Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
жыцця — нялёгкага, у працы, нястачы і клопатах, але іншага, мабыць, не будзе, ды і гэта ўжо ідзе на закат, у старасць. Можа б, як і дабыў свой век не ў сытасці, дык хоць у спакоі, каб не гэта вайна.
Апошнім часам пасля дажджоў узялася ў рост мурава ля плота, і Пятрок, тупаючы па ёй, усё спыняўся і азіраў падворак. Шмат год ён тут быў гаспадар, а цяпер глядзеў на ўсё быццам чужымі вачыма, быццам ён куды ад'язджаў, развітваўся, і яму было шкада ўсяго. Хата не сказаць каб новая, але дзерава папалася некалі добрае, смаляная хвоя, бярвенне на сценах трохі патрэскалася, але нічога. Хата яшчэ пастаіць. Страху ў вільчыку трэба б як-небудзь залапіць, ля коміна ад самай вясны цячэ, калі дождж, таксама як і ў істопцы, што цераз сенцы, пад адным з хатай дахам. У істопцы дык ліе добра ў дождж, на гліністым доле тады збіраецца лужына, і Сцепаніда лаецца: не дабярэшся за лета атуліць дзірку. Але во не дабярэшся, то тое, то гэта, а галоўнае — няма жаднай ахвоты цягнуць свае косці на страху па драбіне, усё думаецца: перастане дождж — высахне. А то патрывожыш гнілую салому — пачне ліць болей, чаго хацець ад тае будыніны, якой ці не сто, можа, гадоў — ставілі, глядзі, яшчэ ці не за паншчынай. А істопку, можа, і яшчэ раней. Страха на ёй, колькі памятаў Пятрок, зелянела пад цэлаю шапкай моху, у маленькім, на адну шыбку, акенцы бліскала таксама зеленаватае ад старасці шкельца. Зрэшты, шкельца куды маладзейшае за істопку, якую некалі палілі па-чорнаму, у акенца ішоў дым; у цёмным куце яшчэ і цяпер смярдзіць застарэлым гарам чорная печ-каменка. Самая, можа, спраўная тут будыніна — новая пунька пры хляве. Праўда, з выгляду не дужа самавітая, сяк-так складзеная з тонкага яловага вярталля, у сценах спрэс шчыліны, але для пуні гэта не хіба: вецер прадзімае, а дождж не мочыць. Ладзілі яе некалі з Федзькам, думалася: калі не самому, дык, можа, спатрэбіцца сыну. Адслужыць у войску, ажэніцца, будзе ў Яхімоўшчыне. Усё ж сядзіба не самая кепская і ў здатным месцы — наводдаль ад вёскі і непадалёк ад мястэчка — жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба — ці многа на дваіх старых трэба?
Пятрок азірнуў па-над плотам восеньскі шэры абшар з бульбай да самага лесу, падышоў да калодзежа. Унізе ў чорным прадонні зруба блішчэла пляма вады — цяпер яе набіралася шмат, не тое што ўлетку. Вада ў калодзежы была смачная, заўжды сцюдзёная і чысцюткая, як сляза. Гэткай вады не было тут нідзе, нават у Выселках, дзе мелася аж восем калодзежаў. Некалі, казаў пан Адольф, тут бруяла крынічка, можа, таму і асталявалася тут сядзіба Яхімоўскіх, на пагорку пры рове. Хто б ні напіўся з калодзежа, заўсёды хваліў ваду. Гадоў восем назад замест старасвецкага асвера Пятрок прыладзіў да зруба калаўрот з ланцугом, зрабіў дашак, каб не лілося ў дождж. Яшчэ трэба б зрабіць накрыўку, каб не сыпалася што з падворка. Але ён думаў: і так будзе добра. Што там насыплецца? Хіба ветрам занясе часам ліповага лісту, якім па восені засыпала дарогу, бульбянішча ды і ўвесь падворак. Ліпы дужа разрасліся абапал варот на прыволлі, няма рады, і ўлетку атуляюць ценем ледзь не палавіну гарода. Сцепаніда ўсё каркае: абсячы, але ў яго на тое не паднялася рука — як сячы такое хараство прыроды? Не ён іх саджаў, саджалі людзі, ліпы раслі тут пры ўсім ягоным жыцці — ці гожа гэта скараняць людское? Хай растуць. Ён пастаяў ля калодзежа, зірнуў на гасцінец за нівай, дзе нядаўна яшчэ відаць была Сцепаніда з каровай, але цяпер Сцепаніды не было відно. Мусіць, пагнала ў параснікі. Час яшчэ быў не позні, да вечара гадзіны дзве папасе, а як прыгоніць карову, тады ён, хоча ці не, змушаны будзе ўзяцца за працу. Тады ўжо прыйдзецца цягаць ваду, мыць парсюку бульбу, таўчы крупы. Тады ўжо не пабудзеш сам-насам з думкамі ў цішы — Сцепаніда не дасць пагультаіцца. Пятрок зладзіў з рудога кавалка газеціны велікаватую самакрутку, старанна завязаў скураны капшук са скуранымі ж завязкамі-жыламі; прыкурыць, аднак, трэба было ісці ў хату, шукаць вугалёк у прысаку. Недзе было трохі запалак, але Сцепаніда іх прыхавала, ашчаджаючы на які выпадак. Ведама, цяпер дзе возьмеш запалкі? У мястэчку ўвесь гандаль скруціўся, дзве лаўкі ўлетку яшчэ расхапалі людзі, як ашалелі тады, і, пакуль нямецкая ўлада чухалася, нічога не засталося ні ў сельпо, ні ў сельмагу. Ён таксама хадзіў разы два (Сцепаніда пагнала), ды не дужа нажыўся — з перакуленай жалезнай бочкі за крамай нацадзіў суляю смярдзючай газы з гушчай іржы на сподзе. Невялікі для гаспадаркі набытак, але прыйдзе восень, зіма — спатрэбіцца. Хужы вось — няма солі, а без яе шмат не з'ясі. Але ці толькі солі няма?
Можа, самае горшае — няма каня. Толькі Пятрок павярнуўся, каб адысціся ад калодзежа, як згледзеў за плотам карову — Бабоўка шастала наўпрост па бульбоўніку да варот чамусьці ад лесу, а не як заўсёды — дарогай, і за ёй у расхрыстанай ватоўцы подбегам шыбавала Сцепаніда. Хустка яе збілася набок, на лбе тырчэла сіваватая пасма валасоў. Пятрок з маўклівым пытаннем уставіўся на жонку — было яшчэ рана, Бабоўку яшчэ трэба было папасвіць да вечара. Але, мабыць, штось здарылася, і ён падышоў да варотаў і выцяг папярэчыну, каб упусціць карову. — Пятрок, немцы… — Га? — Кажу, немцы! Там, на гасцінцы. Мост ладзяць. — Мост? Гэта была навіна, Пятрок такой не чакаў. Можа, толькі цяпер ён зразумеў, як добра было тут без моста і якая пагроза насоўвалася на хутар разам з гэтым мостам. — Тады дрэнь справа. — Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады? — Але ж. Толькі што рабіць? — збянтэжана стаяў Пятрок. — Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?.. Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка — не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта |