Категории

Читалка - Знак бяды


вечара ж было яшчэ доўга. Пятрок з натугай пераступаў нагамі ў апорках, ён таксама непакоіўся, адчуваючы, што гэта ж зусім нягожа — прывесці карову без малака. Але што ён мог зрабіць — карова гэта ўжо не ягоная ўласнасць, гэта болей уласнасць жонкі. А пасля ўчарашняга Сцепаніда, канешне ж, пакрыўдзілася, і было ад чаго. Ён бы таксама пакрыўдзіўся, калі б яго так адсцябалі рэвальверным шомпалам — пакуль жа яго толькі палохалі. Аднак да спалоху і страху ўвогуле ён даўно ўжо прывык і, хоць палохаўся часта, навучыўся хутка спакайнець, інакш бы не ўтрываў у жыцці. Асабліва ў вайну.

Як нешта чуючы, Бабоўка зусім заўпарцілася і ад гарода не хацела ісці далей: упіралася нагамі, выкручвала галаву ў вяроўчыне, азіралася на гаспадыню. Пятрок пакрыкваў на яе, тузаў за вяроўку, але, пакуль ззаду не сцёбнула дубцом Сцепаніда, карова не слухалася. Яшчэ ад рова стала чуваць, што немцы і не думалі вымятацца з хутара — гамана там стаяла ў самым разгары, чуўся смех, нешта мерна паціху бахала ў паветры. Пятрок угледзеўся ў антонаўку ля істопкі — толькі на вяршку яе засталося некалькі драбнейшых яблык, а так усё дрэва было абтрэсена; унізе звісаў да зямлі зламаны сук. Увесь іх гарод быў здратаваны ботамі, грады растаптаны; на агурэчніку сям-там відаць былі раздушаныя насенныя агуркі. «Во кара боская, — гаротна падумаў Пятрок. — За якія толькі грахі! І чаму гэта на мяне менавіта абрынулася такое? Хіба мала было ім гарадоў, мястэчак ці вёсак, нашто ім прыдаўся гэты Богам забыты хутар?»

Але, мусіць, быў трэба і хутар.

Яшчэ ў гародзе Пятрок сцяміў, што на падворку ішла гульня ў мяч — праз вокрыкі і гергетанне чуліся тугія ўдары па гуме. Неўзабаве здаровы, нібы гарбуз, мяч выкаціўся з-за хляўка, і за ім выскачыў распараны, ажывелы ад гульні немец, ці не ўчарашні знаёмец-шафёр? Ён каротка зыркнуў праз акуляры, падхапіў мяч і схаваўся на падворку за рогам хаты.

Пятрок прывёў на ўчарашняе месца Бабоўку і стаў, нічога не кажучы, чакаючы фельдфебеля, які ўжо зырыўся сюды ад кухні. Ён штосьці

загадаў, і Карла з бляшаным вядром у руках павалюхаў да каровы. Дужа няёмка і страхавіта зрабілася Петраку, як ён згледзеў гэта вядро, падумаў: хоць бы сабралася што ў Бабоўкі, іначай будзе бяда. Чалавек пяць немцаў у расхрыстаных апратках і з узнятымі рукамі білі ўгору мяч, спрэс вытаптваючы мураву на падворку; нешта абмяркоўваў з кухарам кадоўбчык-фельдфебель, а Карла набліжаўся. Пятрок не выпушчаў з рук вяроўку, толькі падабраў яе карацей. Бабоўка па-ранейшаму боязна азіралася на немцаў і вялікімі бухматымі вейкамі міргала на кожны ўдар па мячы. Карла, як і ўчора, прысеў пад ёй і, снуючы выпнутымі локцямі, пачаў даіць.

Ды, мусіць, доўга даіць не было чаго, карова не хацела стаяць, хоць Пятрок і трымаў яе, пераступала і тузалася. Праз якую хвіліну Карла падхапіў пустое вядро і выпрастаўся. Як здалося Петраку, ён занепакоена зірнуў на яго, пасля азірнуўся на дрывотню, дзе паказалася і прапала кудысь Сцепаніда, пасля прагергетаў штось да фельдфебеля. Той рашуча скіраваў да кухні.

