|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
Пятрок, але ўсё яшчэ не адчыняў істопкі.
І тады яна ўспомніла пра недастрэленых сваіх курэй, якія, мабыць, некуды сышлі з хутара ці, можа, пахаваліся ў рове. Тупаючы ўдзень ля кухні, яна крадком усё пазірала па завуголлі, ці не пакажацца каторая. Але не паказалася ніводнай, значыць, недзе добра зашыліся. — Папрасі там, каб пусцілі курэй пашукаць. Курэй, скажы, разагналі ўчора. — А што? Можна. Ну, Божа, памілуй. Не бачна было ў цемры, але яна ведала: Пятрок перахрысціўся, і памалу, нерашуча адчыніў дзверы. Затым не адразу, счакаўшы, з сянец пачуўся ціхенькі стук у другія дзверы, у хату, і Сцепаніда захвалявалася — чорт ведае што зараз будзе? Хоць бы жывы вярнуўся яе Пятрок. Аднак, здаецца, яго ўпусцілі ў хату, і ён прапаў там надоўга. Яна чакала і слухала, ды нічога адтуль не было чуваць, апроч рэдкіх нянаскіх слоў, што-небудзь зразумець па якіх было нельга. І раптам тоненька пявуча загучала адна струна скрыпкі, другая і трэцяя — ладна загучалі, і яна пазнала Петракову руку. На што іншае ён быў не надта каб здатны, але іграць умеў, як рэдка хто іншы. «Няўжо аддадуць?» — неяк з сумнаю радасцю падумала Сцепаніда. Аднак Пятрок не вяртаўся, а замест яго з хаты хвалююча-пявуча пацякла музыка колішняй любімай ёю «Купалінкі». Сцепаніда слухала-слухала, душачы ў сабе нешта жаласлівае, якое ўладарна брала ў свой палон, і яна не стрымалася. З вачэй выплыла адна за адной некалькі слязін, яна хуценька сцерла іх з твару ражком шорсткай хусткі і зноў стаілася, слухаючы. Пятрок іграў слаўна, чыста і нават старанна, як некалі іграў малады на вечарынках у Выселках, Замошшы, Гузах на пару з цымбалістам Лаўрыкам. Як скончыў, чутно было, там зноў загаманілі, прыціхлі, і з хаты загучаў новы матыў песні пра Волгу, якую спявалі перад вайной. Чуваць было, яму падпявалі нават — не па-нашаму, недарэчна-фальшыва на чужой гэтай мове. Сцепаніда слухала-слухала, і яе першае міжвольнае замілаванне музыкай пачало саступаць месца прыкрасці і нават злосці — навошта ён там ім іграе? Знайшоў каго цешыць музыкай! Не мог адмовіцца, ці што? Сказаў бы: не ўмею, не мая скрыпка — сынава. А то ўзрадаваўся: пахваліў афіцэр за сарцір, дык, можа, гатоў яму іграць, калі ён там сядзець будзе. Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.
Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! — дзівілася Сцепаніда. — Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!» Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы — адны, другія. Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў: — Ну, я ж казаў… — Аддалі? — холадна запыталася яна. — Аддалі, во, а ты казала, — ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі. — А пра курэй спытаў? — А, пра курэй… Забыўся. Знаеш, забыўся… Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш. Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся. — Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?.. — Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, — напаўголаса, але злосна вымавіла яна. — Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш — падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц — ніякай вестачкі, а ён ім грае. — Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі. — Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш? Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы — устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, бы нежывая, не разумеючы, што там дзеецца, куды і ў каго там страляюць, як раптам над хатай і падворкам пыхнула сляпучае, бы электрычнае, святло ўгары: у акенца шыбануў яркі вогненны пук, які хутка перабег цераз падлогу, па дзежках з Петраком, што змярцвела трымаў у руках чырвоную скрыпку, і раптам згас на сцяне пад чорнаю бэлькай столі.
— Ракета, — сказаў Пятрок запалым голасам. — Што ж гэта робіцца? Спаляць… Яна таксама не ведала, што гэта робіцца, і не бачыла нічога, толькі страхавіта ўслухоўвалася ў незразумелую калатнечу каля сядзібы. Падобна было, аднак, калатнеча пасунулася за хату, да рова, чуваць стала, што беглі туды, тупаючы па зямлі ботамі; там жа бахнула яшчэ некалькі стрэлаў. А калі неўзабаве загарэлася яшчэ адна ракета — яе дальняе святло цьмяным няпэўным водбліскам шаснула па суччы ліп, грувасткім будане машыны пад імі. «Каго яны там згледзелі? — думала Сцепаніда. — Няўжо парсючка? Мо выграбся, прыбег, цяпер пэўне ж застрэляць». Яна ўжо не магла сядзець і слухаць — стала на калені да акенца і ўзіралася ў цемру. Пасля памкнулася нават выйсці, але тут жа вярнулася да акенца, падумаўшы, што цяпер выйсці нельга: яшчэ застрэляць у цемры. І яна слухала ўсё: недалёкую ўстрывожаную гаману ля рова ці на гародзе, па той бок сядзібы, яшчэ некалькі стрэлаў і гучных крыкаў-каманд па-нямецку. — Божа мой, Божа! Што гэта? — не могучы даўмецца, бедаваў Пятрок. — Ціха ты! Слухай… Ну ведама ж, што яшчэ ім заставалася, апроч як сядзець і слухаць. Неяк у гэтай несканчонай напружанасці, як там трохі прыціхла, яна пачула кароткую сцішаную размову ля ганка — мабыць, хтось загаварыў з вартавым, і яна зразумела адно толькі знаёмае слова «бандытэн». Але адкуль тут і якія бандыты? Няўжо напалі на іх, калі немцы так раз'юшана кінуліся за імі да рова? Але чаму тады не чутно стрэлаў адтуль? — Што будзе, што будзе? — ледзь чутна бедаваў Пятрок, і яна ціха азвалася да яго: — Што будзе, тое і будзе. Не знаеш хіба? — Каб жа хоць не спалілі! Гэныя ракеты, знаеш, |