б, калі б на галасаванні Ганчарык не падняў руку і тым не зрабіў большасць. А не раскулачылі б Гужа — не было б заметкі ў газеце, а тады ж што? Тады не чапалі б і гэтых?
Але тады праз каго ўсё гэта? Праз Гужа? Новіка? Ці Васілёву няўстойку? Дык няўжо ж ад адной толькі ягонай рукі так шмат залежала ў Выселках? Але во, мусіць, залежала. Проста страшна падумаць, як шмат, бывае, залежыць у жыцці ад аднаго толькі слова, рукі, нават нейчага позірку. Асабліва ў гэткі час! Якім трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца з яшчэ большаю сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча. А перад тым, як ты валіў яго на суседа, ці балела табе? Часам бывае радасна, што цябе абышло, абмінула, усім цяжарам зваліўшыся на іншага. А як абрушыцца на цябе самога?
Ранкам яна ўстала разбітая, ушчэнт растузаная сваімі думкамі — трэба было збіраць у школу малых, а то б не ўставала. Хай бы Пятрок карміў парсюка, авечак, добра, карова яшчэ не цялілася, даіць не трэба было. Пры газнічцы наабірала чыгунок бульбы, запаліла ў печы. Дзеці яшчэ спалі: салодка пасапваў уранні Федзька, Фенечка таксама сцішылася, а то ўсю ноч неспакойна варочалася на ложку. Пятрок выйшаў на двор і, мусіць, забавіўся ля скаціны. Цяпер, як заўважыла яна, ён даўжэй, чым калі раней, бавіў час ля каня, ведаў: хутка прыйдзецца ім разлучыцца. Шкада было спраўнага маладога коніка, якога год назад нажылі і цяпер аддаваць… Яна разумела Петрака. Тым часам пачало днець, засінеўся золак у вокнах, у хаце было відна ад агню з печы, і яна ўжо хацела была дзьмухнуць на газнічку, як у акно пастукалі. Спярша яна падумала, што гэта Пятрок, але не — стук быў нейкі надта даўгі і рэзкі, спалоханы, ці што, Сцепаніда падумала: калі што, там жа недзе ў хляве гаспадар. Але яна падышла да акна і не адразу разгледзела за намёрзлай і падталай шыбкай жаночую постаць ля прызбы.
— Цётачка… — глухавата данеслася з-за акна як не з гэтага свету, і яна пазнала Анютку. Сцепаніда таропка расчыніла
дзверы з сянец, Анютка ўбегла ў хату і адразу ўпала на лаву, заходзячыся ў ёкаце. Яе чорны сачок быў расшпілены, хустка з'ехала на патыліцу, светлая расплеценая каса рассыпалася па плячах.
— Ой, цётачка, ой, бяда ж у нас…
Яна ўжо здагадалася. Учора ў сельсавеце стала зразумела, якая бяда насоўвалася на Ладзіміра, Анютку і яе дарослых братоў, і цяпер хацела неяк суцешыць дзяўчыну. Але тая раптам устала з лавы, абарвала плач і, аціраючы слёзы з твару, загаманіла:
— Ой, цётачка, ноччу ж Анціпа з Андрэем забралі — прыехала міліцыя і забралі, усё ператрэслі, шукалі яшчэ Гужовага Зміцера, але ж Зміцер хітрэйшы, Зміцер уцёк, а нашых пабралі, павялі некуды…
— Так, так, так, — машынальна казала Сцепаніда, ужо здагадваючыся аб іншым. — Яны з Гужом былі?
— Ой, цётачка, хіба ж я ведаю, але гэтыя дні недзе прападалі. Зміцер як прыйшоў за імі — і прапалі, дзве ночы не былі дома. А сёння ж… Ці вы мо чулі, што ўначы сталася на бальшаку? Ой, гэта ж бяда сталася. Кажуць, нехта пераняў Касмачова, ну і таго з Полацка, і стралялі. Во там, у сасоннічку. Кажуць, Касмачова паранілі, добра, што конь вынес. Конь як паддаў і вынес аж у мястэчка. Ну, міліцыю паднялі, ай, што рабілася! Ноччу… Наехалі якраз, як браты вярнуліся. Толькі кажухі пасцягвалі — стук-стук, пытаюцца: дзе былі? Тыя: дома. Тады да мяне… А я што скажу, я ж нічога не ведаю…
Ашаломленая тым, што чула, Сцепаніда апусцілася на ўслон, адчуваючы, як усё перамяшалася ў яе пачуццях і ў яе галаве таксама. Патроху яна пачала разумець, што сталася — сталася страшнае. Адчула яшчэ невыразную сувязь таго страшнага здарэння з тым, што рабілася днямі і ўчора, са сваёй сустрэчай у сасонніку. Яна маўчала, пазіраючы на Анюту, якая ўзялася папраўляць хустку. Сэнс незвычайных падзей марудна даходзіў да яе свядомасці. У запеччы паўставалі малыя. Федзька, надзеўшы порткі, страхавіта высунуўся з-за радзюжкі і стаяў так са спалохам на сонным твары.
— Ай-яй! Што ж гэта робіцца?! — прамовіла яна разгублена.
Анютка, трохі суняўшы
ўзрушанасць, гаварыла, ламаючы на грудзях рукі:
— Я ж не ведаю цяпер, што рабіць! Бацька заплакаў: кажа, навошта вы так на старасць маю? А як павялі Анціпа з Андрэем, дык і саўсім біцца стаў аб зямлю, мне страшна стала, ну, я і пабегла сюды. Што ж цяпер рабіць, цётачка?
Што ж было рабіць? Каб яна ведала, што трэба было рабіць. Але, мусіць, цяпер ужо нічога не зробіш. Цяпер позна! Пасля такога ўжо зусім позна, ужо цяпер не паткнешся нікуды. Цяпер ёй стала зусім зразумела, што там рабілася, у сасоннічку, як яна бегла ў мястэчка, чаго яны спынілі яе: ім не траячка яе спатрэбілася — яны чакалі. А яна перашкодзіла. Але ж нада на такое наважыцца, дайсці да такога. А цяпер… Што цяпер будзе?
16
Праз дзень раскулачвалі Багацьку Ладзіміра.
Ранічкай у Яхімоўшчыну прыбег Патап Каландзёнак, якога цяпер Сцепаніда не хацела пушчаць у хату, і ён быццам адчуваў гэта — пастукаў у акно і празвягаў Лявонаў загад прыйсці на раскулачванне. Яна сказала яму і сабе — скулля! І не пайшла. Няхай раскулачваюць без яе, яна не галасавала за тое раскулачванне. Але потым затрывожылася, болей за Анютку, — як яна там? Гэта ж так яе павязуць, і яна ніколі ўжо не пабачыць дзяўчыну. Аж расхваляваўшыся ад тае думкі, Сцепаніда як была, у няновай спадніцы і атопках, пабегла ў Выселкі.
Трохі наводшыбе ад вуліцы, на Ладзіміравым падворку, ужо тоўпіліся людзі, пахмурна стаялі запрэжаныя ў сані коні. З хаты выносілі майно: клумкі, кажухі, падушкі, мяхі, — усё неяк таропка, без ладу кідалі ў сані. Трошкі ў баку, ля плота, знерухомела купка вясковага люду, болей жанок з дзецьмі, мужчын было мала, і сярод іх на падворку вылучалася высокая постаць Лявона ў залапленым кажусе, з чорнай паскай наўкось па шчацэ, цераз лоб. Выгляд у старшыні быў змрочны і злы, — нібыта раскулачвалі яго, а не Ладзіміра. Непадалёк на снезе стаяў незнаёмы Сцепанідзе прысадзісты мужчына ў чорнай бліскучай скуранцы, які таксама назіраў за гэтай выпраўкай у нікому не вядомы, далёкі, жалобны шлях. Дзверы ў сені былі