Категории

Читалка - Знак бяды


з'явіўся Гуж. Скуранка ягоная была расшпілена на грудзях, твар распарана-счырванелы, пэўна, ад самагону, не іначай.

— Генуг, гультаі! — адразу аб'явіў Гуж. — На сёння генуг! А заўтра будзе загад. Ці сюды, ці на бульбу. Па дамох разайдзісь!

Ад тае каманды ў Петрака адразу падагнуліся ногі, і ён сеў, дзе стаяў, — на нейкую жвіровую купіну, зусім знясілены без ежы за цэлы дзень. Дубасей пагробся вылезці з ямы і ледзьве выбраўся пад сасонкі, дзе ляжала яго прастрэленая шапка. За ім спакваля вылез з ямы Пятрок.

Ужо было цемнавата, разгарачанае цела хутка астывала, Пятрок здрыгануўся і, як мог найхутчэй, падаўся гасцінцам на хутар. Ён думаў, што калі так пойдзе і далей, дык на жыццё разлічваць залішне, прыйдзецца сканаць, і, можа, чым хутчэй, тым лепей. Але ж, халера на яго, страшна вельмі канаць, хацелася яшчэ пажыць. Хоць бы затым, каб пабачыць, як урэшце дадуць ім харошага штурхеля ў зад, як завыюць яны ад расейскага бота. Мабыць, усё ж завыюць. Не можа так быць, каб не завылі, — не павінна так быць. Шкада вось, што можна не дачакацца, і гэта было б дужа несправядліва і крыўдна.

У поцемках ужо ён прыплёўся на цёмную сваю сядзібу, увапхнуўся ў сенцы і схамянуўся ад таго, што забыўся куды ісці: у хату ці ў істопку. Але во дзверы з хаты самі расчыніліся, ён пазнаў у прыцемку жонку і пераступіў парог. Тут ужо ўсё было прыбрана і стала, як і раней, да немцаў, відаць было, палілася ў грубцы, ярка свіціліся шчыліны каля дзверцаў, і было цёпла. Пятрок, як быў у кажушку, апусціўся на лаву насупраць грубкі.

Сцепаніда нешта сказала наконт ежы, але ён ужо не думаў пра ежу. Ягонае цела прагнула толькі аднаго: заваліцца і заснуць тут, у цяпле свае хаты, якая гэтак нечакана сёння вярнулася да яго. Але ён ужо ведаў, што трэба паклапаціцца аб іншым — трэба падумаць аб заўтрашнім дні, калі хочаш яшчэ пажыць і дачакацца лепшага.

— Ты прынясі мне скрыпку, — сказаў ён жонцы.

— Скрыпку? Навошта? Ці ты граць будзеш?

— Адыграўся ўжо.

Ён не сказаў болей нічога, і яна

пайшла з лучынкай у істопку і неўзабаве прынесла ягоную скрыпку і смычок пры ёй. Зноў нічога не сказаўшы, Пятрок выйшаў на двор, па сцежцы перайшоў гарод, пералез цераз плот да рова.

Гэтаю сцяжынкай трэба было абмінуць поле, перайсці цераз узровак — за лугавінай Баранняга Логу пад лесам было Заграззе, дзе ў хаце пад вязам з буслянкай жыў Цімка Рукаты, на ўсе рукі ўмелы чалавек, які мог зрабіць усё, што ты хочаш.

18

Лёс ці выпадак далі перадышку, быццам бы адсунулі ўбок самае страшнае, і Сцепаніда трошкі душэўна выпрасталася. А то былі хвіліны, калі яна развітвалася з жыццём і толькі шкадавала, што была занадта баязлівая, наважылася на дужа нямногае і так мала зрабіла. А і тое, што зрабіла, было не заўсёды ў лад, атрымлівалася цераз пень-калоду, па-дурному. Па-дурному яна асталася без Бабоўкі, праз свой недагляд пагубляла курэй. Ды і Янка таксама, мусіць, прапаў праз яе, — каб была разумнейшая, дык бы неяк давяла хлопцу, што і блізка нельга патыкацца да хутара. Але каб жа тое веданне, што прыходзіць заўжды надта позна, калі яно ўжо без патрэбы.

Як бы там ні было, жыццё покуль доўжылася, трэба было нешта есці і, можа, паклапаціцца пра заўтра, а не толькі пра тое, што было на падворку. Насоўваліся халады, каторы дзень спрэс хмарылася восеньскае неба, дажджыла, а бульба ўсё ляжала ў кучы на канцы гарода. Петраку ўсё не выпадала ўзяцца за яе, і Сцепаніда, разважыўшы, дастала рыдлёўку. Не дужа складаная гэта справа, хоць і лічылася чыста мужчынскай, — забуртаваць якія два вазы бульбы. Сцепаніда падраўняла кучу, падгрэбла, шчыльней абклала саломай і пачала абкопваць зямлёй.

На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу,

як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.

Абкапваць было не дужа каб цяжка, хоць, ведама, Пятрок зрабіў бы гэта спрытней. Але Пятрок зранку займаўся справай, дзе яна ўжо была старонняй. Устаўшы яшчэ да світання, ён бразгаў у істопцы самагонным начыннем, пасля некуды знік, паявіўся зноў, узяў вёдры, каромысла, пачаў насіць кудысь брагу. Яна думала, што ён уладкуецца ў істопцы ці хоць бы ў асеці, а ён сышоў некуды далей — у роў ці яшчэ куды, не сказаў нават ёй. Толькі калі ўсё там было настроена, прыйшоў прасіць якія дзве запалкі. Голас яго стаў зусім сіплы, а сам з выгляду зусім стомлены, змардаваны, які ён, здаецца, не быў ніколі. Яна дала яму дзве запалкі і сказала, каб не сядзеў доўга — на дварэ сцюдзёна, мокра, нядоўга застудзіць грудзі, што тады будзе карысці з яго самагонкі.

— А, чорт яго бяры! — махнуў рукой Пятрок. — Усё адно ўжо…

Сцепаніда абкапала адзін бок капца, паляпала рыдлёўкай па зямлі, раўняючы таўставаты яе пласт на саломе. Увесь гэты час, што б яна ні рабіла — ці поркалася дома, ці парадкавала парсючка, — не магла пазбыцца думкі пра Янку. Так яна шкадавала цяпер, што ў той дзень згледзела яго на ўзроўку — хай бы ён дзе пасвіў у парасніках, навошта ён трапіўся ёй так блізка? Але, мусіць, нейкая злая сіла вабіла яго да гэтага хутара, да той небяспекі, якая абярнулася для яго пагібеллю. Сцепаніда не магла пазбыцца горкага адчування свайго дачынення да яго смерці, хоць і разумела: тое, што яна зрабіла з іхняй вінтоўкай, не тычылася болей нікога, нават Петрака, і яна не бачыла тут жаднай сувязі з Янкам. Канешне ж, яна разумела, што прывяло хлопца ў роў, мабыць жа, ён ішоў да яе парсючка, але навошта ён палез так блізка да хутара? Няўжо не адчуваў, чым гэта можа для яго скончыцца? І вось скончылася.

Капец яшчэ не быў уладкаваны, як яна пачула


Содержание книги