Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
стаяў наперадзе, крутануўся да яго бокам, падставіўшы позірку левую, з белай павязкай, руку. «Ага, паліцаі, значыць», — здагадаўся Пятрок, які спярша нават не ведаў, як сябе з імі паводзіць, што гаварыць.
— Ды што ты да яго з салам! — нейкім прыемна адкрытым, са шчырасцю, голасам папракнуў паліцай насатага і запытаўся з усмешкай: — Гарэлка ёсць? — Адкуль жа? Няма гарэлкі, — сказаў Пятрок раптам асіплым голасам. Насцярожаныя госці па-змоўніцку пераглянуліся. — Эта ты брось зажымацца! Такой номер у нас не прайдзёт! — быў гатовы абурыцца насаты. — Стаў бутылку, а патом пасмотрым. — Дык чэсна няма! Што я хлусіць буду, — стараючыся як мага болей шчыра і таму, мусіць, фальшыва апраўдваўся Пятрок. Захожыя, відаць, ужо злавілі гэтую яго ненатуральнасць у голасе і яшчэ болей здзівіліся. — Ты бачыў? — пасля нядоўгай замінкі сказаў паліцай да насатага. — Адмаўляецца! — Што, жыць надаела? А эта ты нюхал? Перш чым Пятрок што зразумеў, насаты тыцнуў яму пад нос сцюдзёную, прасмярдзелую порахам рулю выхапленага з-пад палы нагана. — Самагону! Жыва! — Дык але ж я не маю, — слаба стаяў на сваім Пятрок, хоць ужо ведаў, што ягоныя словы ім, што гарох да сцяны, — ім патрэбна была гарэлка. — Якая вам гарэлка ад нас? — раптам загарачылася Сцепаніда, што дагэтуль моўчкі тулілася ў цяні каля грубкі. — Дзе ён вам яе возьме? — Гужу дык недзе ўзяў, — лагодна сказаў паліцай з павязкай. — А нам шкадуе. Нядобра так. Не па-чэснаму. — Якому Гужу? Хто гэта вам сказаў? — Каландзёнак сказаў, — удакладніў паліцай, і Пятрок здагадаўся: мусіць, то былі прыезджыя паліцаі з Крынкаў. Канешне, мост, мусіць, гатовы, цяпер будуць ездзіць і крынкаўскія, і вязнікоўскія, і яшчэ шмат якія з далёкіх і блізкіх вёсак і ўсе заварочваюць на Яхімоўшыну — ведама ж, пад рукой, пры дарозе. І Пятрок аж жахнуўся з свае задумы: што ён нарабіў з тым самагонам? Хіба можна было напаіць гэтых сабак з усяе акругі? Ці ў яго хопіць на тое жыта, начыння, ягоных дзвюх спрацаваных рук? — Каландзёнак тут месяц не паяўляўся! — смела схлусіла далей Сцепаніда, і паліцаі пераглянуліся ў недаўменні.
