Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
што. Яна ўспомніла нядаўнія словы Петрака і ў нейкім азарэнні сцяміла, што яно ж так і ёсць! Яна надта добра ведала высялкоўскага Карнілу, каб адразу ўпэўніцца, што без яго тут не абышлося. Але ж Карніла!.. А можа, цяпер паслухаецца яе? Яна яго ўпросіць.
І яна хуценька пайшла назад па гасцінцы, ад рэчкі да хвойніку, за якім якраз насупраць Яхімоўшчыны была паваротка ў другі бок — на гару ў Выселкі. На гасцінцы ніхто ёй не трапіўся, толькі далёка ззаду нехта нетаропка дыбаў з мястэчка. Але на высялкоўскай дарожцы яна напаткала Александрыну, колішнюю сваю равесніцу, з якой зналася ад самага дзяцінства, яны нават разам выходзілі замуж, помніцца, абедзве вянчаліся ў царкве зімой на Вадохрышча. Яшчэ, памятае, у той дзень вараны жарабок Александрынінага бацькі зламаў нагу на тым самым мосце, праваліўшыся ў дзіравым насціле, такі быў паганы мост. Александрына памалу ішла, павязаная хусткай рагамі пад пахі, і вяла за руку хваравітага, тоненькага, вельмі цёпла апранутага хлопчыка. Яны павіталіся. — Даўно не бачыліся, Сцепанідка, куды ж ты, як маешся? — Ды так, ведаеш… Цяпер жа так, — трохі сумелася Сцепаніда, засцігнутая знянацку гэтым пытаннем. Яна проста не ведала, як адказаць, і хуценька запыталася: — А ты ж як? — Ай, Сцепанідка, во горачка навалілася, вяду ж хлопчыка да доктара, з'еў нешта благое, дык рады няма, пяты дзень мучаецца, — ахвотна загаманіла Александрына, адразу забыўшыся на сваё пытанне. — Гэта ж трэба на мяне такое сёлета, — яна засцярожліва азірнулася на дарогу і цішэй сказала: — Гэта ж, ведаеш, Віця прыйшоў мой, камандзір, ледзьве выбавіўся… — Віктар? А што ён — з вайны? — здзівілася Сцепаніда. — Ай, якая вайна! Кантузіла яго дужа, галава баліць, рукі трасуцца. Ой, якое горачка было там, на фронце, расказвае… — Трудна? — Ой, не кажы! Танкамі, кажа, душыць усіх, а ў нас жа адны вінтовачкі, і тыя… Паразбягаліся каторыя па лясах, каторыя ў палон, а каторыя во дамоў, каму недалёка… — Во як! Сцепаніда слухала, але нешта ў ёй міжволі насцярожылася да гэтай кабеты, колішняй яе сяброўкі, нешта не спадабалася ёй, і яна думала: яе Віктар прыйшоў, а дзе мой Федзька? Федзька напэўна не пабяжыць і ў палон не здасца, і калі няма ад яго ніякага знаку, дык… Дык, пэўна, у сырой зямельцы ўжо Федзька.
