пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху — на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім — партрэт Сталіна.
— Вас іст дас? — сцішана паўтарыў немец.
Пятрок усё зразумеў і маўчаў: бо што ён мог ім сказаць? Ён толькі з прыкрасцю пры сабе вылаяўся — трэба ж было так не даглядзець! Шаравалі падлогу, стол, прыбіралі ў кутках, а на сцены не паглядзелі нават. А цяпер во, расплата…
— Сталін, паночку, — запалым голасам урэшце выціснуў з сябе Пятрок, гатовы да ўсякай кары.
— Сталін карашо?
— Ну, ведаеце… Мы людзі простыя… Каму карашо, каму не надта… — паспрабаваў выкруціцца Пятрок, падумаўшы пры сабе: каб цябе маланка забіла, чаго ты да мяне вяжашся?
Позірку, аднак, ён не адрываў ад афіцэра, апасліва стараючыся зразумець, што будзе далей, якая спасцігне яго кара.
У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды чарнявы твар заставаўся ранейшы — спакойна-няўрымслівы, але рука пацягнулася на жывот, дзе злева ад спражкі грувасцілася тоўстая скураная кабура. Рука гэта з блішчастым вузкім пярсцёнкам на пальцы нетаропка расшпіліла язычок кабуры і ашчаперыла чорную рукаяць пісталета з тонкім даўгаватым ствалом.
«Ну, усё! — паныла падумаў Пятрок. — Як жа недарэчна, аднак… Каб хоць сказаць што Сцепанідзе…»
З ранейшаю неспяшлівасцю немец апусціў руку, другой дужа тузануў пісталет, у якім нешта касцяна шчоўкнула, і рука пачала паднімацца ўгору, паўз Петрака. «Зараз паверне!» — падумаў Пятрок і ўжо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, як ствол на секунду знерухомеў і ў хаце грымотна бабахнула.
Петрака аж хіснула ад страху, вакол засмярдзела порахам, і сіні смярдзючы дымок ціха паплыў да акна.
У сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка. Каб не спазніцца пасля, Пятрок загадзя і таропка перахрысціўся, гатовы да ўсяго найгоршага.
— Капут! — холадна зазначыў немец і, чамусь
дзьмухнуўшы ў ствол пісталета, запіхаў яго ў кабуру. Твар яго зноў не азначаў нічога, вочы холадна свяціліся пад шырокім казырком-капытом. Сам не свой ад страху, Пятрок стаяў ля акна, пакуль фельдфебель ззаду не дужа моцна, але настойліва не штурхануў яго ў плячо.
— Вэк!
Ён хістка пераступіў парог, ледзь паднімаючы ацяжэлыя ногі, сунуўся ў істопку. У яе пыльным прыцемку аслупянела стаяла Сцепаніда.
Пятрок знясілена прытуліўся да яе пляча.
7
Паснедаўшы з кацялкоў на падворку, немцы трохі патаўкліся каля свае кухні, пагергеталі, пакурылі і зноў пасядалі ў машыну. На гэты раз з імі паехаў фельдфебель — афіцэр зачыніўся ў хаце, і яго не было чуваць, мабыць, нешта рабіў або спаў. Пятрок, звесіўшы голаў, сядзеў ля жорнаў у істопцы і не курыў нават — мусі, пасля таго, што здарылася, не памагло б і курыва.
Сцепаніда спакваля аклемалася ад спалоху і ціхенька стаілася ў паўзмроку збоч ад акенца, чуйна ўслухоўваючыся ва ўсё, што рабілася на падворку. Але, пэўна, на падворку засталіся адны толькі кухары, іншыя з'ехалі ўсе на мост. Тады з нейкаю насцярогаю ў душы яна выйшла ў сенцы, яшчэ трохі прыслухалася — за дзвярыма ў хаце нібы ўсё вымерла, не чутна было ніводнага гуку. Мабыць, прыдаўся момант пакарміць парсючка, а то яшчэ зарохкае па-дурному і тады не ўберажэш — забяруць. Падумаўшы так, Сцепаніда нарэзала ў чыгунок трохі бульбы, трохі пасыпала абмешкі, дадала яшчэ ўчарашняй варанай, усё перамяшала. Цяпер трэба было неўпрыкмет аднесці чыгунок у застаронак.
— Пётра, глянь там, — шэптам сказала яна мужу, але той не скрануўся нават. — Чуеш?
— Ат!.. Не ўберажэш! Усё роўна…
— Як гэта — усё роўна?..
Яны ціха перагаворваліся так у істопцы, але нядаўні стрэл, мусіць, так скалануў нутро Петрака, што той быў нібы сам не свой. Нібы ў гарачцы ці якім здранцвенні. Іншы раз яна б насварылася на яго, але цяпер не было як сварыцца, ды і разумела: хапіла страху старому, і Сцепаніда хуценька глянула з сенцаў.
На падворку было пуста ўжо, толькі ля кухні,
угнуўшыся цераз край, замываў кацёл Карла, яго злы кухар стаяў ля скрынак спіной да хаты і нешта калупаўся ў іх. Відаць, можна было выйсці — ці мала што магло быць у яе чыгунку, якая ім да гэтага справа?
Яна так і зрабіла — ціхенька шмыганула за істопку і па дрывотні ў зарослы дзядоўнікам гародчык. Парсючок, малайчына, нават не азваўся на яе крокі, толькі заварушыўся ў саломе, як яна пачала расчыняць нізкія дзверцы. Каб не затрымлівацца дужа, яна паставіла цераз парог чыгунок і сахой падперла дзверцы застаронка.
Парсючок памалу варушыўся сабе за дашчанай сцяной ды троху пляцкаў, амаль не падаючы голасу, а яна стаяла ў дзядоўніку і думала. Усё ж, чула яе душа, не дужа надзейны тут схоў, асабліва калі столькі людзей на падворку — выйдзе каторы хоць бы па патрэбе за рог і ўчуе. Во, ды яшчэ і куры! Неяк яна не падумала пра іх, і тыя сноўдалі цяпер па-пад плотам, за сцяной хляўка, дзядоўніку — нешта шукалі сабе, дзяўблі. І яна не ведала, як лепей: ці заперці ўсіх разам іх у хляўку, ці адагнаць куды ад сядзібы. Як бы тыя не палавілі іх, мусіць жа, не сляпыя, убачаць.
Але курэй пакуль што яна ратаваць не стала — болей баялася за Бабоўку, якую гэты раз кінула ў кустоўі разам з Янкавым статкам. Яна спалохалася, каб Янка не пагнаў статак на Выселкі, бо ўжо вечарэла, неба так і не выбавілася з-пад хмар, якія спрэс прыдушылі яго, нізка налеглі на шэры прастор і амаль не рухаліся з месца. Добра яшчэ, што было не сцюдзёна, учарашні вецер аціх, але ў мокрай траве было дужа няўтульна нагам, калі Сцепаніда выйшла з гарода. Па трохі прабітай у бульбянішчы сцежцы яна падалася на ўзровак і там узяла ўбок, таксама слабенькаю ў траве сцяжынкаю пад мокрым, пацярэбленым слатой хмызняком. Амаль подбегам шыбуючы па краі поля да Баранняга Логу, яна думала, што, мабыць, настане і горшае, што адным толькі перасяленнем у істопку не абыдзецца. Калі яны пастаяць на сядзібе доўга, дык ці мала што можа здарыцца, а гаспадарку абяруць датла, гэта ўжо пэўна. Як тады жыць? Як засцерагчы ад іх кароўку,