|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.
Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць. Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці… Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта… Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя — пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш — знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён. Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі. Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла. Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не павітаўшыся, калі б не той позірк Карнілы. Яго знешне спакойны барадаты твар, аднак, выражаў цяпер адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Але тут жа спыніўся і Гуж.
— Куды ідзеш, акцявістка? — У дзярэўню, не бачыш? — сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку: — Там што? — Курыца. — Ану! — Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку. — Так. Патап, на! Прыйдзем — адкруціш галаву. Спатрэбіцца. Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам. — Усё сноўдаеш? — Сноўдаю. А што, нельга? — запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю. — Ну-ну, пасноўдай! — неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе — паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля. — Шагам арш! Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць? Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што . Што ёй трэба самой ратавацца. Толькі дзе і як?
Амаль дайшоўшы да першых высялкоўскіх хат, яна нясмела азірнулася: паліцаі з Карнілам ужо набліжаліся да хвойнічку на гасцінцы, тады яна спынілася, памарудзіла трохі і хутка пабегла тою ж дарожкай назад да хутара. Цяпер ёй трэба было дамоў, да сваіх сцен, быццам там быў нейкі ратунак, нейкае заспакаенне. Паліцаі з Карнілам ужо схаваліся за павароткай у хвойнічку, яна перабегла гасцінец, задыханая, хуткім крокам і подбегам дасягла падворка і, мінаючы хату з істопкай, праз дрывотню і захлеўе выйшла на ўзровак. Аднекуль да яе выскачыў Рудзька, радасна заскуголіў, галодны, але цяпер ёй было не да Рудзькі: трэба было некуды перахаваць бомбу. Яшчэ на гародзе яна занепакоілася, як убачыла, што след ад колаў дужа прарэзаў барозны і лехі і выразнай крывулінай вёў да расцяробу на ўзроўку. Але яна ледзь не змярцвела ад спалоху, як зазірнула ў яму — з-пад нагрувашчанай кучы хворасту збоку вытыркаўся жоўты жалезны хвост бомбы. Гэта ж трэба было так бязглузда схаваць яе — першаму, хто тут апынецца, стане відаць, што пад галлём. Але ведама ж — рабілі ўсё ўпоцемку, спяшаючыся, ноччу, хіба здатна што зробіш? Ноч болей для таго, каб красці, а хаваць, пэўна, трэба ўдзень. Сцепаніда хуценька пабегла да хаты, на дрывотні ўзяла старую рыдлёўку, мусіць, найлепш цяпер будзе закапаць бомбу ў зямлю. Толькі дзе? На гародзе? У захлеўі? На ўзроўку? Але, напэўна, на ўзроўку ў кустоўі, там мяккая, без травы, зямля, і можна будзе закідаць усё смеццем, апалым лістоўем. Наўрад ці там будуць шукаць. Хай там і ляжыць. Там ужо сапраўды, апроч яе, ніхто болей не ведае. Там будзе схоўна. Непадалёк ад ранейшай яміны ў алешнічку яна пачала капаць новы схоў-ямку крокі са тры ўдоўжкі і вузенькі, бы дзіцячая магілка. Спярша капалася хутка, перагной лёгка паддаваўся рыдлёўцы, яна зняла першы штых і спынілася. Далей замінала карэнне, якое жорсткімі бізунамі ва ўсіх кірунках пранізала глебу. Яна секла яго тупою рыдлёўкай, выдзірала рукамі, некаторыя карані |