Трохі крыўдна было за сына, і адчула яна кароценькую зайздрасць да Александрыны: хоць і кантужаны, але во вярнуўся. Але ў той і без старэйшага дома пяцёра, поўная хата дзятвы. А ў яе пуста. Было двое, і тых… Ніводнага. З такімі невясёлымі думкамі яна дабралася да Выселак, але вуліцай не пайшла — у канцы гародаў завярнула на сцежку і падалася да недалёкай пуні пад клёнам, адкуль ужо рукой падаць было да Карнілы. Яна не была ў яго, можа, з дзесяць гадоў, ад самай калектывізацыі, і ўбачыла, што за той час Карнілава сядзіба не абстарылася, можа, паднавела нават. За высокім спраўным парканам лязгнуў ланцуг і злосна забрахаў сабака, яна стала, баючыся адчыніць ладныя, збітыя з новых дошак варотцы. Думала, нехта ж павінен выйсці. Ёй не хацелася, каб выйшла Вандзя, высокая, ссохлая Карнілава жонка, з якой у яе так і не склаліся адносіны з самага дня іх жаніцьбы. Хоць і не сварыліся, але ніколі і не пагаварылі нават, а сустрэўшыся дзе на дарозе ці ў мястэчку, моўчкі разміналіся, бы незнаёмыя. Яна хвіліну глядзела па-над варотцамі на хату пры добрым, з зашклёнымі бакавінкамі ганку, пад новай саламянай страхой, а ён паказаўся аднекуль збоку ад шмат якіх прыбудовак, хляўкоў, павецяў. Зусім кулацкая сядзіба, падумала Сцепаніда. Няблага ўладкаваўся Карніла, хоць рабіў не Бог ведае дзе — на пажарнай у мястэчку і, мабыць, меў часу. Рупнасці ж у яго хапала заўсёды. Карніла выткнуў аднекуль галаву, зірнуў у варотцы, угледзеўся. Яна ледзьве пазнала яго — чорнабародага, шырокай касці, дужага мужыка, які цяпер памалу, з недаверлівым роздумам падышоў да варотцаў і адкінуў дзве ці тры цяжкія жалезныя зашчапкі. — Ты як у крэпасці, — пажартавала яна, аднак, мабыць, з сур'ёзным тварам. Мусіць, ён адчуў натужнасць яе жарту і сам не азваўся, прапусціў яе ў двор і ззаду гэтак жа на ўсе засаўкі старанна зашчапіў варотцы.
— У мяне дзела да цябе, — сказала яна. — Але каб нікога… — Ну ідзём у паветку. Якраз там я… Ён нетаропка правёў яе каля чорнага, мабыць, злога сабакі, які ціха вурчэў ля будкі, зайшоў за рог сенцаў, адтуль яны прайшлі ў двор з кучай гною ля шула, яшчэ завярнулі ў нейкі засценак і апынуліся нарэшце ў прыадчыненых дзвярах бакоўкі, застаўленай безліччу драўлянага і металічнага ламачча, колаў, дошак, нейкіх лясін-нарыхтовак, чурбакоў і калодак, з развешанымі на сцяне інструментамі і жалязякамі і нават варштатам у куце. Ля дзвярэй на нізкай калодцы ляжала старая ўседжаная ватоўка, а ля большай стаяла кола, над якім, мабыць, завіхаўся Карніла. Як яны ўвайшлі, гаспадар адразу сеў на ватоўку і ўзяўся за сваё кола. Ён ні аб чым не пытаўся, і яна стаяла ля шула, не ведаючы, з чаго пачаць. — Майструеш? — Майструю. Што ж рабіць… — Дома ўсё добра? — Ды ўсё бытта. — А майго Петрыка забралі. Учора. — Кепска, калі забралі, — сказаў ён ранейшым сцюдзёным тонам, нават не падняўшы галаву ад кола, толькі, можа, дужэй стукнуў па вобаду цяжкім малатком. Яна не асабліва хацела з ім гаварыць, ведала ягоны няпросты нораў, але ўсё ж думала: можа, ён хоць здзівіцца. Але ён не здзівіўся, ён, відаць было, надта засяродзіўся ў сабе ці на сваёй рабоце. Ці такі цвердаскуры стаў за гэтыя гады, па такім часе. — У мяне да цябе просьба ёсціка, — проста сказала яна, падумаўшы, што, можа, і лепш так — без лішніх слоў, адразу пра справу. — Гэта якая? — усё так жа холадна-суха запытаў ён, дужымі рукамі напінаючы шыну на вобад, і шыя яго аж счырванелася над каўняром ад натугі. — Аддай бомбу. Можа, упершыню ён зірнуў на яе спадылба, калянуўшы трывогай з-пад чорных касматых броваў, і ледзь чутна няпэўна хмыкнуў. — Ведаю, бомбу ты і прыбраў. Тую, ля моста. Але нашто яна тебе? Аддай мне. — Многа ты ведаеш, — толькі і сказаў Карніла. — Аддай. Ну нашто яна табе |