Категории

Читалка - Знак бяды


ў белым і моўчкі на ўсе вочы глядзелі на яго, бы толькі яго і чакалі. Пятрок, нібы заяц у зімовым полі, апісаў на асфальце крутую пятлю і ледзь не подбегам вярнуўся на вуліцу. Пакуль мінаў Дом урада, стараўся надаць сабе выгляд чалавека, у якога процьма немалаважных спраў і якога тут зусім не цікавіць нічога.

Мала што заўважаючы навакол, ён адышоўся далёка за чырвоны касцёл і ўжо не спыняўся. Спыніцца — значыла для яго павярнуць назад, зноў да Дома ўрада, а вяртацца ў яго ўжо не ставала сілы. Зноў жа ягоная патрэба вымагала пэўнага месца, якога ён нават не ведаў, дзе тут шукаць. Ён толькі дазволіў сабе дастаць капшук і згарнуць цыгарку. Закурка трохі супакоіла яго, і Пятрок не першы ўжо раз, але дужа выразна падумаў: нашто ён паехаў сюды? Зажыве нага, хай бы Сцепаніда і ехала. Яна бойкая, яна не сумелася б перад міліцыянерам. Яна ж брала чырвонец, які немаведама як аддаць, яна назбірала тых подпісаў, з якімі немаведама што зрабіць.

Даўшы сабе невялікую палёгку, ён пакурыў трохі, аддыхаўся ад нядаўняй страхавітай няёмкасці і так памалу ішоў люднай вуліцай, цікуючы па яе баках. Абапал грувасціліся то нізкія, то высокія будынкі з беззліччу вокнаў, балконаў, шыльдаў, у абодва канцы грукацелі набітыя людзьмі трамваі. Неяк угары над адным з іх густа пасыпаліся іскры, і Пятрок аж спалохаўся: загарыцца! Але не загарэўся, і ніхто на вуліцы быццам і не заўважыў таго, усе беглі сабе, занятыя ўласным клопатам. Тым часам ранак, мусіць, перайшоў на дзень, над дахамі закапцелых камяніц ускацілася спякотнае сонца, засень на тратуары зусім звузеўся, і так прыпякло, што хоць плач. Пятрок, колькі было змогі, трываў, хоць яму было ўжо не душна, а горача ў суконнай адзежыне, але ён не знімаў пінжака — усё ж баяўся за паперу і грошы. Ён кульгава ішоў люднай вуліцай трохі ўніз паўз трамвайныя рэйкі, што ўвесь час беглі поруч і дужа блішчэлі пад сонцам, пратупаў далёка, упарта думаючы: недзе ж павінна быць якая разрыўка, кусцікі, раўчук ці пустка, якія б яму спатрэбіліся. Але вуліца ніяк

не канчалася, абапал бясконцымі радамі цягнуліся дамы — вялікія, меншыя, часам аднапавярховыя, як у мястэчку, затое паміж вялікіх цагляных гмахаў. І скрозь — вокны і дзверы, вокны і дзверы. У некаторыя можна было зайсці з тратуара, там штось прадавалася, але Пятрок толькі кідаў туды заклапочаны позірк і не заходзіў. Нага балела ўсё болей, ступню ён стаўляў цяпер бокам і лаяў сябе, што не памазаў боты, ад дзёгцю яны б сталі мякчэйшыя і, можа б, меней мулялі. Але спяшаўся ў Лепля, каб паспець на цягнік, а цяпер пакутуй. Не на жарт ён пачаў хвалявацца, бо ішоў час, а таго, што шукаў, нідзе не было відаць. Аднаго разу заглянуў у смярдзючы пад'езд з абадранымі аб вазы сценамі, але ў двары былі дзеці і жанчыны, адна вешала на вяроўцы бялізну і дужа цікаўна паглядзела на яго. Ад няёмкасці ён моўчкі павярнуў назад і хуценька выйшаў на вуліцу. Добра, што нічога не запыталася, што б ён адказаў ёй?

