на руку класаваму ворагу? — гняўліва крычаў ён, усё бліжэй падступаючы да Васіля. Той толькі міргаў прыгожымі, нібы ў дзяўчыны, вачмі.
— А калі я не разабраўся!
— Разбірайся! Справа калектывізацыі пад пагрозай зрыву. Камбед напалову заражаны правым ухілам. Сельсавет праяўляе апартунізм. Актыў — спрэс галавацяпы. А ён — не разабраўся. Тры хвіліны табе на роздум, і каб вызначыўся: хто? За калгасную палітыку ці супраць калгаснай палітыкі? Вызначы сваё палітычнае ліцо.
Сцепаніду аж трэсла, нібы ў ліхаманцы, целу стала нясцерпна горача, пот плыў па спіне, адчула: зараз штосьці рашыцца. Ад Васілёвага голасу будзе залежыць лёс Гужовых і, можа, лёс калгаса таксама.
Сапраўды, Васіль думаў не болей за тры хвіліны, штосьці прыкінуў, угнуўшы твар да падлогі, і ягоныя пальцы на каленях у сініх галіфэ ціхенька дрыжалі. Новік стаяў насупраць, чакаў.
— Ну?
— Так, ладна. Я — за, — рашыў Ганчарык і выпрастаўся.
Новік крута павярнуўся ад яго да Лявона.
— Усё! Прынята! Большасцю галасоў. Аформіць у пратакол. Гужоў Іван падляжыць раскулачванню.
13
Каб гэта было дадзена чалавеку — хоць трошачкі зазірнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамі часу, тое, што з усёй відавочнасцю адкрыецца ў наплыве наступных дзён. Дык дзе там! Нічога не можа чалавек уведаць з свайго будучага і, бывае, радуецца з таго, што неўзабаве зробіцца прычынай гора, а то плача над тым, што пасля выклікае хіба што ўсмешку.
Сцепаніда той вечар усё ж не прамінула лікбеза, і хоць не пахвалілася ладна напісанымі радкамі (не было ўжо часу бегчы на хутар па сшытак), затое добра прачытала зададзенае, толькі адзін раз збілася на слове, якое цяпер часцей за іншыя гучала ў чалавечых вуснах: калекцівізацыя. «Калектывізацыя, — паправіла Роза Якаўлеўна, іхняя настаўніца на лікбезе, і паўтарыла: — Калектывізацыя! Запомніце ўсе, як гэта вымаўляецца па-беларуску».
Ды ўжо ж, мабыць, запомніла яна і ўсе іншыя, хто быў той вечар у няпаленай школцы — болей дзецюкі і пераросткі,
што сабраліся на лікбез, і сярод іх толькі дзве жанчыны — Сцепаніда Багацька і Ганна Багацька, або, як яе звалі, — Анюта. Не, не радня — чужыя, проста ў Выселках паўвёскі былі Багацькі, а яшчэ паўвёскі — Недасекі, Гужовы, невялікая сям'я Ганчарыкаў. Пад поўнач, як скончыліся заняткі, яны ўдзвюх выйшлі са школы і нетаропка пайшлі ў канец Выселак.
Анюта ўвесь вечар была невясёлая і, чытаючы, рабіла памылкі, Сцепаніда нават падказала ёй двойчы: «Да працы ўсе, хто чуе сілу, пад сцяг чырвоны, вольны сцяг!» — а тая ўсё роўна не запомніла. Нешта з ёю рабілася незразумелае. Праўда, Сцепаніда не мела такога звычаю — лезці з роспытамі ў чужую душу, хапала свайго ўласнага клопату. Аднак Анюта сама не ўтрымалася.
— Ці ведаеш, цётачка, радасць жа ў мяне. Але ж во, нярадасна.
— Чаму ж нярадасна, калі радасць? — падзівілася Сцепаніда.
Яны ішлі вузкай, укатанай саньмі вуліцай, угары над стрэхамі пазірала ва ўсё сваё зіхоткае вока поўня, густа раіліся зоркі; ладны мароз браў за шчокі і пальцы — Сцепаніда схавала рукі ў рукавы кажушка, сашчапіла на жываце. Але было дужа слізка, ішлі дробненькім няпэўным крокам. Каб не ўпасці, Анюта ўзяла Сцепаніду за локаць.
— Дык гэта ж, дамовіліся з Васілём Ганчарыкам на жэнскі дзень ажаніцца. Учора быў, з бацькам раіўся ўвечары.
— Ну дык добра ж, — сказала Сцепаніда. — Вася ж хлопец харошы. Кажуць, міліцыянерам будзе рабіць?
— Будзе, ага. Ён такі разумны, такі ласкавы…
— Любіш яго?
— Ой, цётачка, не знаю, як і сказаць вам. Дужа ж люблю яго.
— Ну і добра. Чаго ж бедаваць? Радавацца нада.
— Дык я ж бы і радавалася. Але ж вянчацца не хоча.
— Ну, такой бяды, што не хоча! Цяпер жа робяць камсамольскія вяселлі, без папа. У сельсавеце запішуцца, павыступаюць, і ўсё.
— Дык я ж нічога… Ды — бацька! — уздыхнула Анюта. — Бацька не хоча так, без папа. Кажа, няшчасны шлюб будзе. А я ж не хачу, каб няшчасны. Я ж столькі шчасця жычу сабе і яму, каб ты толькі ведала, цётачка…
— Ай, не слухай ты, Анюта. Ад папа шчасця нямнога
. Даўней, бывала, усе ў царкве вянчаліся, але хіба ўсе шчасна жылі? О-ей! А цяпер, што там бацька! Як вы схочаце, так і будзе.
— Яно так. Але ж…
Анюта змоўкла, аддаўшыся сваёй журбе, і Сцепаніда падумала: як не ў пару! Яшчэ не выйшла замуж, а ўжо скруха-клопат, ужо сохне дзеўка. Канешне ж, Анюта не з тых нявест, якім абы павярнуць па-свойму, абы абкруціць жаніха. Ёй трэба яшчэ, каб і іншым ля яе было добра, каб бацька не сварыўся, давольны быў, каб усё абышлося ладненька і прыстойна. Ну але хіба Ганчарык пагодзіцца браць шлюб у папа ці, як даўней, гуляць вяселле са сватамі і сваццямі, шаферамі, сяброўкамі, пітвом і цалаваннем? Мабыць, яму, камсамольцу, тое нягожа.
— Цётачка, можа б, ты як прыйшла, папрасіла бацьку. Ён жа цябе паслухае, — раптам прыпынілася Анюта. У яе тоненькім голасе былі такая скруха і адначасна такая надзея, што Сцепаніда хуценька пагадзілася:
— Ну добра ж… Скажу калі.
На ваколіцы яны разышліся. Анюта павярнула па сцежцы, да свайго падворка, а Сцепаніда пайшла дарогай далей — з пагорка ўніз, цераз гасцінец, да свайго хутара. Яна думала, што, ці пагаворыць з Ладзімірам, ці не, усё роўна па-ягоным не будзе — будзе так, як пагодзяцца маладыя. Цяпер настае такі час. Гэта не тое што пры царызме, калі без бацькоў маладыя дзеўка ці хлопец не маглі нічога, а бацькі трымаліся даўніх звычаяў, законаў дзядоў, парушыць якіх ніхто не адважваўся. Цяпер жа рушылася ўсё, дазвання, на добрае ці не — хто ведае. Можа, і пашкадуюць пасля, але цяпер ужо ходу назад няма — толькі наперад і наперад, як пяецца ў той песні.
Наўкола ляжала прытуманеная бель поля, неба поўнілася мігатнёй зор, відаць было далёка — шырокі палявы прасцяг з гасцінцам, які цемнаватаю рысай пралёг упоперак яе шляху. У далечы таго прасцягу пад змрочнаю сцяной гаю на Галгофе мясцілася цёмная купка яе Яхімоўшчыны, хутара, які стаў яе лёсам. І хто б мог падумаць? Некалі маладой дзяўчынай яна пайшла туды наймацца на жніво да незнаёмага гаспадара, у незнаёмую сядзібу, а цяпер во бяжыць