Категории

Читалка - Знак бяды


. Тады ён папіхнуў іх ад сябе, але таксама марна. У той час за шклом нешта мільганула, і ён пачуў невыразны голас — ну канешне, то быў міліцыянер у знаёмай белай кашулі, белай фуражцы, з зоркай над казырком. Ён нешта гукаў, але Пятрок недачуў і ўсё спрабаваў адчыніць дзверы. Тады міліцыянер за шклом сігануў убок, і за два крокі ад Петрака лёгка расчыніліся другія дзверы — аказваецца, яны былі і не зачынены. Пятрок сумеўся ад няёмкасці, але хіба зразумееш, якія тузаць, калі іх тут некалькі.

— Вам што, грамадзянін?

Здаецца, то быў другі міліцыянер, не ранішні — малады, з прыемным чарнабровым тварам, танклява перацяты шырокаю, з наганам, дзягай. На яго белых грудзях лёгенька целяпаўся ланцужкамі невялічкі значок, а рука з гадзіннікам прытрымлівала расчыненымі цяжкія дзверы, запрашаючы заходзіць унутр. Але Пятрок ужо не хацеў заходзіць, паклаўшы ля ног тарбінку, ён дрыготкімі пальцамі расшпіліў воглую ад поту кішэню, з якой асцярожна выцяг добра такі пакамечаныя лісткі хадайніцтва.

— Мне каб да таварыша Чарвякова. Во тут напісана, дык…

З яўнай зацікаўленасцю на твары міліцыянер узяў тыя лісткі, неяк дужа спрытна прабег позіркам не надта прыгожае Сцепанідзіна пісанне і рашуча склаў яго ў чатыры столкі.

— Позна ты прыйшоў, дзядзька.

— Дык мо пачакаю?

— Надта доўга прыйдзецца чакаць.

— Во як, — паныла сказаў Пятрок, усё яшчэ мала што разумеючы. Здалося, міліцыянер кпіць з яго ці жартуе. Але калі не жартуе, дык што ж тады рабіць?

— І гэта… Яшчэ доўг у мяне. Знаеце, чырвонец павінен, аддаць каб…

— Які чырвонец? Каму?

— Ну, таварышу Чарвякову. Пазычаў жа.

Прыгожы міліцыянераў твар стаў пакутна-напружаны, бы ў чалавека забалеў жывот, — мусіць, ён таксама хацеў і не мог зразумець чагосьці.

— Ха, пазычаў! Цяпер на тым свете расплоцішся, дзядзька. На гэтым не ўдасца. Памёр Чарвякоў.

— Гэтак?

Міліцыянера паклікалі ўнутр будынка, а Пятрок застаўся перад дзвярыма на ганку. Здаецца, ягоная справа сапраўды скончылася — назаўжды і разам. Ён старанна

запіхаў у кішэню паперкі, узяў з ганка мяшэчак. На асфальце падворка ахапіла такая гарачыня, што стала млосна, і ён раптам забыўся, куды павярнуць, каб ісці да вакзала. Тлумны туман напоўз на яго свядомасць, ён не мінаўся ўсю дарогу да станцыі, і як Пятрок стаяў у чарзе па білеты, і як пасля сядзеў пад сцяной на лаўцы, чакаючы цягніка на Воршу. Усё, што рабілася навакол, было яму дужа пастыла і дужа хацелася дамоў. Да сваёй сядзібы, пагорка і рова, сваіх лугавін і імшарын, свайго маленечкага кутка на гэтай вялізнай няласкавай зямлі…

25

Сцепаніда амаль што не спала, толькі забывалася часам, у галаве цьмела ад думак, а больш ад абурэння і крыўды: што нарабілі! А яна іх чамусь не баялася. Яна баялася немцаў, чужынцаў, а гэтыя ж былі свае, добра знаёмыя змалку, і хоць яна разумела, што яны здольны на ўсё, не магла прымусіць сябе баяцца. Нават Гужа. Ёй здавалася, той проста крычыць, палохае, грозіцца, але кепскага ім не зробіць. Ды і гэтыя, што ледзь не прыбілі яе, хоць і незнаёмыя, захожыя аднекуль, але ўсё ж нядаўна яшчэ свае, тутэйшыя і гавораць па-нашаму або па-расейску. Чаму ж тады так усё перайначылася?

Яна чула, як яны мардавалі Петрака на падворку, як выпінаўся там Гуж, спрабавала ўстаць, але ў яе галаве ўсё закружылася, і, каб не ўпасці, яна зноў павалілася на палок. Яна глядзела сухімі вачмі ў закураную столь запечча, слухала крыкі з падворка і думала: не, гэтага ім дараваць нельга. Век такое не даруецца ім. Такога нельга дараваць нікому. Нават скаціне такое не даруюць, а людзям тым болей.

Ёй было кепска, дужа балела ў правым баку галавы, нават да валасоў там нельга было дакрануцца, усё там, мусіць, распухла. «Ці не праламалі яны чэрап?» — занепакоена думала яна, але далей яе думкі пераскоквалі на Петрака — куды яго павялі? Калі не заб'юць, дык, мусіць, пасадзяць у склеп пад царквой — цяпер яны зганялі туды ўсіх падазроных ці непакорных, у той сыры апаганены склеп пад зруйнаванай царквой, дзе павесілі тоўстыя цяжкія вароты і пільнавалі вартай

. Мусіць, там цяпер і Пятрок. І што ён нарабіў ім, каб саджаць яго ў той склеп? Такі ціхі, паслухмяны, маўклівы, хіба не дагадзіў гарэлкай? А можа, яго ўзялі за яе, Сцепаніду? Калі пачаў заступацца? За яе, канешне, маглі ўзяць абаіх. Але найперш узялі б яе.

Здаецца, яна пражыла ўсё, перажыла свой лёс. Як і не жыла на гэтым, Богам уладкаваным свеце. Усё збіралася, доўгія гады чакала, адкладвала на пасля, жыццё было нібы подступам, падрыхтоўкай, зборам. Перавярнулі аднаасобніцу, ладзілі калектывізацыю, думалі: зажывём пасля. Але пасля выконвалі пяцігодкі, змагаліся з класавым ворагам — усё ў нястачы, трывогах, калатнечы і неспакоі. Было многа клопату пра тое, што з'есці, як узбіцца на кавалак хлеба, дацягнуць да свежае бульбіны. Не было ў што апрануць дзяцей, недзе набыць абутак. Жыць было неяк і думалася: пасля, як падрастуць дзеці, выйдуць у людзі, і адпадзе трудны клопат пра іх. Але во выраслі дзеці, толькі б уздыхнуць з палёгкай, ды тут — вайна.

Хай яна спрахне, гэта вайна, як перажыць яе, як дачакацца дзяцей? І тое, і гэта, мабыць, ужо не пад сілу. Не па магчымасці. Але што ж тады ёй па сіле? Што па яе магчымасці?

На шчасце ці на бяду, яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За сваё цяжкое жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі.

Часам яна чула, як гаварылі пра немцаў:


Содержание книги