Наперадзе па той бок вуліцы зазелянелі высокія дрэвы, мусіць, нейкага сквера, ён трохі прыспешыў крок, але неўзабаве зноў пайшоў цішэй — там таксама было поўна людзей, што сядзелі на лаўках, чыталі, побач гулялі малыя, іншыя проста шпацыравалі па цяністых дарожках. Насустрач па вуліцы ішла маладая жанчынка, трымаючы ў адной руцэ павадок з лахматым сабачкам, а ў другой — распушчаны над галавой парасон, і Пятрок падзівіўся: было ж так сонечна, ніводнай хмаркі на небе. Ён пастаяў трохі, паазіраўся і зноў пакутна пакульгікаў туды, дзе вуліца пераломвалася на пагорку і збоч сквера за ладна расфарбаваным дамком з прыгожымі вокнамі зноў высіўся шэры гмах, вельмі падобны на Дом урада. Па гэты ж бок вуліцы цягнуўся высокі дашчаны плот, за якім быў відаць немалы двор з вялізнымі каштанамі над пакатым дахам. Вароты ў двор былі шырока расчынены, хоць там нікога не было відаць, толькі чуваць — лілася-цякла вада. Пятрок нясмела зазірнуў з-за пахілага шула — збоч ад каштанаў, у густым цяні дрэў тырчэла металічная тумба-калонка, ля якой поркалася цыбатая дзяўчынка ў стракатым сарафаніку. Далей віднеўся

нейкі хлявок, цямнеліся зараснікі бэзу, дзядоўнік у доле, падобна, там магло быць тое, што яму цяпер было трэба.

Як ён увайшоў, дзяўчынка адразу ўскочыла ад меднага таза з мыльнай вадой, у руках у яе былі зграбныя маленькія апранашкі, мабыць, ад лялек, жвавыя вочкі дзіцяці ўсмешыста ўставіліся ў яго.

Пятрок падышоў бліжэй і сказаў першае, што набрыло ў галаву:

— Ці можна напіцца каб?

— Можна, — ахвотна адказала дзяўчынка ў стракатым сарафаніку, з якога выглядвалі худзенькія загарэлыя плечы.

Пятрок думаў, што яна пабяжыць у хату па конаўку ці які кубак, а яна тут жа хуценька нешта ўзяла з бруку, цісканула рычаг тумбы-калонкі — долу празрыстым струменем палілася вада.

Ён ашчадна ўзяў з яе мокрых пальчыкаў белы сцюдзёны кубак, піць зусім не хацелася, але во прыйшлося, і, аддаючы кубак, ён ліхаманкава матлянуў позіркам па зарасніках ля хляўка. Здаецца, не памыліўся: сапраўды наводдаль была прыбіральня.

Дзяўчынка запыталася пра нешта, але ў яго ўжо не ставала трывання. Стараючыся спакайней, але ўсё ж, мабыць, подбегам ён шыбануў па сцежцы, зарослай абапал дзядоўнікам.

Калі ён вяртаўся, дзяўчынкі ў двары не было, ля калонкі стаяў яе медны таз, ад якога дробна брукаванай канаўкай цякла па схіле вада. Пятрок трохі парадаваўся — усё ж было нялоўка перад гэтай гарадской малечай, і ён адчуў сябе амаль шчаслівым, калі апынуўся ўрэшце на знаёмай вуліцы. Але тут яго зноў апанаваў клопат: што рабіць далей? Усё ж надта вымагала справа, дзеля якой прыехаў, няўжо ж ён такі недалэга, што паедзе дамоў ні з чым? Што ён скажа тады Сцепанідзе? Што скажа Сцепаніда яму, ён добра ведаў.

З узноўленай горкай рашучасцю ён патупаў па той жа спякотнай старане вуліцы ў процілеглым напрамку. Ужо цвёрда наважыўся: няхай хоць што будзе, а ён падыдзе да міліцыянера і запытае. Ужо не арыштуюць яго за тое, можа, і не аблаюць нават, хоць аблаяць было б за што. Але ён ветліва папытаецца, як пабачыць таварыша Чарвякова, калі не зараз, дык, можа, пасля, ён пачакае. А калі зусім нельга


Содержание книги