|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
ад мястэчка — жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба — ці многа на дваіх старых трэба?
Пятрок азірнуў па-над плотам восеньскі шэры абшар з бульбай да самага лесу, падышоў да калодзежа. Унізе ў чорным прадонні зруба блішчэла пляма вады — цяпер яе набіралася шмат, не тое што ўлетку. Вада ў калодзежы была смачная, заўжды сцюдзёная і чысцюткая, як сляза. Гэткай вады не было тут нідзе, нават у Выселках, дзе мелася аж восем калодзежаў. Некалі, казаў пан Адольф, тут бруяла крынічка, можа, таму і асталявалася тут сядзіба Яхімоўскіх, на пагорку пры рове. Хто б ні напіўся з калодзежа, заўсёды хваліў ваду. Гадоў восем назад замест старасвецкага асвера Пятрок прыладзіў да зруба калаўрот з ланцугом, зрабіў дашак, каб не лілося ў дождж. Яшчэ трэба б зрабіць накрыўку, каб не сыпалася што з падворка. Але ён думаў: і так будзе добра. Што там насыплецца? Хіба ветрам занясе часам ліповага лісту, якім па восені засыпала дарогу, бульбянішча ды і ўвесь падворак. Ліпы дужа разрасліся абапал варот на прыволлі, няма рады, і ўлетку атуляюць ценем ледзь не палавіну гарода. Сцепаніда ўсё каркае: абсячы, але ў яго на тое не паднялася рука — як сячы такое хараство прыроды? Не ён іх саджаў, саджалі людзі, ліпы раслі тут пры ўсім ягоным жыцці — ці гожа гэта скараняць людское? Хай растуць. Ён пастаяў ля калодзежа, зірнуў на гасцінец за нівай, дзе нядаўна яшчэ відаць была Сцепаніда з каровай, але цяпер Сцепаніды не было відно. Мусіць, пагнала ў параснікі. Час яшчэ быў не позні, да вечара гадзіны дзве папасе, а як прыгоніць карову, тады ён, хоча ці не, змушаны будзе ўзяцца за працу. Тады ўжо прыйдзецца цягаць ваду, мыць парсюку бульбу, таўчы крупы. Тады ўжо не пабудзеш сам-насам з думкамі ў цішы — Сцепаніда не дасць пагультаіцца. Пятрок зладзіў з рудога кавалка газеціны велікаватую самакрутку, старанна завязаў скураны капшук са скуранымі ж завязкамі-жыламі; прыкурыць, аднак, трэба было ісці ў хату, шукаць вугалёк у прысаку. Недзе было трохі запалак, але Сцепаніда іх прыхавала, ашчаджаючы на які выпадак. Ведама, цяпер дзе возьмеш запалкі? У мястэчку ўвесь гандаль скруціўся, дзве лаўкі ўлетку яшчэ расхапалі людзі, як ашалелі тады, і, пакуль нямецкая ўлада чухалася, нічога не засталося ні ў сельпо, ні ў сельмагу. Ён таксама хадзіў разы два (Сцепаніда пагнала), ды не дужа нажыўся — з перакуленай жалезнай бочкі за крамай нацадзіў суляю смярдзючай газы з гушчай іржы на сподзе. Невялікі для гаспадаркі набытак, але прыйдзе восень, зіма — спатрэбіцца. Хужы вось — няма солі, а без яе шмат не з'ясі. Але ці толькі солі няма?
Можа, самае горшае — няма каня. Толькі Пятрок павярнуўся, каб адысціся ад калодзежа, як згледзеў за плотам карову — Бабоўка шастала наўпрост па бульбоўніку да варот чамусьці ад лесу, а не як заўсёды — дарогай, і за ёй у расхрыстанай ватоўцы подбегам шыбавала Сцепаніда. Хустка яе збілася набок, на лбе тырчэла сіваватая пасма валасоў. Пятрок з маўклівым пытаннем уставіўся на жонку — было яшчэ рана, Бабоўку яшчэ трэба было папасвіць да вечара. Але, мабыць, штось здарылася, і ён падышоў да варотаў і выцяг папярэчыну, каб упусціць карову. — Пятрок, немцы… — Га? — Кажу, немцы! Там, на гасцінцы. Мост ладзяць. — Мост? Гэта была навіна, Пятрок такой не чакаў. Можа, толькі цяпер ён зразумеў, як добра было тут без моста і якая пагроза насоўвалася на хутар разам з гэтым мостам. — Тады дрэнь справа. — Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады? — Але ж. Толькі што рабіць? — збянтэжана стаяў Пятрок. — Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?.. Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка — не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта ?
— Найперш за парсючка баюся, — зморана сказала Сцепаніда, папраўляючы хустку. — Забяруць. Такі парсючок ладны. Ешчы. — Да сала яны ласыя. Матка — шпэк! Матка — яйка! — успомніў колішніх немцаў Пятрок. — Я так думаю: трэба схаваць. Ты ідзі сюды! — пацягнула яна яго ў глыб падворка. Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі — пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады. — Во, калі яго сюды? — казала Сцепаніда, шырэй расчыняючы нізкія дзверцы. — Ён жа ціхі, можа, не знойдуць. Знойдуць ці не — хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку, яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела. І хоць клопат пра тое свінчо цяпер быў не самы найбольшы ў Петрака, ён рупна ўзяўся ладзіць таму новы схоў. Найперш павыцягваў з бакоўкі цесна набітае туды ламачча: нейкія палкі, скарэлае ад мешанкі, абгрызенае свіннямі карыта, паламанае кола і даўнюю, можа, дзедаўскую яшчэ, саху з ушчэнт паржавелымі лемяхамі. Папоркаўшыся паўгадзіны, скрынкай і палкамі неяк адгарадзіў невялічкі закутак, прынёс з пунькі саломы, не раўняючы яе, каб не дужа было відаць, напіхаў у адгародку. Сцепаніда тым часам ціхенька вывела з хляўка ладнага іх парсючка, пачэсваючы яго за вушамі. — Дзюдзя, дзюдзя, во сюды… Цяпер сюды. Во добра, дзюдзя… «Як малога», — падумаў Пятрок, прапускаючы ў дзверцы парсючка, які, ціха парохкваючы, старанна абнюхаў парожак, салому і паслухмяна ўладкаваўся ў сваім катушку, канешне, і не падазраючы пра небяспеку, якая над ім навісла. Сапраўды, гэта было рахманае свінчо, вельмі не хацелася б страціць такога. «Можа, яшчэ як і ацалее, |