знайсці што прыдатнае ў новым становішчы, бо як жа тады было жыць, калі не прыстасоўвацца да абставін? Так, як хочацца, усё роўна ж не будзе, гэта ён знаў пэўна.
Яны пралезлі праз дзірку ў тыне на падворак, дзе ўжо густа дыміла кухня, з яе катла валіла клубамі пара. Карла боўтаў у катле, а Сцепаніда па-ранейшаму ў маўклівай засяроджанасці абірала ля паркана бульбу.
— Ну, акцявістка, ты доўга там? — нецярпліва гыркнуў да яе Гуж.
— Не паганяй, не запрэжаная, — спакойна сказала Сцепаніда, кідаючы ў вядро бульбіну.
— Я не паганяю, а прыказываю. Бярыце кашы і марш абодва за мной!
— А дзе я вазьму кашы?
— У доме вазьмі! Мусіць жа, ёсць у сенях кашы?
— А хто мяне туды пусціць?
— Як хто? А часавы што — не пусціць? Гэй, друг! — іншым тонам — дабрэй — сказаў Гуж да вартавога. — Дай я пагляджу. Кош трэба. Панімаеш — кош!
— Цурук! — гыркнуў вартавы і скінуў з пляча вінтоўку.
«Во, добра! — маўкліва парадаваўся Пятрок. — Во так табе і трэба: цурук! А ты думаў!» І ён нават з сімпатыяй паглядзеў на гэтага тупарылага вартавога, які так дарэчы асадзіў ганарыстага паліцая.
— Ах ты чорт! — заклапочана крутануўся Гуж. — Ну торбу бяры, якое вядро…
— Дзе я вазьму вядро? Гэта ж іхняе.
«Не, Сцепаніду голымі рукамі не возьмеш, — можа, першы раз са шчырым захапленнем падумаў Пятрок. — Калі ўжо заўпарціцца, дык паякочаш. І я цяпер табе не памочнік. Прымушай, калі ўмееш!»
За гаманой на падворку яны не адразу ўчулі, як з гасцінца збочыла тая іх вялізная машына і неўзабаве ўкацілася ў самыя вароты. Яна яшчэ не спынілася, як з кабіны неяк дужа паспешна вываліўся рухавы фельдфебель, на ягоным счырванелым твары было нейкае ажыўленне — добрае ці не — цяжка было зразумець упачатку.
— Вас іст дас? — гыркнуў фельдфебель, спыняючыся перад Гужом. Той няўклюдна спрабаваў узяць пад казырок, але яму ўсё сапсавала вінтоўка, почапка якой слізганула са скуранога пляча і павісла на локці.
— Вас іст дас? Что ест это? — зусім ужо нядобра паўтарыў фельдфебель, беручы рукі
ў бокі, і стаяў так, маленькі і таўставаценькі, перад няўклюднай рукастаю постаццю Гужа.
— Прыказ на бульбу, пан афіцэр. На картошку! — удакладніў Гуж. — Каб выбралі да нядзелі.
— Вас іст дас? — не прыняўшы тлумачэння, яшчэ болей раз'ятрана загырчаў фельдфебель і ступіў яшчэ на крок бліжэй да Гужа.
— Я ж кажу, пан афіцэр, загадана ўсім на картошку. Пан бургамістр…
— Вас іст дас? — зноў цвердзіў сваё фельдфебель, і Гуж на гэты раз, мусіць, з'еў усе словы. Выцягнуўшыся і вырачыўшы на немчыка вочы, ён моўчкі стаяў, аж покуль той не страпянуўся і неяк дужа ўжо спрытна знізу ўгору пляцнуў яго два разы — па адной і па другой шчацэ. Паліцай хіснуўся разам з вінтоўкай, якую аблапіста хінуў да сябе, мусіць, чакаючы і яшчэ аплявух. Але болей фельдфебель не біў, толькі разгоніста ткнуў кароценькім пальчыкам на варотцы з падворка.
— Вэк!
