|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
шнэль, шнэль! Панятна?
Фурманка з Гужом пакаціла да рэчкі, нехта з мужыкоў прабурчэў штось незадаволена, нехта ўздыхнуў. Пятрок па сыпучым адхоне сышоў у яміну і ўзяў рыдлёўку з надламаным тронкам, што тырчэла збоку ў пяску. Угары над імі стаяла недагружаная фурманка, а ля яе з вінтоўкай пад пахай, як вартавы, слупам застыў Каландзёнак. Ягоныя вочы зноў закаціліся пад павекі, здаецца, у думках ён далёка паляцеў адгэтуль. Наўрад ці хутчэй, чым дагэтуль, яны пачалі кідаць жвір угору, у фурманку. Кідаць было нязручна, высока, яміны сталі даволі ўжо глыбокія, блізка ад дарогі жвір выбралі і капалі ўсё далей. Пятрок хутка ўгрэўся, стала гарчыць у грудзях, ён запаволіў тэмп, а пасля і зусім прыпыніў працу, абапёрся аб тронак рыдлёўкі. Але толькі ён разы два спакайней уздыхнуў, як на абрыве страпянуўся Каландзёнак. — Капаць! — Дык гэта… Змарыўся ж. Аддыхнуць… — Капаць!!! — Дык гэта… Сынок… «Сынок», аднак, ужо ўхапіў вінтоўку і зашчоўкаў затворам, гатовы стрэліць. Пятрок крыху спалохаўся, рукі самі схапіліся за тронак рыдлёўкі, ён кінуў трохі жвіру ў фурманку, і Каландзёнак апусціў вінтоўку прыкладам у дол. «Ну і гад! — падумаў Пятрок. — Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку». Накапаўшы вазы чатыры, Пятрок трудна выпрастаўся — гружаны воз выязджаў на дарогу, здаецца, болей вазоў не было, можна было б трошкі спачыць. Але не паспеў ён узрадавацца, як з-за павароту зноў застукацелі колы, і неўзабаве прыезджы ўжо асаджваў задам каня, зручней падстаўляючы воз. Гэта быў Карніла з Выселак, як заўжды, стрыманы, негаваркі, ладна апрануты ў яшчэ мала ношаную шэрую суконную паддзёўку. Апошнім часам Карніла адпусціў чорную касмылявую бараду і выглядаў дзед дзедам, хоць быў на пяць год маладзейшы за Петрака. Яны ўжо шмат год не віталіся і не размаўлялі, але цяпер Карніла, згледзеўшы ў яміне Петрака, стрымана кінуў «дзень добры», і Пятрок неяк радасна загаманіў: — Дзень добры, ага. Тожа выгналі, з канём нават? — Ды ўжо во чацвёрты дзень рупімся, — сказаў у бараду Карніла, таксама беручы з воза рыдлёўку. — Спяшаюцца, мост трэба. — Каму трэба, а нам дык згары ён ясным агнём, мост гэты. Карніла коратка зыркнуў на Петрака адным вокам, скоса паглядзеў на Каландзёнка, які ўжо навастрыў вуха да іхняй размовы, і гучна сказаў, мусіць, каб чуў паліцай: — Трэба, трэба памагчы нямецкай арміі. А як жа! Пятрок ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як прымаць тыя ягоныя словы. Збоку мяркуючы, дык казаў ён быццам па шчырасці, быццам гэтак і думаў. Але Пятрок думаць так не хацеў, таму і змоўк, ведаў: надта сам у сабе гэты хітры Карніла, з ім не пагамоніш. Што б ён ні казаў, усё меў нешта на мэце сваё, не сказанае. Асабліва такі стаў год дзесяць назад, як выкінулі з калгаса, у які ён толькі ўступіў. Добра яшчэ — не выслалі, і Карніла пачаў рабіць у мястэчку, спярша ў прамарцелі, а пасля гады чатыры дзяжурыў у пажарнай камандзе і, як аказалася, зажыў не горш, чым яны ў калгасе. А можа, і лепей. Яны капалі без пярэдыху да паўдня і пасля паўдня; фурманкі ўсё гойсалі на мост і з моста, балазе відаць было блізка. Каторыя на конях, дык тыя хоць адпачывалі, як везлі туды ці ўлегцы ехалі адтуль, а бясконныя Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Ігнат хоць быў здатней для таго апрануты, у суконны каптан, Пятрок жа ў сваім кажушку даўно ўжо змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Некалі ён ужо хварэў на запаленне лёгкіх — застудзіўся на лесанарыхтоўках, як вазілі лес з пушчы і ў яго неяк зламаліся сані з бярвеннем, ну, прыйшлося папацець, парваць кішкі. Праз дзён пяць ужо кідаўся ў непрытомнасці між чужых людзей у вёсцы, дзе кватаравалі нарыхтоўшчыкі, думаў, не выжыве. Можа б, і сапраўды не выжыў, калі б не адвезлі ў бальніцу. Але ў бальніцы, як палягчэла, быў нават рады, што захварэў і нікуды не трэба ехаць, ляжы сабе ў цяпле, пры ніштаватых харчах і людскім абыходжанні, не тое што ў лесе, на марозе, аб сухім харчы, з коньмі ды ў слабаватай адзежцы і ў заўжды мокрых чунях. Апошнім часам так было кожнай зімой, давалі рудстойку Данбасу, а ў тую яму дык проста пашэнціла праз хваробу. Праўда, пасля яшчэ доўга вадзіла ў бакі ад слабасці, ды быў маладзейшы, як-колечы акрыяў да вясны. Але тады былі дактары, бальніцы, а цяпер? Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар'ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй.
Ігнат Дубасей, памалу капаючы, усё нешта бурчэў сам з сабой у яміне побач, Пятрок прыслухаўся: стары крыўдаваў, што прыгналі сюды яго, старога чалавека, а маладзейшыя засталіся дома, іх не чапаюць. Пятрок трохі падзівіўся з тае гаворкі, запытаў, чаму ў іх так. — Гэ, чаму? Самагоначкай рот залілі гэтаму злыдню. Самагоначка цяпер — сіла. Што самагонка — сіла, Пятрок ужо ведаў і моўчкі пагадзіўся з суседам. Толькі на ўсё трэба ўмельства, не кожны можа зрабіць і самагонку. Зноў жа — начыння няма. — Начынне, халера на яго, звялося. Цяпер дзе што возьмеш? Змеявік, напрымер, — знарок з тайным намерам пабедаваў Пятрок і прыціх, чакаючы адказу. — Хе, начынне! Во ў нас Цімка Рукаты. Бывала, да вайны за грошы чорта табе змайструе. Цяпер не ведаю. Цяпер што яму — грошы! — Гэта той, што пад вязам хата? Адгэтуль, з краю? Буслянка яшчэ, здаецца… — Ёсць і буслянка. Хата ладная ў яго. Пад дранкай. Пятрок яшчэ хацеў удакладніць нешта, але зверху ад дарогі іхнюю размову ўжо ўчуў Каландзёнак і віскнуў танклявым голасам: — Не разгаварваць! Капаць! — Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, — ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: — Сынок, гэта мне па нуждзе каб… Ну ў лясок, га? — Капаць! — Дык па нуждзе ж, сынок… — У яміне. — Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба… Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны |