Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
на галаве. Стала відаць, як міліцыянер з-за шкла з вялікаю ўвагай сочыць за Петраком, які ўжо выйшаў на сярэдзіну падворка, аднак усё болей замаруджваючы сваю хаду. Вялікім намаганнем ён прымушаў сябе ісці, але ногі кепска падпарадкоўваліся яму, упарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе было многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. І так сталася, што ногі перамаглі, збочылі ад прамога кірунку. Пятрок перастаў камандаваць імі і сам з вялікай палёгкай падаўся прэч з падворка да вуліцы, на тратуар.
Тут ён скінуў з сябе напружанне, уздыхнуў, адчуў, што ўвесь мокры ад поту, нібы на тым пракосе ў Бараннім Лозе, і некалькі часу ішоў па вуліцы, мала што прыкмячаючы навакол. Ён праклінаў сябе за нерашучасць, за тое, што ўлез у гэту справу, дакараў за гэткі дурны характар і ўгаворваў не хвалявацца, не баяцца дужа. Ну што яму той міліцыянер? Хіба ён ішоў сюды з кепскім намерам? Ён папытаць проста, як дайсці да таварыша Чарвякова ці хоць бы перадаць яму тыя паперы. Што ён, па сваёй волі гэта ці гэта яго інтарэс? Ён жа выканаўца агульнай справы, па даручэнні сяльчан. Сам ён тут амаль што старонні. Перадасць і пойдзе назад, чаго хвалявацца? І тым не менш не мог суняць страхавітага хвалявання і мог сысці немаведама куды ў гэтым горадзе і згубіць Дом урада. Пятрок спыніўся, трохі расслабіў правую нагу, якую, пэўна, ужо намуляў дашчэнту, рукавом пінжака выцер пот з твару. Не, усё ж ён падыдзе да міліцыянера, каб толькі спытацца, і нічога болей. Нашто баяцца. Пятрок зноў пашкандыбаў да будынка-гмаху, стараючыся не звяртаць увагі на бот, які па-ранейшаму націраў пальцы. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба, але цяпер было не да яе, і Пятрок трываў. На рагу будынка, аднак, ён замарудзіў крок, каб не адразу сунуцца на пляц-падворак. Але ўсё ж сунуўся, прамінуў кветнік у доле і павярнуў да прыступкаў, баючыся нават зірнуць туды. А як зірнуў, дык зноў ледзь не спатыкнуўся: ля тых самых дзвярэй на ганку стаялі аж два міліцыянеры ў белым і моўчкі на ўсе вочы глядзелі на яго, бы толькі яго і чакалі. Пятрок, нібы заяц у зімовым полі, апісаў на асфальце крутую пятлю і ледзь не подбегам вярнуўся на вуліцу. Пакуль мінаў Дом урада, стараўся надаць сабе выгляд чалавека, у якога процьма немалаважных спраў і якога тут зусім не цікавіць нічога.
