Категории

Читалка - Знак бяды


пазнаў Каландзёнка — у шынялі, з вінтоўкай за плячмі.

— Каб вы паздыхалі ўсе! — роспачна вылаяўся Пятрок, ужо адчуваючы, якая патрэба прывяла гэтага паліцая ў Яхімоўшчыну.

Рудзька ўсё брахаў — спярша на каня, які апасліва паводзіў вушамі, але не саступаў з месца, а пасля напусціўся на Каландзёнка. І той раптам спыніўся, хапаючыся рукой за вінтоўку. Пятрок, як быў без кажушка, выскачыў у сенцы і закрычаў на сабачку:

— Рудзька, прэч! Прэч ты, шчанюк! Я табе дам! Не трэба яго страляць, ён не ўкусіць! — загаманіў ён да паліцая, які ўжо піхаў патрон у патроннік. Рудзька, мабыць, зразумеў нарэшце, што яму пагражае, і забег за вугал на дрывотню. Ён яшчэ пабрэхваў адтуль, але ўжо без вялікае злосці, і Каландзёнак закінуў вінтоўку на вузкае, абвіслае ў шынялі плячо.

— Па гарэлку прыехаў, — проста абвясціў паліцай, не мяняючы поснага выразу на белым панурым твары.

— Дык я ж аддаў! Недасека ж узяў дзве бутэлькі, — захваляваўся Пятрок. — Што ж у мяне, фабрыка?

— Гуж сказаў: яшчэ дзве бутэлькі. Інакш заўтра будзе рэпрэсія.

— Што будзе? — не зразумеў Пятрок.

— Рэпрэсія. Ну гэта — будзем цябе вешаць. Ці, можа, страляць? — усумніўся Каландзёнак. — Не, вешаць, здаецца. Ага, успомніў — вешаць. Рэпрэсія, значыць.

— Ото дзівосы! — развёў рукамі Пятрок. — Дык дзе ж я вазьму? Я ж аддаў. Недасека…

— Тады бяры шапку.

— Зачым?

— Пойдзеш у мястэчка. Гуж сказаў: не дасць гарэлкі — самога за каршэнь і сюды. На рэспрэсію.

— Гэтак?..

Ну што яшчэ можна было зрабіць перад гэтымі злыднямі? Пятрок памаўчаў, падумаў і амаль з відавочнай выразнасцю зразумеў, што і гарэлка — не выйсце. Не, не ўратуе яго самагон — як бы не пагубіў хутчэй, чым што іншае.

Ён моўчкі ступіў на воглую зямлю падворка, не тоячыся, прайшоў на дрывотню і выцягнуў з-за альховага штабялька трэцюю сваю бутэльку.

— Ну во! А казаў — няма! Пакуль вам рулю ў пашчэнкі не сунеш, не зразумееце! — тонка завішчэў Каландзёнак і выхапіў з ягоных рук мурзатую бутэльку. — А яшчэ?

— Няма! Яй-богу,

болей няма. Во хоць абшукайце. Выгнаў, знаеце, мала, запарка няўдалая.

— Ладна, — падумаўшы, згадзіўся Каландзёнак. — Аддам, а там хай сам рашае.

Ён адвязаў каня і скочыў на яго ўпоперак хрыбта жыватом, перакінуў па другі бок даўгую ў боце нагу. Конік пабег да гасцінца, а з гарода на падворак выйшла Сцепаніда, несучы кош з бульбай.

— Зноў па гарэлку?

— Зноў, — сумна пацвердзіў Пятрок.

— А я што казала? Цяпер пачнуць ездзіць…

— А ўжо скулля! Болей няма.

— Табе ж горш будзе, калі няма.

— А ўжо горш не будзе, — запальчыва сказаў Пятрок, не адчуваючы, аднак, упэўненасці ў сваіх словах. Праўда, канчаткова ён не хацеў верыць у кепскае, усё думаў: а можа, яшчэ як-небудзь абыдзецца…

20

Надвячоркам, як пачало ўжо змяркацца, пакрактаўшы трохі і пасварыўшыся з жонкай, Пятрок мусіў награбці ў начовачкі высушанага на печы жыта і пайшоў у істопку. Трэба было малоць: на хлеб ці на гарэлку, бо ўжо стала відаць, што без таго і без другога на гэтым свеце пражыць немагчыма.

Жорны былі старасвецкія, з тонкімі, пабітымі і сцягнутымі абручом камянямі, даўно не насяканымі, малолі не дужа спраўна, адной радасці, што круціць іх было не надта каб цяжка. І Пятрок памалу круціў за млён, нячаста падсыпаючы цеплаватага жыта з начовак, і неадчэпна думаў пра рознае, болей благое, што цяпер, бы мошка ў спёку, лезла ў яго галаву.

Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы — усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор — чума ці халера, тут на каго наракаць? Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр'ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? Ці яны раптам ператварыліся ў звяр'ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг. Па натуры

сваёй Пятрок быў чалавек ціхі і мяккі — гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны. Такія ж былі і продкі. Дзед, бывала, ніколі не дазваляў сабе сказаць грубае слова не толькі на каго з сямейнікаў, але і на сяльчан, местачкоўцаў, аблаяць якую жывёліну, як гэта павялося зараз, калі нават падлеткі і тыя ўсё з мацюгом да каня ці каровы. Крый Бог, каб ён калі зрабіў каму шкоду ці ўзяў не сваё з двара або з поля. А цяпер?.. Добра, што ён не дажыў да такога страхоцця, не пабачыў, што робіцца ў свеце, на гэтай вайне…

Спярша, як толькі прыйшлі немцы, Пятрок наведваўся ў мястэчка, каб што-небудзь прыдбаць, зірнуць на новы парадак, а больш, каб пачуць, што робіцца ў свеце, і дазнацца, як яно будзе далей. Памятае, неяк каля пажарнай сабралася ў засені пад клёнам трохі мужчын — сядзелі, курылі. Гаворка была невясёлая — усё пра тое ж. Дзён колькі назад у раён прыехаў нейкі нямецкі чын у рудым фрэнчы з чырвонаю перавяззю на рукаве, казалі: прызначыў новае кіраўніцтва з мясцовых. Мужыкам увогуле гэта спадабалася, што кіраўніцтва будзе не з немцаў, не якое прысланае, а менавіта з сваіх, мясцовых. Трохі счакаўшы, новае начальства ўсталявалася ў мураванай будыніне колішняга выканкама, і там ужо бачылі нямецкага перакладчыка, былога настаўніка, ціхманага халасцяка Свянткоўскага, што шэсць гадоў кватараваў ля моста ў жыдоўкі Рывы. Галоўным паліцаем адразу стаў Гуж, які перад тым толькі паявіўся ў мястэчку. Неўзабаве надзеў на рукаў павязку і Антось Недасека, што надта здзівіла местачкоўцаў, бо ніхто з іх не мог сказаць нічога благога пра гэтага чалавека. Трэцім паліцаем многія абураліся адкрыта, бо даўно яго не любілі ў Выселках, але Патап Каландзёнак, мусіць, ужо прывык да таго і не дужа звяртаў увагу. Цяпер ён зважаў толькі на немцаў і на свайго непасрэднага начальніка — старшага паліцэйскага Гужа. А Гуж? Узяўся за старое ці новае, яго не зразумееш, дзесяць гадоў яго не было тут — праходзіў навуку ў далёкім Данбасе, на каго там вывучыўся, можна толькі


Содержание книги