Категории

Читалка - Знак бяды


— адзін клопат. Па такім часе.

— А табе нашто?

— Мне трэба.

— А хто сказаў, што я маю?

— А ніхто. Сама даўмелася. Я ж надта добра ведаю цябе, Карнілка.

Яна змоўкла і, здаецца, перастала дыхаць — сачыла за ім, за рухамі ягоных грубых, шырокіх рук на новым, з белага дрэва вобадзе кола, на які не хацела налазіць шына, і Карніла падшчымліваў яе далатом, пакуль некалькімі дакладнымі ўдарамі малатка не ўзбіў на вобад. Пасля трудна ўздыхнуў.

— Ды што ты хочаш: тавар за так?

— За так? — здзівілася яна. Сапраўды, ёй і ў галаву не прыходзіла гэтае пытанне — чым яна заплоціць Карнілу? Ды і чым можна было заплаціць у такі час за гэткі тавар?

— За так цяпер і блыху не заб'еш, — прабубніў Карніла. — Цяпер такі час. Вайна…

— Дык, ці ведаеш, грошы…

— Э-э, якія грошы! Што цяпер з тых грошай…

— Ну, во тут у мяне сала з два фунты. Паўдзесятка яек…

— Сказала, яек! Яек і ў мяне знойдзецца. На яешню.

«Вот жа скнара!» — пачала злавацца Сцепаніда. Яна пазнавала колішняга Карнілу, у якога, казалі, зімой снегу не выпрасіш. Але добра яшчэ, што ён не адмовіўся, што мае бомбу. Тут ужо яна ўгадала пэўна і ціха парадавалася. Астатняе як-небудзь. Але як?

— Дык што ж я табе… Грошай не маю, кароўку немцы з'елі. Курачак пастралялі, пяток усяго засталося. Мужыка Гуж забраў, у мястэчка павёў. Што ж я яшчэ маю?.. — сумелася яна.

— А свінчо? — раптам спытаў Карніла і другі раз зыркнуў на яе сваім цяжкім позіркам. — Ці тожа не маеш?

— Парсючок застаўся, ага. Вясновы, — спахапілася Сцепаніда і змоўкла: ці не захоча ён парсючка?

— Добра, што парсючок застаўся, — неяк абыякава сказаў Карніла, устаў і падаўся ў кут, нешта перабіраў там у жалеззі і нарэшце выцягнуў крывую драціну, з якой узяўся высякаць цвік.

— Застаўся, ага. Але… Ну, бяры парсючка… Аддам…

— А паўпуда будзе?

— Будзе з паўпуда. Харошае, ешчае свінчо, — запалым голасам пахваліла парсючка Сцепаніда і здзівілася ад думкі: няўжо яна аддасць парсючка? З чым жа тады застанецца?

— Ну, хіба

за парсючка, — ажывеў крыху Карніла. — Ну і гэта… Па цяперашнім часе — тавар! Для чаго табе толькі?

— А гэта ўжо маё дзела. Трэба.

— Ну вядома. Калі, можа, у лес каму? Тавар добры.

Карніла нядоўга нешта падумаў, пасля выглянуў з дзвярэй, гукнуў нешта сабаку і рукой махнуў Сцепанідзе, каб ішла следам. На падворку яны пералезлі цераз нізкія варотцы на зады сядзібы, зарослыя кустоўем парэчак, агрэсту, гушчаром маладога вішанніку. Пад тынам у лапухах і крапіве Карніла падняў пласт зляжалага гарохавіння, пад якім зажаўцеўся канец чагось даўгога і круглага, нібыта з бляшанкай, прываранай на хвасце. То была бомба.

— Во! — задаволена сказаў ён і хуценька апусціў гарохавінне. — Паўцэнтнера важыць. Сіла!

Сцепаніда трошачкі захвалявалася, адчула, можа, упершыню, якую небяспеку ўзвальвае на сваю галаву, але ўжо не адступала. Хай бярэ парсючка.

— Запрагу каня… Толькі паначы каб. Як сцямнее.

— Ну ведама ж, як сцямнее, — трохі нявесела пагадзілася яна.

