Категории

Читалка - Знак бяды


тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп — не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.

Яна дужа баялася, можа, так, як не баялася ніколі ў жыцці, асабліва калі выйшла з дрывотні і на дрыготкіх нагах, аж хістаючыся, дабегла да тыну. Ёй не трэба было аглядацца ў цемры, яна пэўна ведала, дзе было тое месца, і цяпер адразу намацала рукой вінтоўку, ухапіла яе за тонкую рулю. Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала, як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы, — на дыбачках яна падскочылі да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. Перад тым як назусім выпусціць яе з рукі, кінула позірк на хату і пакатую гарбіну палаткі, але тая сонна спакайнела ўначы, ніхто з яе не паказваўся, і яна разняла

пальцы.

Сцепаніда ўжо адскочыла ад калодзежа, калі ў ягонай глыбі глуха і нутрана боўтнула, здалося, жахліва-грымотна боўтнула, але яна хуценька падбегла да істопкі і пад яе сцяной прашмыгнула ў сенцы. Тут ажно спалохалася, намацаўшы зачыненыя дзверы ў істопку, але ўспомніла, што яны часам зачыняліся самі, і цяпер дрыготкімі рукамі расчыніла іх за драўляную ручку.

Перш чым зачыніцца з істопкі, хвіліну памарудзіла, — не, усё скрозь было ціха, здаецца, удалося. «Што цяпер будзе заўтра?» — нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна і, можа, толькі цяпер спалохалася як мае быць. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі і, пэўна, тым абудзіла Петрака.

— Што, сцюдзёна? На во мой кажух, накрыйся… — прабурчэў ён спрасоння і зноў сіпата, мерна задыхаў.

Сцепаніда ж не заснула да ранку.

10

Немцы падняліся раненька, яшчэ давідна, Пятрок пачуў іхнія крокі ля істопкі, кашаль, прыціхлыя хрыплаватыя галасы на падворку. Бразгнула вядро ў калодзежы — пачалі цягаць ваду, мусіць, для кухні. Пэўна, учарашняе свята скончылася, сёння, мяркуючы па ўсім, яны меліся брацца за справу.

Пятрок ляжаў на ледзьве прыкрытых транцём мулкіх накрыўках дзежак, напяўшы на галаву кажушок, слухаў знадворныя гукі і думаў: якія яны ўсё ж не такія, як нашы людзі, гэтыя немцы, — усё ў іх па-свойму, інакш. Нават учора ўвечары, як наладзілі сабе частаванне, свяцілі электрычнасцю, елі з талерак і пілі з маленькіх белых чарачак шнапс, развесяліліся, гаманілі, але амаль так, як звычайна, п'яных не было ніводнага. Афіцэр і гэты фельдфебель частаваліся ў хаце асобна, куды ім насілі мяса ў талерках, накрытых хустачкамі, і таксама елі-выпівалі сцішана, без гаманы, а галоўнае, не даўжэй, чым пры звычайнай вячэры. Мусіць, мінула гадзіна, не болей, і на прыступкі выйшаў фельдфебель, нешта скамандаваў, і на падворку адразу як вымела — усе зашыліся спаць у палатку. «Дысцыплінка, аднак, вашай матары, — падумаў Пятрок з ціхаю зайздрасцю. — Слова начальніка — у іх як

закон, усе ядуць, робяць і моляцца па камандзе. Не дзіва, што перамагаюць».

Але вось з'елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, — не цяпер, дык пасля, ад'язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш і дзе? Карова не курыца, у крапіве не стоіцца. Ды і хто ведаў, што яны гэтак нечакана награбуцца на хутар.

У істопку данёсся знадворку прыемны, саладкаваты, быццам нават знаёмы пах, і Пятрок не адразу ўцяміў, што гэта запахла кавай. Ну пэўна ж, ён чуў яшчэ з той вайны, што германцы зранку найперш п'юць каву, а не які-небудзь квас або чай, як, напрыклад, расейцы. Пятрок ніколі не спытваў гэтага пітва і думаў, што, мабыць, яно дужа смачнае. Але што марыць пра каву, тут во солі засталося жменькі са тры, як без солі будзеш есці гэтую бульбу! Не палезе ў горла. Бяда, дый годзе!

Знадворку патроху віднела, але сонца не было відаць, чутно толькі — у страсе шастаў напорысты вецер, здаецца, на ўчарашнім дні і скончылася добрае надвор'е. З ночы ў старой, з гнілаватымі сценамі істопцы было халаднавата. Пятрок і так і гэтак туліўся пад кажушком, але ўсё роўна азяб і думаў, што трэба ўставаць. Адным вокам скоса ён зірнуў на сеннічок пад акенцам — Сцепаніда, бы нежывая, ляжала скурчаная пад ватоўкаю, і ён падумаў: перажывае Бабоўку. Ведама ж, якое бабе жыццё без каровы? Без каровы жанчыне нельга.

Толькі ён надумаўся ўставаць, як дзверы ў істопку моцна тузануліся з сянец і на парозе з'явіўся немец — той самы злы кухар у перакручанай упоперак галавы пілотцы, за ім ішоў малады ў акулярах. Пятрок хуценька сеў на дзежках, мацаючы рукавы кажушка, а кухар, нічога не кажучы, бліснуў ручным ліхтарыкам і замітусіў ім па істопцы, высвечваючы па чарзе пыльныя камяні жорнаў,


Содержание книги