Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
тут месяц не паяўляўся! — смела схлусіла далей Сцепаніда, і паліцаі пераглянуліся ў недаўменні.
— Як гэта — не паяўляўся? — А так. Не было яго тут. Можа, дзе ў другім месцы ўзяў. — Няпраўду гаворыш, — заўсміхаўся паліцай з павязкай. — Каландзёнак не хлусіць. — Ану абыскаць! — раптам закрычаў насаты. — Всё абыскаць! Бярыце лучыну і всюду: в сенях, в аборы! — Дык спаліце ж хутар, хіба так можна з агнём, ці вы здурнелі! — залямантавала Сцепаніда. Але двое, што сядзелі на лавах, жыва ўскочылі і, пахапаўшы з загнеткі лучыны, пачалі падпальваць іх у грубцы. У дымным мільготкім смуродзе на момант асвяціліся іх счырванелыя азызлыя твары, відаць, абодва былі на добрым падпітку, і чакаць ад іх якой асцярогі не выпадала. З лучынкамі яны падаліся ў сені, чуваць было — палезлі ў істопку, з дзвярэй павалакло сцюжай, і Петраковы плечы ў адной камізэльцы перасмыкнуліся ад дрыжакі. Двое, што засталіся ў хаце, вальней расступіліся перад гаспадаром. — Ану ідзі сюда! — зацята загадаў насаты. Пятрок моўчкі ступіў на сярэдзіну хаты і стаў, гатовы да горшага. — Водку даеш? — Дык няма, — сказаў ён проста ўжо амаль абыякавым голасам, разумеючы, што даказваць, бажыцца тут без карысці. Яны былі ў такім стане хцівай драпежнасці, што ягоныя словы наўрад ці маглі многа значыць. Ім патрэбна была гарэлка. — А еслі найдзём? — Знойдзеце, дык ваша, — сказаў Пятрок, адчуўшы, аднак, што, мусіць, сказаў няўдала: яшчэ падумаюць, што ён недзе хавае. Але там, дзе хавае, яны не знойдуць, хоць бы перавярнулі ўсю сядзібу і яшчэ ўвесь роў у дадатак. — Знойдзем — палучыш пулю. За ашуканства, — паабяцаў паліцай. — А не найдзём — тожа прыстралім, как сабаку, — удакладніў насаты. — Так што харашэнька падумай. — Што ж, воля ваша, — паныла сказаў Пятрок і зразумеў, што выйсця для яго не будзе. — Толькі няма гарэлкі. Наступіла невялічкая затрымка, паліцаі, відаць, чакалі, што прынясуць тыя, што пайшлі шарыць у істопцы. Сцепаніда мяняла лучыну на загнетцы, каб было трохі відаць у хаце, у якой віўся пластамі дым і дужа патыхала гарэлым. Пятрок вельмі баяўся, каб не падпалілі што ў істопцы ці дзе на падворку, бо якой жа ашчаднасці можна чакаць ад п'яных. З усіх чатырох адзін толькі паліцай з павязкай здаўся яму трохі менш п'яным ці менш звераватым, чым той насаты з наганам, і Пятрок сказаў да яго:
— Ды не шукайце, яй-богу, няма. Што ж мне, шкада, яй-богу… — Бандзітам прыберагаеш! — раўнуў насаты. — А нам фігу? За нашыя старанні для народа! — Ды што ты яму чытаеш мараль? — па-ранейшаму дужа сардэчна сказаў паліцай. — Час марнуеш. Пастаў да сценкі яго. Жыць захоча — знойдзе. І ён хораша засмяяўся, паказаўшы шырокі рад прыгожых зубоў. «Во табе дабрэйшы і цверазейшы!» — расчаравана падумаў Пятрок. А ён яшчэ хацеў у яго папрасіцца, каб не знушчаліся, паверылі, што нічога няма. Неяк разам Пятрок перастаў ужо баяцца за сваю сядзібу, апасацца, што тыя дзе-небудзь падпаляць. Ужо ён хацеў аднаго: каб хоць як выкараскацца з гэтага ліха, і думаў, што, мабыць, не ўдасца, не выкараскаешся. З цёмных сянец, папаліўшы свае лучынкі, улезлі тыя двое ў чорных шапках з вінтоўкамі. — Што, няма? — Ды няма нічарта, цёмна, як быццам нічога такога. Меле, там мука ў жорнах… — Ах, мелет! — вызверыўся насаты. — Для каго-та на самагоначку мелет! А для нас нет! Ану к сценке! Жыва! У Петрака пацямнела ўваччу, здаецца, ён нібыта пахіснуўся ад слабасці ці страху, адчуўшы, што зараз усё, мабыць, і скончыцца. Нехта дужа піхнуў яго ў плечы, пасля ў бок, ён няўцямна ступіў і апынуўся ў прасценку паміж двума вокнамі на падворак. Насаты насупраць прыладзіўся ямчэй — расставіў на падлозе ногі і нетаропка падняў на яго руку з смярдзючым наганам. — Што вы робіце, ірады? За што вы яго? — залямантавала ад печы Сцепаніда, і насаты апусціў руку. — А, жалка стала? Так нясі пару фляжак! Ну, быстра!! Але Сцепаніда залямантавала яшчэ гучней: — Скуль я вазьму вам, няма ў нас ніякай гарэлкі, каб вы сваіх жонак не бачылі, як мы тую гарэлку… — Заткнісь ! — раўнуў насаты, і паліцаі ўчэпіста схапілі Сцепаніду за рукі, размашыста штурхнулі ў сені. Там яна сцішана войкнула і раптам сціхла. «Ці не забілі?!» — здрыгануўся ад страху Пятрок, які таксама ўжо развітаўся з жыццём.
— Так, счытаем да трох! — аб'явіў насаты, зноў скіроўваючы на яго рулю нагана. — Даёш, нет? Раз… Імей в віду, я б'ю точна, без промаху. Два… Ну, даёш? Нет? «Няўжо ты застрэліш, сабака? — думаў Пятрок, млосна пазіраючы на хісткую рулю нагана, якая сноўдала ў паветры праз тры крокі ад яго. — Няўжо хопіць лютасці на забойства? Ці, можа, палохаеш? Але каб хутчэй што-небудзь. Страляць, дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь», — разгублена думаў Пятрок, і дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках. — Тры! — раўнуў урэшце насаты, і ў тое ж імгненне калючае чырвонае полымя ўдарыла Петраку ў твар, вушы забіла тугім коркам ад стрэлу, і праз момант ён не адразу зразумеў нават, што быццам жывы і стаіць, як стаяў — плячмі да прасценка. Толькі праз паўхвіліны скрозь густы звон увушшу да яго, бы здалёку, данесліся галасы паліцаяў, тыя спрачаліся. — Ды што з ім цацкацца, патроны псаваць! Бі ў лоб, і пайшлі! — Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш? Пятрок ужо не адказваў — ён амаль што аглух і аслупянеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў. Яны нешта там выранджаліся — адзін свяціў лучынкамі, палячы іх пучкамі, дым густа валіў у хату і праз расчыненыя дзверы струменямі сплываў у сені; цені ад людзей крукастымі пачварамі хадзілі па сценах і столі: то пыхала, то аціхала полымя лучынак, слепячы яго слязлівыя вочы і высвечваючы насупраць каржакаватую постаць ягонага ката з наганам. — Гдзе водка? Гавары! Ах, малчыш?.. Новы стрэл грукнуў, здаецца, мацней за першы, дужа трэснула штосьці ў вуху, і Пятрок, |