Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
з даверам і добрасцю аддаючы сябе ў гаспадыніны рукі.
Сцепаніда звязала матузком яе ногі і паклала ў кашолку. Затым вярнулася ў сенцы, зняла з вешала над куфарам старую паркалёвую хусцінку і ёю абвязала зверху кашолку. Перад тым як выйсці, яна азірнула ўбогія сцены сянец, куткі, куфар. Але болей нічога прыдатнага для гасцінца яна не магла нагадаць у сваёй абрабаванай вайной гаспадарцы. Калі не пагодзіцца на адну, яна не пашкадуе ўсіх, хай есць, толькі б удалося тое адзінае, што цяпер адбірала яе ўвагу, клопат і сілы, а можа, і яе жыццё. Іншага яна не магла, а тут у яе руках апынулася такая магчымасць, якая выпадае не кожнаму. Гэта была вялікая яе мэта, і яна пастараецца яе здзейсніць. Шкада, што яна не можа зрабіць усё сама, але, можа, памогуць людзі? Пэўне ж, памогуць. Трэба толькі знайсці здатных людзей — не злыдняў і не баязліўцаў, і тады, можа, Пятрок дачуецца яшчэ, што здарылася на гасцінцы. Абы толькі ўдалося. Канешне, адчувала яна, з людзьмі будзе самае труднае. Найлепш, калі б яна мела каго з мужыкоў, калі б дома быў Федзька ці хоць бы Пятрок. Яна зноў пабедавала ў думках, калі ўспомніла, як не пусціла ў тую ноч незразумелых захожых, можа, якраз яны і памаглі б? Але ж хто можа напэўна ўгадаць тое, чаго няма і толькі яшчэ мае адбыцца? Ці яна ведала, хто яны? Яна і цяпер нічога пэўна не ведае, толькі здагадваецца і мяркуе. Але меркаваць пра іх можна рознае, ды на справе мала што праўдзіцца. Настылая за ноч гразь на дарозе студзіла яе босыя ногі, і яна выбірала, дзе трохі сушэй і каб без травы. Трава спрэс была мокрая, як бы ў золкай расе, і ў ёй болей, чым у гразі, стылі ногі. Неба патроху праяснілася, быў позні ранак — хмарны, без сонца, ветраны і сцюдзёны, але яна не заўважала ні ранку, ні сцюжы — яна думала, як лепш падысці да Віктара, каб пагадзіўся. Але ж павінен. Некалі ён быў ладны, паслухмяны і разумны хлапчына, усё бегаў у маленстве да іх на хутар, цягаўся з Федзькам. Аднойчы яна адчытала абодвух за небяспечнае свавольства з запалкамі, карабкоў восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.
Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць. Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці… Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта… Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя — пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш — знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён. Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі. Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла. Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не павітаўшыся, калі б не той позірк Карнілы. Яго знешне спакойны барадаты твар, аднак, выражаў цяпер адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Але тут жа спыніўся і Гуж.
— Куды ідзеш, акцявістка? — У дзярэўню, не бачыш? — сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку: — Там што? — Курыца. — Ану! — Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку. — Так. Патап, на! Прыйдзем — адкруціш галаву. Спатрэбіцца. Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам. — Усё сноўдаеш? — Сноўдаю. А што, нельга? — запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю. — Ну-ну, пасноўдай! — неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе — паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля. — Шагам арш! Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць? Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што |