў царкву, а калі пасяджэнне камітэта беднаты, дык чаго там саромецца. Абы цёпла нагам.
Яна хутка сабралася, надзела трохі навейшую шарсцяную спадніцу, завязала падніз свяжэйшую, белую ў крапінку хусцінку, спрытней забарсала на