|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
Сцепаніда сабрала ў чыгунок рэшту старой варанай бульбы з цабэрка, трохі пасыпала яе вобмешкай, зірнула ў акенца. У наваколлі браўся хуткі асенні прыцемак, ля кухні нікога ўжо не было, апроч Карлы, які, напяўшы на галаву касы клін зялёнай палаткі, нешта прыбіраў там — наводзіў парадак. І яна з чыгунком, трохі прыхінутым палой ватоўкі, выйшла з сянец, адразу, аднак, наткнуўшыся на вартавога — пажылога, даўганосага немца ў насунутай на вушы пілотцы. Ён стаяў пад страхой ля ганка і адразу выцяг нагу перад парогам.
— Эс іст ферботэн! Нелзя! — Няможна? Во як… Яна не стала ні прасіцца, ні ўгаворваць немца — з хаты даносіліся зласлівыя словы фельдфебеля, значыць, ён ці той афіцэр загадалі вартавому не пушчаць яе ў двор. «Каб вы паздыхалі ўсе!» — сказала яна сабе ў думках і вярнулася ў істопку. У істопцы яна паставіла чыгунок ля парога, села на сеннічок і праседзела так, аж покуль у істопку не ўлез Пятрок. Ад яго патыхнула макрэддзю і сцюжай, але Пятрок нават не здаўся змораны — хутчэй вясёлы і задаволены. — Баба, жывём! — з ненатуральным для яго ажыўленнем загаманіў ён з парога. — Зрабіў сарцір, ну, гэты клазет… Афіцэр пахваліў. — Можа, аблаяў? — Не, пахваліў, яй-богу. Па плячы так паляпаў. Гут сказаў. — Здорава ты выслужыўся, — з'едліва сказала Сцепаніда, трохі дзівячыся пры сабе з Петрака: знайшоў чым радавацца. — Ды не выслужыўся, чорт іх бяры! — з прытоеным запалам загаманіў Пятрок. — А во падумаў, мо скрыпку аддадуць. — Не аддадуць, — сказала яна. — Не затым бралі. — А нашто яна ім? Іграць жа не ўмеюць. — А можа, і ўмеюць. — Каб умелі, ужо ігралі б. Я знаю. — Ну ідзі, прасі, — сказала яна, думаючы, аднак, аб іншым. Яна думала, што парсючок, мабыць, прападзе, проста азалее ў гэту сцюжу, калі перш не здохне з голаду ў той нары. І што рабіць? Хіба папрасіцца па якой патрэбе з сядзібы, можа, пусцілі б? Але якую прыдумаць прычыну, каб паверылі, яна не магла даўмецца і напружана думала, думала. — Ану пайду, — набіраўся рашучасці Пятрок, але ўсё яшчэ не адчыняў істопкі.
І тады яна ўспомніла пра недастрэленых сваіх курэй, якія, мабыць, некуды сышлі з хутара ці, можа, пахаваліся ў рове. Тупаючы ўдзень ля кухні, яна крадком усё пазірала па завуголлі, ці не пакажацца каторая. Але не паказалася ніводнай, значыць, недзе добра зашыліся. — Папрасі там, каб пусцілі курэй пашукаць. Курэй, скажы, разагналі ўчора. — А што? Можна. Ну, Божа, памілуй. Не бачна было ў цемры, але яна ведала: Пятрок перахрысціўся, і памалу, нерашуча адчыніў дзверы. Затым не адразу, счакаўшы, з сянец пачуўся ціхенькі стук у другія дзверы, у хату, і Сцепаніда захвалявалася — чорт ведае што зараз будзе? Хоць бы жывы вярнуўся яе Пятрок. Аднак, здаецца, яго ўпусцілі ў хату, і ён прапаў там надоўга. Яна чакала і слухала, ды нічога адтуль не было чуваць, апроч рэдкіх нянаскіх слоў, што-небудзь зразумець па якіх было нельга. І раптам тоненька пявуча загучала адна струна скрыпкі, другая і трэцяя — ладна загучалі, і яна пазнала Петракову руку. На што іншае ён быў не надта каб здатны, але іграць умеў, як рэдка хто іншы. «Няўжо аддадуць?» — неяк з сумнаю радасцю падумала Сцепаніда. Аднак Пятрок не вяртаўся, а замест яго з хаты хвалююча-пявуча пацякла музыка колішняй любімай ёю «Купалінкі». Сцепаніда слухала-слухала, душачы ў сабе нешта жаласлівае, якое ўладарна брала ў свой палон, і яна не стрымалася. З вачэй выплыла адна за адной некалькі слязін, яна хуценька сцерла іх з твару ражком шорсткай хусткі і зноў стаілася, слухаючы. Пятрок іграў слаўна, чыста і нават старанна, як некалі іграў малады на вечарынках у Выселках, Замошшы, Гузах на пару з цымбалістам Лаўрыкам. Як скончыў, чутно было, там зноў загаманілі, прыціхлі, і з хаты загучаў новы матыў песні пра Волгу, якую спявалі перад вайной. Чуваць было, яму падпявалі нават — не па-нашаму, недарэчна-фальшыва на чужой гэтай мове. Сцепаніда слухала-слухала, і яе першае міжвольнае замілаванне музыкай пачало саступаць месца прыкрасці і нават злосці — навошта ён там ім іграе? Знайшоў каго цешыць музыкай! Не мог адмовіцца, ці што? Сказаў бы: не ўмею, не мая скрыпка — сынава. А то ўзрадаваўся: пахваліў афіцэр за сарцір, дык, можа, гатоў яму іграць, калі ён там сядзець будзе. Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.
Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! — дзівілася Сцепаніда. — Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!» Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы — адны, другія. Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў: — Ну, я ж казаў… — Аддалі? — холадна запыталася яна. — Аддалі, во, а ты казала, — ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі. — А пра курэй спытаў? — А, пра курэй… Забыўся. Знаеш, забыўся… Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш. Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся. — Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?.. — Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, — напаўголаса, але злосна вымавіла яна. — Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш — падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц — ніякай вестачкі, а ён ім грае. — Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі. — Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш? Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы — устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, |