Мала што заўважаючы навакол, ён адышоўся далёка за чырвоны касцёл і ўжо не спыняўся. Спыніцца — значыла для яго павярнуць назад, зноў да Дома ўрада, а вяртацца ў яго ўжо не ставала сілы. Зноў жа ягоная патрэба вымагала пэўнага месца, якога ён нават не ведаў, дзе тут шукаць. Ён толькі дазволіў сабе дастаць капшук і згарнуць цыгарку. Закурка трохі супакоіла яго, і Пятрок не першы ўжо раз, але дужа выразна падумаў: нашто ён паехаў сюды? Зажыве нага, хай бы Сцепаніда і ехала. Яна бойкая, яна не сумелася б перад міліцыянерам. Яна ж брала чырвонец, які немаведама як аддаць, яна назбірала тых подпісаў, з якімі немаведама што зрабіць. Даўшы сабе невялікую палёгку, ён пакурыў трохі, аддыхаўся ад нядаўняй страхавітай няёмкасці і так памалу ішоў люднай вуліцай, цікуючы па яе баках. Абапал грувасціліся то нізкія, то высокія будынкі з беззліччу вокнаў, балконаў, шыльдаў, у абодва канцы грукацелі набітыя людзьмі трамваі. Неяк угары над адным з іх густа пасыпаліся іскры, і Пятрок аж спалохаўся: загарыцца! Але не загарэўся, і ніхто на вуліцы быццам і не заўважыў таго, усе беглі сабе, занятыя ўласным клопатам. Тым часам ранак, мусіць, перайшоў на дзень, над дахамі закапцелых камяніц ускацілася спякотнае сонца, засень на тратуары зусім звузеўся, і так прыпякло, што хоць плач. Пятрок, колькі было змогі, трываў, хоць яму было ўжо не душна, а горача ў суконнай адзежыне, але ён не знімаў пінжака — усё ж баяўся за паперу і грошы. Ён кульгава ішоў люднай вуліцай трохі ўніз паўз трамвайныя рэйкі, што ўвесь час беглі поруч і дужа блішчэлі пад сонцам, пратупаў далёка, упарта думаючы: недзе ж павінна быць якая разрыўка, кусцікі, раўчук ці пустка, якія б яму спатрэбіліся. Але вуліца ніяк не канчалася, абапал бясконцымі радамі цягнуліся дамы — вялікія, меншыя, часам аднапавярховыя, як у мястэчку, затое паміж вялікіх цагляных гмахаў. І скрозь — вокны і дзверы, вокны і дзверы. У некаторыя можна было зайсці з тратуара, там штось прадавалася, але Пятрок толькі кідаў туды заклапочаны позірк і не заходзіў. Нага балела ўсё болей, ступню ён стаўляў цяпер бокам і лаяў сябе, што не памазаў боты, ад дзёгцю яны б сталі мякчэйшыя і, можа б, меней мулялі. Але спяшаўся ў Лепля, каб паспець на цягнік, а цяпер пакутуй. Не на жарт ён пачаў хвалявацца, бо ішоў час, а таго, што шукаў, нідзе не было відаць. Аднаго разу заглянуў у смярдзючы пад'езд з абадранымі аб вазы сценамі, але ў двары былі дзеці і жанчыны, адна вешала на вяроўцы бялізну і дужа цікаўна паглядзела на яго. Ад няёмкасці ён моўчкі павярнуў назад і хуценька выйшаў на вуліцу. Добра, што нічога не запыталася, што б ён адказаў ёй?
Наперадзе па той бок вуліцы зазелянелі высокія дрэвы, мусіць, нейкага сквера, ён трохі прыспешыў крок, але неўзабаве зноў пайшоў цішэй — там таксама было поўна людзей, што сядзелі на лаўках, чыталі, побач гулялі малыя, іншыя проста шпацыравалі па цяністых дарожках. Насустрач па вуліцы ішла маладая жанчынка, трымаючы ў адной руцэ павадок з лахматым сабачкам, а ў другой — распушчаны над галавой парасон, і Пятрок падзівіўся: было ж так сонечна, ніводнай хмаркі на небе. Ён пастаяў трохі, паазіраўся і зноў пакутна пакульгікаў туды, дзе вуліца пераломвалася на пагорку і збоч сквера за ладна расфарбаваным дамком з прыгожымі вокнамі зноў высіўся шэры гмах, вельмі падобны на Дом урада. Па гэты ж бок вуліцы цягнуўся высокі дашчаны плот, за якім быў відаць немалы двор з вялізнымі каштанамі над пакатым дахам. Вароты ў двор былі шырока расчынены, хоць там нікога не было відаць, толькі чуваць — лілася-цякла вада. Пятрок нясмела зазірнуў з-за пахілага шула — збоч ад каштанаў, у густым цяні дрэў тырчэла металічная тумба-калонка, ля якой поркалася цыбатая дзяўчынка ў стракатым сарафаніку. Далей віднеўся |