26

Яшчэ да таго, як пачало змяркацца, Сцепаніда тупала па падворку, выходзіла ў варотцы, стаяла за тынам каля калодзежа — усё ўглядалася ў дарогу, у бок Выселак. Яна ведала пэўна, што яшчэ ранавата, што Карніла нізашто не выедзе, пакуль не ўцямнее, сам жа сказаў пра гэта, а ён чалавек грунтоўны, не якое брахло. Але яна не магла бавіць час у хаце, яна нават не паела сёння і не паліла ў грубцы, так ёй карцела перабыць небяспеку той перавозкі, бо — не дай Бог натрапіць паліцыя! Што тады будзе абаім?

З паліцыяй яна ўжо сустракалася сёння ў мястэчку, куды пайшла адразу ад Карнілы з Выселак, дабралася да іхняй турмы ў царкоўным склепе. За той час, як яна не была ў мястэчку, паліцаі добра абстроіліся — да напаўразбітага цаглянага мура царквы зрабілі прыгародку з высокіх і тоўстых дошак і брамку, пры якой стаяў вартавы з вінтоўкай. Яна аж парадавалася, калі пазнала ў гэтым вартавым Недасеку Антося, і падумала, што ёй з самага пачатку пашэнціла. Мінаючы шырокую мутную лужыну, адразу павярнула з плошчы да

гэтай брамкі, маючы намер як мага ласкавей запытацца пра Петрыка, перадаць яму харч. Але Недасека яшчэ здалёку спыніў яе злым вокрыкам:

— Назад! Нельга!

— Гэта ж я, Багацька з Яхімоўшчыны, — сказала Сцепаніда, спыняючыся і падумаўшы, што ён яе не пазнаў.

Але і пасля яе слоў чорны, цыганаваты твар Недасекі застаўся ранейшы — недаступны і строгі.

— Сказаў, назад! Забаронена.

— Я толькі запытацца, ці Пятрок тут?

— Кажу, забаронена! Назад!!!

«Ах, каб ты спруцянеў! — злосна падумала Сцепаніда і недаўменна перахапіла кошычак з адной рукі на другую. — Што ж цяпер рабіць?»

— Скажы толькі, куды пасадзілі? — таксама пачынаючы злавацца, папрасіла яна.

Але Недасека выглядаў такім непрыступным і злым, якім яна ніколі яго не бачыла. Нібы яго падмянілі кімсьці. Тады яна паспрабавала неўпрыкмет падысці да яго бліжэй.

— Не падыходзь! Прымяню аружыю! — вызверыўся паліцай, хапаючы з пляча вінтоўку з расшчэпленым і склёпаным жалезкай прыкладам.

Яна моўчкі пастаяла трохі і пайшла назад цераз гразкую небрукаваную плошчу на яе другі бок, дзе ў спрытным каменным дамку з балконам атабарылася цяпер паліцыя. Яна думала, можа, там убачыць каго знаёмага, запытаецца, але здалёку яшчэ згледзела, што і там на прыступках стаіць нейкае мурло ў шынялі і з вінтоўкай, мабыць, таксама варта. Нерашуча падышоўшы, яна спынілася воддаль, ля тэлеграфнага слупа з падпоркай, паставіла на сушэйшае кошык, чакала, мо выйдзе Гуж або Каландзёнак, каб запытаць. Але, як на тое ліха, з паліцыі ніхто не выходзіў — ці ўсе яны там былі чым занятыя, ці там проста не было нікога. І яна ўсё стаяла на ветры, які церусіў дробным дожджыкам, яе хустка дужа макрэла, стылі на золі мокрыя ногі, але яна цярпліва чакала, не зводзячы позірку з зачыненых дзвярэй дамоўкі. Яна не адразу пачула, як ззаду запляскалі па гразі нейчыя крокі, і, азірнуўшыся, убачыла настаўніка Свянткоўскага, які дробненькай таропкай хадой кіраваў у паліцыю. Праўда, ён надаваў сабе выгляд, што не пазнае яе ці не заўважае, і нават


Содержание книги