|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
у хаце, у якой віўся пластамі дым і дужа патыхала гарэлым. Пятрок вельмі баяўся, каб не падпалілі што ў істопцы ці дзе на падворку, бо якой жа ашчаднасці можна чакаць ад п'яных. З усіх чатырох адзін толькі паліцай з павязкай здаўся яму трохі менш п'яным ці менш звераватым, чым той насаты з наганам, і Пятрок сказаў да яго:
— Ды не шукайце, яй-богу, няма. Што ж мне, шкада, яй-богу… — Бандзітам прыберагаеш! — раўнуў насаты. — А нам фігу? За нашыя старанні для народа! — Ды што ты яму чытаеш мараль? — па-ранейшаму дужа сардэчна сказаў паліцай. — Час марнуеш. Пастаў да сценкі яго. Жыць захоча — знойдзе. І ён хораша засмяяўся, паказаўшы шырокі рад прыгожых зубоў. «Во табе дабрэйшы і цверазейшы!» — расчаравана падумаў Пятрок. А ён яшчэ хацеў у яго папрасіцца, каб не знушчаліся, паверылі, што нічога няма. Неяк разам Пятрок перастаў ужо баяцца за сваю сядзібу, апасацца, што тыя дзе-небудзь падпаляць. Ужо ён хацеў аднаго: каб хоць як выкараскацца з гэтага ліха, і думаў, што, мабыць, не ўдасца, не выкараскаешся. З цёмных сянец, папаліўшы свае лучынкі, улезлі тыя двое ў чорных шапках з вінтоўкамі. — Што, няма? — Ды няма нічарта, цёмна, як быццам нічога такога. Меле, там мука ў жорнах… — Ах, мелет! — вызверыўся насаты. — Для каго-та на самагоначку мелет! А для нас нет! Ану к сценке! Жыва! У Петрака пацямнела ўваччу, здаецца, ён нібыта пахіснуўся ад слабасці ці страху, адчуўшы, што зараз усё, мабыць, і скончыцца. Нехта дужа піхнуў яго ў плечы, пасля ў бок, ён няўцямна ступіў і апынуўся ў прасценку паміж двума вокнамі на падворак. Насаты насупраць прыладзіўся ямчэй — расставіў на падлозе ногі і нетаропка падняў на яго руку з смярдзючым наганам. — Што вы робіце, ірады? За што вы яго? — залямантавала ад печы Сцепаніда, і насаты апусціў руку. — А, жалка стала? Так нясі пару фляжак! Ну, быстра!! Але Сцепаніда залямантавала яшчэ гучней: — Скуль я вазьму вам, няма ў нас ніякай гарэлкі, каб вы сваіх жонак не бачылі, як мы тую гарэлку… — Заткнісь ! — раўнуў насаты, і паліцаі ўчэпіста схапілі Сцепаніду за рукі, размашыста штурхнулі ў сені. Там яна сцішана войкнула і раптам сціхла. «Ці не забілі?!» — здрыгануўся ад страху Пятрок, які таксама ўжо развітаўся з жыццём.
— Так, счытаем да трох! — аб'явіў насаты, зноў скіроўваючы на яго рулю нагана. — Даёш, нет? Раз… Імей в віду, я б'ю точна, без промаху. Два… Ну, даёш? Нет? «Няўжо ты застрэліш, сабака? — думаў Пятрок, млосна пазіраючы на хісткую рулю нагана, якая сноўдала ў паветры праз тры крокі ад яго. — Няўжо хопіць лютасці на забойства? Ці, можа, палохаеш? Але каб хутчэй што-небудзь. Страляць, дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь», — разгублена думаў Пятрок, і дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках. — Тры! — раўнуў урэшце насаты, і ў тое ж імгненне калючае чырвонае полымя ўдарыла Петраку ў твар, вушы забіла тугім коркам ад стрэлу, і праз момант ён не адразу зразумеў нават, што быццам жывы і стаіць, як стаяў — плячмі да прасценка. Толькі праз паўхвіліны скрозь густы звон увушшу да яго, бы здалёку, данесліся галасы паліцаяў, тыя спрачаліся. — Ды што з ім цацкацца, патроны псаваць! Бі ў лоб, і пайшлі! — Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш? Пятрок ужо не адказваў — ён амаль што аглух і аслупянеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў. Яны нешта там выранджаліся — адзін свяціў лучынкамі, палячы іх пучкамі, дым густа валіў у хату і праз расчыненыя дзверы струменямі сплываў у сені; цені ад людзей крукастымі пачварамі хадзілі па сценах і столі: то пыхала, то аціхала полымя лучынак, слепячы яго слязлівыя вочы і высвечваючы насупраць каржакаватую постаць ягонага ката з наганам. — Гдзе водка? Гавары! Ах, малчыш?.. Новы стрэл грукнуў, здаецца, мацней за першы, дужа трэснула штосьці ў вуху, і Пятрок, не ўтрымаўшыся, паваліўся бокам на канец услона. Ён дужа ўдарыўся клубам, рукамі трапіў у штось гразкае на падлозе, дужа балела ў вуху, але паліцай не даў яму доўга грэбацца па падлозе, выцянуў ботам у грудзі і за каршэнь, бы шчанюка, зноў падняў да сцяны. Каб не ўпасці, Пятрок у поўнай знямозе прыціснуўся плячмі да шархоткіх газет якраз у тым месцы, дзе ўжо чарнеліся радком тры дзіркі ад куль.
«Божа, за што?» — Ах ты, хутарская сволач! Кулацкая вша! Зажымаеш? Ну, палучай!.. «Толькі б адразу. Не мучыцца каб… Адразу…» — сноўдала ў яго галаве міжвольная думка-жаданне, Пятрок глытнуў салёныя слінкі і зноў адчуў вялікую абыякавасць да сябе і да жыцця наогул. Не паспеў ён, аднак, сабрацца і ўнутрана расслабіцца перад апошнім уздыхам, як зноў грымнула, агняна-смярдзюча пыхнула раз, другі, трэці — асляпіла, забіла глухатой вушы, калені яго падагнуліся, і ён, абдзіраючы плячмі газеты, паволі споўз па сцяне на падлогу. Здаецца, на нейкі нядоўгі час ён страціў прытомнасць, так было млосна ў грудзях і неяк было дыхнуць, вочы яго амаль нічога не бачылі ў дымным смярдзючым змроку, і толькі нейкім куточкам свядомасці ён адзначыў яшчэ, што жывы. Чамусьці жывы… Аднекуль, быццам здалёк, да ягонага слыху прыбіліся галасы ягоных забойцаў: — Што доўга з ім пэцкацца! Канчай, і патопалі. — Сам пусць даходзіт! — Дай я… — Пагадзі! Яшчэ прыгадзіцца, — адпіхнуў паліцая насаты і, ступіўшы да Петрака, трохі схіліўся над ім. — Ты понял, слізняк? Нам водка нужна. Водка, панімаеш? Не сягодня, так завтра. Штоб был харошы запас. Понял? Іначы прыдзём — распрашчаешся з жызню. «Няўжо не заб'юць?» — амаль спалохана падумаў Пятрок, вяла, як пасля непрытомнасці, узграбаючыся з падлогі. Абапёрся аб сцяну, стаў на адно калена, праз дым паглядзеў на хату. Лучынкі ўсе згарэлі, свіціліся трохі з грубкі, дзе таксама ўжо прагарэлі дровы, і апошнія галавешкі клалі барвяную пляму на затаптаныя дошкі падлогі. Усе іх чатыры пачварныя постаці адна за адной пхнуліся ў насцеж расчыненыя дзверы, |