Категории

Читалка - Знак бяды


? Кожнаму на гаспадарцы найперш трэба конь. Затое ў мястэчку яму пашэнціла болей, і ён успомніў пра сваю галоўную па гэтым часе заслугу.

— А газы хто расстараўся? Не я хіба?

— Ах, газы! Смех адзін — газы! Вунь людзі мяшкамі соль нацягалі. Запалкамі запасліся. Цукрам нават. А то суляю газы прынёс — смех адзін…

— А што? Газа ўзімку — знаеш! Мала ў каго, а ў нас ёсць.

— Маўчы ты! Газы… І гэта, знайшоў сваяка! Сабутэльніка! Каб ён мой быў сваяк, я б яго памялом з дому. Прадажнік! А ён гарэлку з ім распівае, частуе яго. Вунь немцы прыйдуць, тады іх пачастуеш.

Дзверы ў сенцы былі расчынены, Сцепаніда сноўдала то да печы, то ў сенцы, у істопку, бразгала конаўкаю ў вядры, разводзіла пойла. Цяпер, калі яны засталіся адны, яна не стрымлівалася, выгаварвала ўсё, што намуляла за гэтыя тыдні і на яго, і на вайну, і на жыццё таксама. Пятрок болей маўчаў — што ён мог сказаць ёй, чым запярэчыць? Ён адчуваў яе праўду, але ж не хацеў паступацца і сваёй, слабаватай, але таксама блізкаю яму праўдай, якая крыўдліва варушылася ў душы, не жадаючы каму-небудзь паддацца.

— Прыйдуць — пачастуеш. Куды дзенешся? — ціха зазначыў ён, думаючы, што жонка, можа, не ўчуе. Але яна ўчула, і гэта яе абурыла канчаткова.

— Ну гэта ты частуй! Я не буду. Я сыду з каровай у лес. Каб мае вочы не бачылі.

— Гэткай бяды! — сказаў ён, таксама ўжо злуючыся. — Ідзі! Абыдуся!

— Ага, абыдзешся! Думаеш, ты пап'еш тут? Падліжашся да іх? Ды яны тваё вып'юць і цябе ж мардаваць пачнуць.

Пятрок памкнуўся быў нешта сказаць, але толькі махнуў рукой: Сцепаніду не перапыніш. Хіба што ўцямяшыш бабе насуперак яе волі? Тое, што для цябе ясны дзень, ёй здаецца цёмнаю ноччу. Паспрабуй дакажы, што сёння ёй няблага пашэнціла, што Гуж адмякчэў пасля выпіўкі і не стаў дужа да іх прыдзірацца, што ён, можа, сапраўды пакрывае яе перад немцамі. Сам жа сказаў: радня. Таму не лішне з ім ладзіць, неяк паддобрыцца, можа, завесці дружбу. Канешне, ён п'яніца, нягоднік, нямецкі халуй, але ж ён — улада. Быццам яму, Петраку,

вялікая радасць піць з ім гарэлку, прыслужваць ды яшчэ слухаць яго знявагі? Але, калі хочаш жыць, мусіш трываць не такое. З ваўкамі жыць — па-ваўчынаму і выць.

Праўда, тое разумнае меркаванне толькі блытана мроілася ў яго захмялелай галаве, услых жа ён стрымана, ціха агрызаўся на Сцепанідзіны наскокі, ведаў: пры злосці ёй лепш не пярэчыць, ягонага верху ўсё роўна не будзе.

Сцепаніда ж тым часам, здаецца, усё выгаварыла і неяк ураз пацішэла. Спярша яна аж спалохалася, як убачыла ў хаце чужых, але затым пакрысе асмялела, асабліва калі раззлавалася. А раззлавалася яна болей на Петрака за яго нахабны наскок на яе з крыкам, камандаю ды яшчэ перад гэтымі злыднямі. Хай бы крычаў-загадваў, калі яны засталіся ў хаце ўдваіх, дык цяпер ён маўчыць ці адно буркае штось для свайго апраўдання. А тады ў яго лаянцы яна ўчула паганы намер вылузнуцца перад гэтым Гужом, дагадзіць яму тым, што зняважыць яе. Але зняважыць сябе яна не дазваляла нікому, заўжды магла пастаяць за сябе. Высялкоўцы і дагэтуль памятаюць, як калісь на калгасным сходзе яна збэсціла перад прадстаўніком з раёна іхняга кладаўшчыка — злодзея і п'яніцу Салаўя, як таго пасля знялі з кладаўшчыка і нават хацелі судзіць. А калі яна была звеннявой па льну і Кандыбішын зяць даказаў, быццам яе бабы крадуць ноччу лён, яна дамаглася праверкі, нават вобыску ва ўсіх; колькі разоў іх перапынялі на сцежцы, правяралі ў баб за пазухамі, пад спадніцамі, але марна, і гэты паклёп з іх знялі.

Яна размашыста секла сечкай траву ў карытцы. У расчыненых дзвярах пры парозе было светлавата, сечка кідала ахрап'ем на ўтаптаны земляны дол, яе парэпаныя босыя ногі, і яна горка думала, што з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна. Галоўнае — у яго няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў пагадзіцца, падтакнуць, хоць той брэша, не баючыся Бога. Быццам людская пакорнасць робіць іх дабрэйшымі. Хутчэй наадварот. Не дасі адразу адпор — неўзабаве ўзаб'юцца на карак і будуць ехаць, колькі каму захочацца. Яна змалку ведала

гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Хай сабе ён і з вінтоўкай. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся, людзі казалі: немцы адпусцілі з лагера. І ён прыбрыў у мястэчка, схуднелы, у вайсковых трантах, з вошамі за каршэнню. Дык во цяпер ад'ядаецца на паліцэйскіх харчах.

Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.

Па двары, пад плотам і па бурачніку ў гародзе непрыкаяна дыбалі яе цыбатыя маладыя курачкі, нешта дзяўблі там. Несліся пакуль што тры старыя курыцы, якіх пільнавалася Сцепаніда, — здаўна ад яек быў увесь яе грашовы набытак, якая капейчына, заўжды патрэбная ў гаспадарцы. Сабраўшы са тры дзесяткі, яна несла яйкі ў мястэчка, мяняла на што патрэбнае ці прадавала местачкоўцам за грошы. Без курэй было неяк. Трэба б сыпануць ім якога зерня, падумала Сцепаніда, але яна спяшалася ў поле, і на курэй у яе ўжо не хапала часу. Таропка вынесла паўвядра мешанкі парсючку, расчыніла нізкія дзверцы застаронка, і той, пачуўшы гаспадыню, жвава заварушыўся ў саломе. Яна апусціла мешанку ў куток, пастаяла хвіліну, з любасцю пазіраючы, як парсючок заўзята зацмокаў у вядзерцы — аж затрэсліся вушы. Неўзабаве ён ужо ўлез туды пярэднімі нагамі і абярнуў яго, Сцепаніда ж папраўляць вядзерца не стала — ведала: і так выесць усё дачыста.

Але трэба было бегчы ў поле — у Бараннім Лозе, прывязаная да алешыны, пасвілася Бабоўка, нягожа было надоўга пакідаць


Содержание книги