чымсьці цяжкім і грувасткім, мяхі з чорнымі клеймамі на баках; там жа на прызбу паставілі дзве караткаватыя вінтоўкі з жоўтымі раменнымі почапкамі. Напэўна, усё гэта заставалася тут, з кухняй, а машына збіралася выязджаць, — малады, з выстрыжанай патыліцай шафёр ужо сядзеў у машыне, і тая, завёўшыся, аж трэслася ўся ад натугі.
Фельдфебель ускочыў з другога боку ў кабіну, машына грузна адкацілася назад, збочыла тупым задам у бульбу і, разгрэбшы там цэлую канаву ў мяккай зямлі, вывернула на дарогу.
У двары засталася кухня і пры ёй двое — тонкі злы кухар і пажылы, з рабым тварам немец. Яны ўзяліся цягаць з калодзежа ваду, а Пятрок з нейкім вінавата-шкадлівым выразам у вачах прытэпаў да жонкі.
Яна маўчала, хоць ад тых яго слоў ёй стала і зусім млосна. Але ўжо яна здагадвалася, што гэта — не на кароткі час, мусіць, цяпер надоўга. Пятрок азірнуўся, быццам іх мог хто падслухаць.
— Сказалі падлогу вымыць. Лішняе павыцягваць.
— Куды павыцягваць?
— Сказалі, у істопку. Нам тожа.
— Што гэта, лета — у істопку? Удумалі…
— Сказалі. Каб к вечару ўсё. Іхні галоўны прыедзе.
— Хай прыбіраюць! Хай усё прыбяруць. Хай падавяцца, — зазлавала яна, успамінаючы, як Пятрок кінуўся ім дагадзіць. Але ўсё марна: во, выганяюць.
Было ўжо не рана, воглае неба па-ранейшаму нізка вісела над мокрай зямлёй, але дождж перастаў, вецер таксама, здаецца, улёгся; у падворку драў горла дым, які абвалок хату, істопку, шызай пеляной расцягнуўся ўздоўж па бульбянішчы, над гародам. Сцепаніда рашуча расчыніла вароты хлява, забратала карову. Хай робяць, што хочуць, — ёй трэба выганяць карову на пашу, годзе той стаяць у хляве. Каб лішне не назаляць немцам, яна павяла карову цераз дрывотню ў гарод — наўпрасткі па бульбянішчы ў поле. Бабоўка разы два трывожна азірнулася на чужых у двары, Сцепаніда са злосцю тузанула яе — хутчэй прэч з падворка.
Яна вяла карову па ўзроўку ўніз, куды збягала бульбянае поле. Роў гэты падступаў
да самага канца гарода і быў глыбокі, з ручаём і крыніцай на дне, ягоныя схілы густа зараслі алешнікам і маладымі елкамі. Па той бок высіўся навідавоку ладны гаёк. На выпадак чаго ў рове можна было б адседзець дзень-два, а то і даўжэй, схавацца ад вайны, ад бяды, ад чужога нядобрага вока. Але каб не жывёла. З жывёлай доўга не выседзіш, яе трэба карміць. Зноў жа шкада сядзібы з яе якім-ніякім набыткам, якога з сабой не возьмеш, — а без яго якое жыццё ў лесе? Тым болей увосень, калі ўжо ліе за каршэнь і падбіраецца сцюжа. Мусіш трымацца жытла. Але во гэтае жытло спатрэбілася і ім. Ці другога тут не знайшлося? І ўсё, мусіць, пракляты той мост, дужа ён стаў ім патрэбны, і з ім разам спатрэбіўся гэты хутар.
Карова згаладнела хапала з-пад ног мокрую дзяцеліну, ірвала з рукі вяроўку, і Сцепаніда падумала: хай! Ведама, што карысці злаваць на гэтага дурня Петрака, што ён цяпер можа? Як ні круціся, а калі загадалі, дык мусіш выконваць. Канешне, падлогу Пятрок не памые, і будзе бяды абаім. Мусіць, ёй трэба вяртацца на хутар.
