Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
— як жавароначка, — ахвотней падхапіў Пятрок. — Але ж гэта… А таварышу? — кіўнуў ён на Каландзёнка ў парог.
— Абыдзецца, — сказаў Гуж. — Ён няп'юшчы. Ты ж праўда няп'юшчы, Патап? — Няп'юшчы, — тонка звягнуў Каландзёнак, і ўсе ўслухаліся. У двары пачуўся нейкі старонні рух, ля хляўка спалохана закудахтала курыца. — Ану! — рашуча кіўнуў памагатаму Гуж, не ставячы, аднак, шклянку. Каландзёнак выскачыў у сенцы, але хутка вярнуўся. — Баба прыйшла. Петрака міжвольна перасмыкнула, зноў шыбануў непакой за жонку — навошта яна прыперлася? Ён хацеў як папярэдзіць яе, каб не заходзіла ў хату, але, мусіць, было ўжо позна. — Я гэта… Бабе скажу, каб закускі якой, — паспрабаваў ён устаць з лаўкі. Але Гуж адразу прыпыніў гэту спробу. — Сядзі! Сама дасць. А як жа? Убачыць, не сляпая. Госці ў хаце… У сенцах штось бразнула, шырока тузануліся дзверы, і Сцепаніда на момант замерла на парозе, мусіць, нечакана згледзеўшы чужых у хаце. — Захадзі, захадзі! — коўтаючы ежу ў роце, прагугнявіў Гуж. — Не сцясняйся, ха-ха! Мусіць жа, не сцясніцельная? — Здраствуйце, — ціхавата павіталася Сцепаніда і пераступіла парог. «Ну, зараз возьмуць!» — паныла падумаў Пятрок, скоса пазіраючы на Гужа. Але той, нібы безуважна да гаспадыні, адкроіў кус хлеба і пасунуў на край стала. — З'еш, Патап. Каландзёнак з нязрушнай паныласцю на белабрысым твары ўзяў пачастунак і тупа зыркнуў на гаспадыню. — П'яце, а там ужо немцы па мосце ходзяць, — сказала Сцепаніда, хіба для таго, каб парушыць напружаную ціш у хаце. — Правільна, ходзяць, — пагадзіўся Гуж. — Яшчэ пару дзён — і будуць ездзіць. Германская дзелавітасць! — А чаго ім тут ездзіць? Што ў іх, у Германіі, дарог не хапае? — сказала Сцепаніда. Гуж выпрабавальна паглядзеў на яе і, нібы вожык, пагрозліва чмыхнуў носам. — Дужа разумная, гляджу. Ах, якая разумная! Не дарма — акцявістка! Не адраклася? — Ад чаго мне адракацца? Я не зладзейка якая. Хай зладзеі ад свайго адракаюцца. — Хто гэта — зладзеі? Ці не мы, можа ? — унутрана настырчыўся Гуж.
— А ёсць такія. Сёння так, заўтра гэтак. «Ды маўчы ты, дурніца, — даводзіў у думках Пятрок. — Што ты заядаешся? Ці не бачыш, хто перад табой?» Сцепаніда і яшчэ памкнулася нешта сказаць, але толькі матлянула злым позіркам на Гужа, такім самым на Петрака і Каландзёнка. Гуж адразу ж падлавіў гэты яе позірк і загудзеў злым басам: — Вот швэндаешся па палёх, нямецкія часці разглядваеш. А ў хаце госці. Што гаспадыня далжна рабіць? — Я карову выганяла. Вунь жа гаспадар вас частуе. — Гаспадар? Што ён умее? Ён і курыцу не пашчупае, твой гаспадар. А гасцям трэба гарэлкі! Закусь харошая трэба! — Што яшчэ? — Закусь, кажу, харошая. Для прадстаўнікоў германскай улады! — Даўно вы такія прадстаўнікі? — з унутранай нястрымнасцю ўспыхнула Сцепаніда, і Пятрок адчуў, што зараз здарыцца непапраўнае. — Баба, маўчы! — крыкнуў ён. — Маўчы! Ладзь яешню! Чуеш прыказ мой? Яешню! Гуж нядобра зарагатаў на ягоны выпад. Сцепаніда моўчкі павярнулася і выйшла за парог. Дзверы за ёй засталіся расчыненыя, і Каландзёнак зачыніў іх, стоячы ўсё там, ля парога. — Во бачыў? — сур'ёзна зазначыў Гуж Петраку. — Знаеш, што немцы з такімі робяць? — Ну чуў… Але гэта… — Вешаюць! Вешаюць на тэлефонных слупах! — прыстукнуў ён цяжкім кулаком па стале. Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы, паліцай, мусіць, заўважыў гэта і задаволена адкінуўся да сцяны. — Ды яна так, не са злосці, — паспрабаваў апраўдаць жонку Пятрок. — Ад чаго ж тады? Скажаш, ад добрасці? Камуністка яна, — аб'явіў раптам Гуж. — Ды не… Яна языком толькі. — Во-во, языкатая, — нядобра пагадзіўся Гуж. — Не выдралі яшчэ. Дык выдзеруць. У немцаў гэта раз-два. Пятрок не ведаў ужо, што сказаць, каб як бараніць жонку, якую вельмі хутка нават маглі загубіць гэтыя двое. Сама яна не паберажэцца — скарэй наадварот. Але Гуж нечакана абвясціў: — Скажы мне дзякуй. Маёй дабраце. А то б даўно ўдаўцом стаў. Панятна? — Дык то — дзякуй. — Во-во! Што ж, Пятрок зразумеў: на гэты раз быццам пранесла. Можа, не возьмуць. Пакуль што. Калі гэта дурніца зноў не налезе на іх паліцэйскі ражон.
— Але «дзякуем» не абыдзешся. Ці ты думаеш, я цябе буду пакрываць і яшчэ паўлітэркі насіць? Гэта ты мне насіць должан, — зноў узяўся за сваё Гуж. — Дык я б з гатовай душой. Але… — Гарэлкі няма? А ты дастань! Купі! Выменяй! Для радні не можаш пастарацца? Я ж табе не чужы? — Не чужы, ага… «Каб ты згарэў, аднак, сваячок гэты», — зацята думаў пры сабе Пятрок, адчуваючы, што новая паваротка ў гаворцы не лепшая за ранейшую. Дзе ён возьме яму гарэлкі? У лаўцы не купіш, у суседзяў не пазычыш. Некалі, праўда, спрабаваў гнаць самагон, але і начыння таго даўно ўжо няма. Зноў жа, як было пярэчыць гэтаму жываглоту — неяк трэба выкручвацца. Як толькі? — Я да цябе яшчэ завітаю. Чуеш? — Чую, анягож. Ды толькі… Ён не знайшоў, як скончыць, калі ўвайшла Сцепаніда, прынесла гуркоў і капусты, моўчкі паставіла ўсё на стол. — Мусіць, немцы слабавата кормяць? — з прыхаванай з'едлівасцю запытала яна. Гуж нядобра вырачыў вочы. — А табе што? Ці вельмі не падабаюцца немцы? — Як скуллё на задніцы! — Сцепаніда!!! — ускочыў Пятрок. — Маўчы! — А я і маўчу! — Маўчы!!! Знаеш… Вот ён па-родственнаму! Па-добраму, а ты! Знаеш?.. — Ладна, — сказала яна да Петрака. — Ужо выпіў, дык і гатоў зад лізаць. Дужа ты, аднак, быстры… Апошнія яе словы ўжо даляцелі з сенцаў, бразнулі дзверы, і Пятрок вінавата пракашляўся. Ён чакаў і баяўся, што цяпер скажа Гуж. — Баба, вядома… Што зробіш? — Што зробіш? — злосна падхапіў паліцай. — Пута вазьмі. Каторае тоўстае, новае, з кастрой! І путам! А то пяньковай пятлі дачакаецца. Папомніш мяне! Пятрок панура маўчаў, седзячы пры стале. Кучку накрышанай табакі ссунуў на ражок стала і невідушча падмятаў даланёй табачныя крошкі, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж — есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе! — Прыязджаў |