— Вас іст дас? — запытаў ён, паказваючы на вядро. — Варум нікс млеко?

— А хто ж яго ведае, — са шчырасцю, на якую быў здольны, сказаў Пятрок і амаль аддана паглядзеў у злыя вочы фельдфебеля. Пунсовы твар таго стаў яшчэ чырванейшы.

— Варум? — гучна гыркнуў ён і звыкла хапіўся за сваю аграмадную кабуру.

— Бо не дае. Запускацца будзе. Цельная яна, — палохаючыся, нязграбна схлусіў Пятрок, у думках ужо лаючы жонку: трэ было ёй гэтак выдойваць. Хай бы задавіліся тым малаком — гінуць праз яго Петраку зусім не хацелася.

Немцы на падворку спынілі гульню, адзін з мячом пад пахаю падышоў бліжэй, за ім з цікаўнасцю на тварах падышлі іншыя. Усе па чарзе зазірнулі ў амаль пустое вядро, на донцы якога бялела лыжка малака — не болей. Фельдфебель нешта перагаварыў са злым кухарам, які таксама прыдыбаў сюды і стаяў, болей узіраючыся ў Петрака, чым у вядро ці карову. За кароткую паўзу, калі ўсе яны змоўклі, фельдфебель расшпіліў кабуру і паволі выцяг з яе свой рэвальвер з тонкім ствалом і тоўстаю

чорнай ручкай.

Каторы ўжо раз спалохаўшыся, Пятрок падумаў, што, мабыць жа, запытаюць, перш чым застрэляць, мабыць, і яму штось трэба сказаць перад смерцю, хоць вылаяцца, ці што. Але, збіты з панталыку, ён проста забыўся на словы. Ён толькі глядзеў на ўсе вочы, як фельдфебель, аберуч ухапіўшы рэвальвер, хлёстка шчоўкнуў затворам і жвава вертануўся да Бабоўкі. — Вэк, фэрфлюхтэр…

Кароткім ударам локця ён адпіхнуў Петрака ад каровы, выхапіў з яго рук вяроўчыну. Бабоўка матлянула галавой, дужа скасавурылася, нібы ўчуўшы пагібель, а немец неяк хутка, нібы незнарок, бахнуў стрэлам у яе такое чуйнае заўжды, рухавае вуха.

Пятрок думаў, яна рванецца ці зараве, а яна неяк дужа пакорліва ўпала на падкурчаныя ногі і тыцнулася пысай у гразь. Паволі кладучыся на бок, адкінула на траву голаў, зрэнкі ў яе вялікіх вачах закаціліся ўніз, з храпы вырваўся непрацяглы ўсхрып, і яна канчаткова выцягнулася на падворку. Толькі па скуры некалькі разоў прабегла дрыжака-сутарга, і ўсё ў яе знерухомела.

У Петрака дробненька трэсліся рукі і ўсё нутро зябка дрыжэла, калі ён пайшоў з падворка, дзе фельдфебель пакрыкваў ужо на немцаў — мусіць, нешта загадваў.

9

Надзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Заходзіла яна здаля — ад падворка, дарогі, праз малако, хату, калодзеж, але падступіла ўжо так, што было відавочна: яны схопяць абаіх за горла — во, тады прыйдзецца спалохацца. Праўда, як яна ні ўдумвалася, усё не магла ўразумець нялюдскі сэнс іх учынкаў ды іхніх намераў, хоць увогуле намеры гэтыя былі спрэс ёй варожыя, але як было дазнацца, каторы з іх прывядзе да самага страшнага. Канешне, можна б старацца як мага далей адсоўваць яго, гэтае страшнае, неяк паддобрывацца, нават падлізвацца да чужынцаў, дагаджаць ім у малым ці ў большым, але, думала яна, хіба тым пасобіш? Зноў жа яна змалку не ўмела пераломваць сябе, рабіць што


Содержание книги