На невялічкім травяністым лапіку пры ўзроўку яна прывязала канец вяроўкі да камля алешыны і, паназіраўшы трохі, як Бабоўка ўзялася скубці траву, пайшла краем поля назад.
Было ёй да гаркоты крыўдна ў душы і боязна, і чула яна: магчымасці яе людскага жыцця ўсё вузелі-змяншаліся. З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. І што было рабіць, апроч як бедаваць, лямантаваць, плакаць? Але слязьмі ды крывёю і так набрыняла зямля, што з таго шкоды вайне? Тады што ж — трываць усё моўчкі, чакаць лепшай часіны? Чула яна сваім сэрцам: за меншай бядой заўжды дыбае большая, тады заякочаш, але хто паможа?
6
Два немцы поркаліся сабе ля кухні, а Пятрок сеў ля акна ў хаце і з гора скруціў вялізную, з бабовы струк, цыгарку. Добра пакамечаную ў пальцах жаўтлявую нямецкую цыгарэтку ён схаваў за планку пад абразамі — скурыць калі ў іншы час. Трэба было брацца
за справу — прыбіраць у хаце, выкінуць у істопку ўсё лішняе, аслабаніць ад бабскага начыння качарэжнік, а галоўнае — мыць падлогу. Ён злаваў на Сцепаніду за яе незгаворлівасць: кінула ўсё, пабегла. Чорт бы яе не ўзяў, тую карову, мусі бы, пастаяла да паўдня ў хляве. Ці тут да каровы, калі на падворак уехалі гэтыя… Аднак даў жа Бог клопату, наслаў немцаў, ці ім мала было гарадоў, мястэчак, хоць бы якіх вёсак, дык во, дабраліся і да гэтага Богам забытага хутара.
Хваравіта кашляючы (балела з начы ў грудзях), Пятрок пазіраў у акно на тых двух, што цяпер гаспадарылі ля яго калодзежа. Адзін, здыхлаваты і белабрысы, у абвіслым на азадку камбінезоне, нешта сыпаў белае ў кацёл кухні, з якога валіла воглая пара, а прысадзісты, з рабым тварам раскладваў нейкі прыпас на вечку драўлянае скрынкі, акуратна засланай чыстай белай цыратай. «Глядзі, культурныя!» — з зайздрасцю падумаў Пятрок і гаротна ўздыхнуў: праз гэту іх культуру бярыся цяпер за вядро і анучу, расчынай гразь у хаце. Добра, што было суха і цёпла, дык ім яшчэ каб і чыста. Культурныя…
Цыгарка яго тым часам ужо расклейвалася ў пальцах, але ён не меў чым яе прыпаліць і не адважваўся падысці да немцаў, каб папрасіць агню. Ды ўсё ж прага курыць нарэшце перасіліла нерашучасць, Пятрок выйшаў з сенцаў і спыніўся за пяць крокаў ад кухні, трымаючы навідавоку незапаленую цыгарку. Ён думаў, можа, яны ўбачаць і дадуць агню, прасіць яму было ўсё ж няёмка і трошкі боязна. Але яны быццам не заўважалі — даўгалыгі ўсё боўтаў у катле кухні, якая парыла і дыміла на ўсю акругу, а каржакаваты, мусіць, ягоны памочнік, вялікім нажом крышыў на белай цыраце сала. Пятрок ціха пакашляў і ступіў яшчэ два крокі наперад.
— Гэта… Паночкі, каб прыкурыць…
Мусіць, яго зразумелі — каржакаваты, у белым, завязаным на паясніцы фартусе, павярнуў да яго шырокі, рабы, нейкі зусім не германскага выгляду твар і нешта прабурчэў, нязлосна так: «Я-я». Пятрок не зразумеў, але па тым, што немец не сказаў болей нічога, здагадаўся, што яны дазваляюць. Падышоўшы