І калі Гуж не то спалохана, не то ўзрадавана таропка засігаў да варотцаў, фельдфебель абразліва працадзіў праз зубы:
— Ванютші паліцайшвайн…
— Ага… Правільна вы яго. Нядобры чалавек, — не ўтрымаўся Пятрок, дужа задаволены тым, што атрымаў Гуж. Ён аж калаціўся ад радасці, але фельдфебель неяк недаўменна зірнуў на старога, быццам першы раз убачыў яго, і нядобра прыжмурыў вочы.
— Офіцірклазет фертіг?
— Дык дзе ж я зраблю, калі во гэты прыпёрся! — пачаў Пятрок, здагадаўшыся, пра што пытае немец. Але тут жа ён схамянуўся і змоўк, згледзеўшы, як фельдфебель неяк паспешліва сігануў да яго збоку. У наступны момант ён ледзь не заекатаў ад болю — нічога не кажучы, фельдфебель торкнуў яму такога выспятка, што Пятрок аж падскочыў. «Ой, Божачка мой!» — толькі і паспеў ён сказаць сабе ў думках, як апантаны вылецеўшы праз дзірку на гарод.
11
Сцепаніда сама не ведала, як перажыла тую гадзіну ранкам, калі немцы трэслі сядзібу, пераварочвалі набытак. Тое, што ноччу яе ніхто з іх не бачыў, было пэўна ўжо, але ад гэтага не рабілася лягчэй, думалася рознае. Зноў жа вінтоўка прапала менавіта тут, на хутары, і таго, мусіць,
было даволі, каб жорстка пакараць ягоных гаспадароў. Дзіўна, як учарашняю ноччу, ахопленая толькі адной сваёй прагай зрабіць ім шкоду, яна не падумала аб тым. А як даўмелася, дык ёй стала страшна.
Але пакуль што ўсё абышлося ладна, немцы ўсе вымеліся, пры кухні застаўся адзін толькі Карла, і ёй загадалі памагаць яму: спярша абіраць бульбу (тры паўнюткія вядры), пасля перамыць два тузіны плоскіх кацялкоў з вечкамі; яшчэ Карла прымусіў вышараваць пяском два закапцелыя чаны і ў дадатак памыць нейкія кухонныя анучы ў гарачай вадзе з мылам. Знарок не хутка, без жаднай ахвоты яна рабіла ўсё гэта, і спакваля, па меры таго, як спакайнела пасля ранішняга спалоху, у ёй рос неспакой за парсючка — як ён там? Трэба было яго накарміць, а то, пэўна, верашчыць на ўвесь роў, раптам хто набрыдзе, выпусціць ці ўкрадзе, што тады ў гаспадарцы застанецца?
Але Карла не адпушчаў яе ні на крок ад кухні, усё даваў работу, яна моўчкі, безадмоўна рабіла. На полудзень немцы чамусь не прыехалі — можа, выйшла якая няўпраўка на мосце ці шчыравалі за ўчарашні святочны дзень. Прыехалі яны толькі перад змярканнем і адразу абсыпалі кухню — усе, відаць было, ператомленыя, згаладнелыя, абсівераныя на ветры. Пятрок ужо выкапаў і абгароджваў парканнаю загародкаю афіцэрскі клазет на гародзе, а яна шаснула ад кухні да сенцаў, і вартавы саступіў убок — цяпер ён дазволіў увайсці ў істопку…
Сцепаніда ўвайшла і стаілася — яна баялася папасціся каму на вочы, усё думалася: а раптам хто з іх пазнае ці здагадаецца, што менавіта яна ўзяла вінтоўку. Не было б патрэбы, яна б не вылазіла з гэтай істопкі, дзе быў цяпер для яе прытулак і схоў і дзе зранку было ўсё перавернута і перакулена. Пятрок яшчэ не прыйшоў з гарода, і яна трохі парассоўвала па кутках дзежкі, начынне, павесіла транцё на цвікі па сценах. Золкі восеньскі дзень пад вечар і зусім сапсаваўся, пачаў імжыць дождж, немцы не надта гойсалі па падворку, а неяк хутка пабралі свае кацялкі з мясам ля кухні і пазашываліся ў палатку.