— Як гэта — не паяўляўся? — А так. Не было яго тут. Можа, дзе ў другім месцы ўзяў. — Няпраўду гаворыш, — заўсміхаўся паліцай з павязкай. — Каландзёнак не хлусіць. — Ану абыскаць! — раптам закрычаў насаты. — Всё абыскаць! Бярыце лучыну і всюду: в сенях, в аборы! — Дык спаліце ж хутар, хіба так можна з агнём, ці вы здурнелі! — залямантавала Сцепаніда. Але двое, што сядзелі на лавах, жыва ўскочылі і, пахапаўшы з загнеткі лучыны, пачалі падпальваць іх у грубцы. У дымным мільготкім смуродзе на момант асвяціліся іх счырванелыя азызлыя твары, відаць, абодва былі на добрым падпітку, і чакаць ад іх якой асцярогі не выпадала. З лучынкамі яны падаліся ў сені, чуваць было — палезлі ў істопку, з дзвярэй павалакло сцюжай, і Петраковы плечы ў адной камізэльцы перасмыкнуліся ад дрыжакі. Двое, што засталіся ў хаце, вальней расступіліся перад гаспадаром. — Ану ідзі сюда! — зацята загадаў насаты. Пятрок моўчкі ступіў на сярэдзіну хаты і стаў, гатовы да горшага. — Водку даеш? — Дык няма, — сказаў ён проста ўжо амаль абыякавым голасам, разумеючы, што даказваць, бажыцца тут без карысці. Яны былі ў такім стане хцівай драпежнасці, што ягоныя словы наўрад ці маглі многа значыць. Ім патрэбна была гарэлка. — А еслі найдзём? — Знойдзеце, дык ваша, — сказаў Пятрок, адчуўшы, аднак, што, мусіць, сказаў няўдала: яшчэ падумаюць, што ён недзе хавае. Але там, дзе хавае, яны не знойдуць, хоць бы перавярнулі ўсю сядзібу і яшчэ ўвесь роў у дадатак. — Знойдзем — палучыш пулю. За ашуканства, — паабяцаў паліцай. — А не найдзём — тожа прыстралім, как сабаку, — удакладніў насаты. — Так што харашэнька падумай. — Што ж, воля ваша, — паныла сказаў Пятрок і зразумеў, што выйсця для яго не будзе. — Толькі няма гарэлкі. Наступіла невялічкая затрымка, паліцаі, відаць, чакалі, што прынясуць тыя, што пайшлі шарыць у істопцы. Сцепаніда мяняла лучыну на загнетцы, каб было трохі відаць у хаце, у якой віўся пластамі дым і дужа патыхала гарэлым. Пятрок вельмі баяўся, каб не падпалілі што ў істопцы ці дзе на падворку, бо якой жа ашчаднасці можна чакаць ад п'яных. З усіх чатырох адзін толькі паліцай з павязкай здаўся яму трохі менш п'яным ці менш звераватым, чым той насаты з наганам, і Пятрок сказаў да яго:
— Ды не шукайце, яй-богу, няма. Што ж мне, шкада, яй-богу… — Бандзітам прыберагаеш! — раўнуў насаты. — А нам фігу? За нашыя старанні для народа! — Ды што ты яму чытаеш мараль? — па-ранейшаму дужа сардэчна сказаў паліцай. — Час марнуеш. Пастаў да сценкі яго. Жыць захоча — знойдзе. І ён хораша засмяяўся, паказаўшы шырокі рад прыгожых зубоў. «Во табе дабрэйшы і цверазейшы!» — расчаравана падумаў Пятрок. А ён яшчэ хацеў у яго папрасіцца, каб не знушчаліся, паверылі, што нічога няма. Неяк разам Пятрок перастаў ужо баяцца за сваю сядзібу, апасацца, што тыя дзе-небудзь падпаляць. Ужо ён хацеў аднаго: каб хоць як выкараскацца з гэтага ліха, і думаў, што, мабыць, не ўдасца, не выкараскаешся. З цёмных сянец, папаліўшы свае лучынкі, улезлі тыя двое ў чорных шапках з вінтоўкамі. — Што, няма? — Ды няма нічарта, цёмна, як быццам нічога такога. Меле, там мука ў жорнах… — Ах, мелет! — вызверыўся насаты. — Для каго-та на самагоначку мелет! А для нас нет! Ану к сценке! Жыва! У Петрака пацямнела ўваччу, здаецца, ён нібыта пахіснуўся ад слабасці ці страху, адчуўшы, што зараз усё, мабыць, і скончыцца. Нехта дужа піхнуў яго ў плечы, пасля ў бок, ён няўцямна ступіў і апынуўся ў прасценку паміж двума вокнамі на падворак. Насаты насупраць прыладзіўся ямчэй — расставіў на падлозе ногі і нетаропка падняў на яго руку з смярдзючым наганам. — Што вы робіце, ірады? За што вы яго? — залямантавала ад печы Сцепаніда, і насаты апусціў руку. — А, жалка стала? Так нясі пару фляжак! Ну, быстра!! Але Сцепаніда залямантавала яшчэ гучней: — Скуль я вазьму вам, няма ў нас ніякай гарэлкі, каб вы сваіх жонак не бачылі, як мы тую гарэлку… — Заткнісь |