Ваши цитаты
Войти
|
|
Читалка - Знак бяды
Цитата: Ваш комментарий:
Анонимная заметка
— Кепска? — Ой, гэта ж няшчасце! Гэта ж на бяду нам, — гатова была заплакаць Сцепаніда. Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым і не хацеў паверыць, што ад гэтай малечы можа быць якое няшчасце. — Ну якая бяда! Змёрз проста. Такая сцюжа… — Божа мой, Божа мой! Нашто ж ты яго чапаў? Нашто ты яго згледзеў? — бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знаку бяды. Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, і, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай з белымі, як ніцыя жытнёвыя парасткі, падкурчанымі кіпцюркамі. Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей. Жаўраначка закапалі пад мяжой у ямцы, уваткнулі над ім вербную галінку — для знаку. Не ведалі, што рабіць з астатнімі вярбінкамі, — неяк знікла жаданне абносіць імі азіміну, стала ніякавата і нават трошачкі боязна невядома чаго. Прыгнечаныя, яны без ранейшай цікавасці абышлі ўзмежкам надзел і павалакліся да хутара. Каб яны ведалі, што іх чакае на хутары, дык, мабыць, уцяклі б ад яго куды далей, можа б, і не вярнуліся на яго. Але вялікая сіла — нязнанне, яно, пэўна ж, не меней значыць для чалавека, чым яго самыя выдатныя веды, яго вытанчаная здольнасць прадбачыць будучае, зазіраць наперад. Нязнанне таксама ахоўвае, аберагае, дае чалавеку магчымасць жыць. На хутары ў істопцы Сцепаніда развязала хусцінку з кулічом, адкроіла кавалак і занесла ў хату пану Адольфу. Той, як здалося, спаў у запечку, бо ў хаце яго не было відаць, і Сцепаніда паклала куліч на белую талерку, што ўзяла з пасудніка, паставіла на стол. У хаце было надта ціха, але яна не звярнула на тое ўвагі — наогул, яна не мела звычаю затрымлівацца тут: зробіць што ці возьме і — у сенцы, нашто турбаваць старога чалавека. У істопцы яны з'елі рэшту таго куліча з малаком, і Пятрок пайшоў на падворак. Яго ўжо ахапіў веснавы неспакой, трэба было ладзіць плуг для баразны, пад павеццю ён не мог знайсці ворчык, а без ворчыка як запражэш? Сцепаніда ж у вялікім чыгуне пачала боўтаць пойла карове — Чарняўка любіла менавіта такое, трохі забоўтанае мукой пойла і зусім не піла ваду.
Так яна боўтала, прысеўшы над чыгуном, як у расчыненыя дзверы неяк хістка сунуўся Пятрок і здушана крыкнуў ёй з неспакоем, спалохам, нават жахам у голасе: — Сцепаніда! Яна ўскочыла з долу, здалося, што Петраку блага, ён і сапраўды як палатніна пабялеў з твару, выцягнутыя да яе яго рукі нядобра дрыжалі. — Сцепаніда!!! Яна кінулася да яго, але ён адступіўся, памкнуўся назад на падворак, скіроўваючы яе ўвагу ў другі бок, да хлява. Яна кінула позірк далей і згледзела, што дзверы ў свірне насцеж расчынены, чаго не было ніколі, заўжды там грувасціўся вялікі замок, чорны ключ ад якога вісеў у хаце на цвіку ля парога. Адчуўшы благое, яна подбегам кінулася да дзвярэй і яшчэ з падворка ў свірановых прыцемках убачыла няпэўную чалавечую постаць. Неяк, быццам схіліўшыся над засекам, нерухома стаяў на падкурчаных у каленях нагах Адольф Яхімоўскі. Не сваім голасам яна крыкнула: «Паночку Адоля!» — але ён не азваўся. Тады яна ўскочыла ў свіран і зразумела ўсё. Зверху ад бэлькі звісала туга напятая вяроўка, жоўтая, бы голая косць, галава Яхімоўскага скруцілася набок разам з шыяй, рукі ўпалі ўздоўж худога абвіслага цела, адно плячо неяк ненатуральна паднялося вышай, а другое апусцілася. Яна схапіла яго за гэтыя кастлявыя пад суконным каптаном плечы, і цела грузна павярнулася. Ён вісеў так нізка, што падкурчаныя ногі яго ў святочных хромавых ботах з шоргатам пасунуліся на земляной падлозе. Не ў лад са сваім спалохам Сцепаніда падумала, што нават і тут, каб павесіцца, чалавеку не хапіла прасторы, так было нізка і нязручна. Праз два дні яны з Петраком адвезлі не дужа зграбна змайстраваную з старых дошак труну на каталіцкія могілкі ў мястэчку і закапалі. Яшчэ праз дзень з мястэчка прыехаў арандатар Мацкевіч, які пагрузіў у параконную фуру грувасткае дубовае крэсла, гадзіннік у даўгім футарале і прыгожую чырвонага дрэва канторку, казаў, што за доўг, які не сплаціў яму Яхімоўскі . Сцепаніда з Петраком не пярэчылі, сказалі: бяры! Ім заставалася болей — лічы, уся сядзіба, дзве дзесяціны зямлі, кабылка, карова. Хіба па тым часе гэтага было мала?
На пачатку вясны яны перацягнулі з істопкі свой небагаты набытак і так сталі жыць у хаце. Стары Яхімоўскі пакрысе стаў забывацца. Часам успамінаўся, але той успамін не прыносіў радасці, і яны стараліся думаць пра іншае. Тым болей што бедаў і клопату хапала ўсе тыя гады. Азіміна сабе расла, клопат пра яе быў невялікі, але ж яе пасеяна было ўсяго дзве ніўкі, а галоўную частку надзела, што была на пагорку, трэба было араць пад ярыну. Яно б нічога, канешне, неяк бы ўзаралі, але горш, што самы верх гэтай гары з пазалеташняга года ляжаў аблогай. Яхімоўскі яго не араў, арандатар некалі кінуў, бо зямля там была не дай Бог — гліна, якая ў сухі год камянела, бы тая скала. Але лацвей было Яхімоўскаму мець якую дзесяціну аблогай, у яго хапала і лепшай зямлі, а як во было ім? Пабедаваўшы крыху, Пятрок запрог маладую кабылку ў ладны, новы яшчэ плужок і паехаў узнімаць аблогу. Ён біўся там ад раніцы да паўдня, Сцепаніда, занятая іншымі справамі на сядзібе, чакала яго палуднаваць і не дачакалася. Адчуўшы благое, кінула недаробленае на падворку і ўзроўкам пабегла на той іх новы надзел, на тую халерную выспу, дзе змагаўся з зямлёй Пятрок. Яшчэ здалёку, з узроўка, яна ўбачыла кабылку і Петрака ля яе, якраз тыя стаялі на самае выспе, але чамусь Пятрок кінуў плуг і нешта тузаўся ля кабылы, якая апанурылася ў баразне сярод ссохлага леташняга быльнягу і стаяла з мокрымі бакамі, нізка звесіўшы голаў. Сцепаніда падбегла бліжэй, выскачыла з аблогі на некалькі вузкіх баразёнак і ледзь не войкнула, пакалоўшы ногі аб калючы глей, які, нібы бітая цэгла, чырванеўся ўперамешку з хамлакамі ссохлага гною і леташнім быльнягом. Дзіва што кабылка ўходалася, тут і стары харошы конь, мусіць, надарваў бы жылы, пацягаўшы за сабой плуг. Вараная іхняя кабылка і яшчэ пацямнела ад поту, які ручаямі ліўся па яе выпнутых скабах, а бакі |