гною пад бульбу, узараць гарод, пасадзіць бульбу — работы на зямлі вясной заўжды процьма. Сцепаніда навязала на ўзроўку карову і, калі вярталася да сядзібы, незнарок зірнула на гару і зноў жахнулася ад таго, што ўбачыла.
Якраз уставала сонца, якое, праўда, тут жа, пад лесам, упаўзала ў нізкую хмару, і збоч ад яго на святлявым ускрайку ранішняга неба яна ўбачыла здалёк чалавечую постаць, якая, угнуўшыся, быццам дужалася з нечым, якім слупом або дрэвам — чымсьці высокім і, мабыць, цяжкім. Яна ўжо зразумела, што гэта Пятрок. Але што ён удумаў?
Збочыўшы са сцяжыны, Сцепаніда кінулася наўпрасткі туды, колючы ногі ў дробным глеі засеянай нівы, падбегла да сваёй палоскі. Тут ужо стала відаць, як на самай выспе ў канцы іх надзела пахіла вагаўся свежы, з неакоранай лясіны збіты вялізны крыж, які, упіраючыся ў зямлю нагамі, з усяе сілы паднімаў над сабой Пятрок. Як яна падбегла бліжэй, ён ужо выраўняў крыж угары і крыкнуў: «Трымай!» Сцепаніда аберуч ашчаперыла сыры і шурпаты ствол дубка, патрымала яго роўненька ў глыбакаватай яміне, якую таропка пачаў засыпаць Пятрок. Крыж быў высозны і страшэнна цяжкі, варта ёй было незнарок трошкі нахіліць яго, як яна спалохалася, што не ўтрымае, але ўсё ж утрымала, і Пятрок пакрысе закідаў яміну глеем.
— Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх, — прабубніў ён, хрысцячы спатнелы, спакутаваны за гэтыя дні твар. Яна таксама перахрысцілася, падумаўшы: а мо і праўда паможа? Адвядзе праклён ад гэтай клятай людзьмі і Богам зямлі.
Крыж пастаяў вясну і лета — на самай выспе над лесам і ровам, воддаль ад дарогі. Кожны, хто ехаў ці ішоў гасцінцам, пазіраў на гэты знак чалавечай бяды, але мала хто ведаў, якая была то бяда. Тады ж нехта з высялкоўцаў назваў гэты пагорак Галгофай, ды так і пайшло: Галгофа ці гара Галгофа, а то яшчэ Петракова Галгофа. Так звалі і пасля, як местачковыя камсамольцы Капылоў Жэнька, Меерсон і малодшы Хвасько ўвосень павалілі крыж. Неяк завіталі на хутар, папрасілі пілу, Пятрок даў, а Сцепаніда яшчэ пачаставала іх
квасам — якраз настаяўся, добры быў квас, — хлопцы пажартавалі, напіліся і пайшлі. Яна думала, што тыя мелі патрэбу ў лесе ці рове, а яны завярнулі па мяжы на выспу і за якіх дзесяць хвілін спілавалі крыж. А пасля, як прынеслі пілу, яшчэ прачыталі ім натацыю пра шкоду рэлігійных забабонаў. Пятрок спахмурнеў, угнуў галаву і не спрачаўся, а Сцепаніда тады пасварылася з імі. Вясной, як яны з Петраком гаравалі на той Галгофе, тады ніхто не бачыў, каб памагчы, а цяпер, як вырас нейкі ячмень, бач, ім крыж вочы коле. Але што ім яе сварка, яны пагагаталі сабе з яе цемнаты і пайшлі.
А назва гары засталася, і, мабыць, яшчэ доўга будзе так звацца гэты нязладны для хлебаробства пагорак, асвенчаны іх слязьмі і працай, іх і людскімі пакутамі.
15
Мабыць, зіма паварочвала на вясну — мінулі завеі, удзень пацяплела, на падворку добра падтайвала, а ўначы браўся ладны марозік, аж патрэсквала ў вуглах. Ранак усчынаўся шырокай, разлітай на паўнеба пунсовасцю, з-за лесу ў марознай смузе ўскочвалася чырвонае кола сонца, набірала сілы, яснела, і неўзабаве даўжэзныя сінія цені ад дрэў, пагоркаў, слупоў выцягваліся цераз усё поле з аселым пасля адлігаў, хрупасткім снегам. Марозная далячынь мроілася шараватаю просінню лесу, размытай стракатасцю пералескаў, кустоўя, трыснягоў, балацявін, а поруч усё ярка ззяла, бялела да рэзі ў вачах. Было па-святочнаму ціха і прыгожа.
Сцепаніда, аднак, мала любавалася прыгажосцю пагоднага ранку, мо нават і не прыкмячала яго — яна прыпазнілася каля печы, не ўправілася са скацінай, сказала Петраку, што дарабіць — напаіць авечак, замяшаць курам, — а сама пабегла цераз поле ў Выселкі.
Мякка бегла па ледзяной дарожцы ў старых лапленых валёнках і думала, што вернецца цяпер хіба ўпоцемку — была самая гарачка з калгасам, які ўсё ж сарганізавалі тыдзень назад. Сядзелі да ранку, але ўсё ж дамагліся — большая палавіна Выселак пагадзілася ўступіць. Мабыць, Новік праўду казаў: раскулачыш аднаго — іншыя задумаюцца. Задумаліся, памеркавалі і пагадзіліся
. Цяпер тры дні запар камісія па абагульванні хадзіла па дварах, апісвала насенне, інвентар, коней, збрую. Звычайна Сцепаніда прыбягала ранічкай у сельсавет, і адтуль іх чатыры чалавекі ішлі па вёсцы, нікога не мінаючы, у кожны двор — праз жаночы плач, страхавіта-заклапочаныя позіркі старых, напружана-прымоўклую дзіцячую ўвагу — бралі ўсё на ўлік. Было трудна, але было трэба.
Яна думала ў той дзень, што не застане старшыню ў сельсавеце, што, мабыць, прыйдзецца даганяць камісію дзе ў вёсцы, і дужа падзівілася, калі, адчыніўшы дзверы доўгае, як абора, псаломшчыкавай хаты, убачыла ўсіх на месцы. Прымоўклы сядзеў за сталом Лявон і насупраць — каржакаваты мужык у чорным паўкажушку, яго сусед Карніла, якога таксама выбралі ў камісію па абагульванні, адвярнуўшыся да акна, стаяў у сваім доўгім ваенным шынялі Вася Ганчарык. Было дужа накурана і сцюдзёна, і панаваў нейкі спалох ці клопат, які адразу адчула Сцепаніда. Яна стрымана павіталася:
— Дзень добры.
— Чорта ён добры, — сказаў Лявон, павёўшы на яе адным вокам. — Паганы дзень.
Сцепаніда не зразумела.
— А што? Надвор'ечка добрае.
— Аж занадта добрае. Ранняя вясна бярэцца. Але… На во прачытай.
Ён падаў ёй невялічкі, добра пакамечаны ўжо аркушык раённай газеты «Чырвоны араты». Не разумеючы яшчэ — што, яна з натугай пачала чытаць рассыпаныя па старонцы загалоўкі: «Вышэй сцяг індустрыялізацыі!», «На новыя рэйкі!», «План вывазкі дзелавой драўніны пад пагрозай зрыву». На другім баку быў невялічкі малюнак: чырвонаармеец, шырока расставіўшы ногі, пратыкае штыком тоўстага брухатага буржуя з ашчэранымі зубамі.
— Не туды глядзіш, — сказаў Карніла. — Во, у рагу.
Сапраўды, у самым ражку газеціны не дужа вялікімі літарамі значыўся загаловачак: «У Слабадскіх Выселках патураюць класаваму ворагу — кулаку». Сцепаніда ўпілася вачмі ў дробненькія літары заметкі і, трохі шавелячы вуснамі, пачала чытаць. У заметцы пісалася, што ў той час, як скрозь па краіне ідзе вострая барацьба з кулаком як з класавым ворагам, у Выселках