Категории

Читалка - Знак бяды


зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па-зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак — чакаць.

У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім — вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе — яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы — можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся,

і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.

— Пане Адоля! — гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, — у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі — затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.

Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна — прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.

Адольф Яхімоўскі паходзіў з нейкага старога шляхецкага роду, які некалі быў багаты, але патроху бяднеў, вузеў клінам, як казаў Яхімоўскі. Неяк, будучы ў добрым настроі, пан Адоля паказваў Сцепанідзе старыя пажоўклыя паперы з гербамі і абкрышанымі чырвонымі пячаткамі, у якіх былі апісаны ўсе ўладанні Яхімоўскіх-продкаў — і тут, і ў іншых мясцінах. Яго дзед меў фальваркі пад Дрысай, у Падсвіллі і яшчэ недзе, але гэты хутарок быў ці не апошнім прытулкам збяднелага роду, і хоць Адольф шэраг гадоў намагаўся з усіх сваіх старэчых сіл, каб захаваць калі не былое багацце, дык хоць бы рэшту былога гонару, тое яму ўдавалася кепска. Два ягоныя сыны, што нарадзіліся на хутары, бацьку памагалі слаба, абодва, падросшы, падаліся ў гарадское жыццё, ва ўніверсітэты ў Вільні і толькі калі-нікалі ўлетку наведваліся на хутар, але тыдні на два — не болей. Як пачалася вайна з немцамі і Вільня апынулася па той бок фронту, ад сыноў не было ніякае весткі, пан Адольф не любіў гаварыць пра тое, але Сцепаніда ведала: чакаў іх з апошняе надзеі, ды марна. Не дачакаўшыся, памерла старая Адоліха, гаспадарка і скаціна трымаліся Сцепанідзіным клопатам, а зямлю Яхімоўскі здаваў у арэнду — з палавіны ці як дамовяцца, на астатнюю наймаў на сезон парабкаў. Быў ён чалавек маўклівы, спакойны і ўвогуле не распешчаны жыццём, не злы — за тое болей за

ўсё шанавала яго Сцепаніда і пільнавалася хутарскога хлеба. Хоць часам было не салодка, ведала: лягчэйшага не знайсці. Цяпер жа, учуўшы тую гаману ў хаце і нешта зразумеўшы, яна раптам адчула сябе на крутым павароце ў жыцці, толькі не магла даўмецца: у які бок той паварот — да лепшага ці благога. Але што надышла паваротка, тое было пэўна.

Зрабіўшы ўсё, што патрэбна было ў хаце, мужчыны павыходзілі на падворак аглядаць маёмасць. Пан Адольф з імі не выйшаў — унураны застаўся, як быў, пры стале на ўслоне, і яна пайшла паказваць начальнікам збожжа ў свірне, хлеў, двух коней, падсвінкаў. Захожыя лічылі і ўсё запісвалі на паперыну — і зерне ў засеках, і лён у павеці, і скаціну, і яна запыталася ў Цыпрукова, навошта гэтак яны правяраюць. Цыпрукоў растлумачыў, што гэта экспрапрыяцыя, бо набытак эскплуататараў цяпер пераходзіць ва ўласнасць народа. Сцепаніда не дужа зразумела, што гэта такое, і запыталася, тоячы маленькую квелую надзею: «А зямля як?» І Цыпрукоў сказаў, што зямлю падзеляць паміж беззямельнымі і парабкамі і каб Пятрок назаўтра ранічкай прыйшоў у валвыканкам, дзе ўсё і вырашыцца.

Яна аж затрэслася, як спуджаная, ад тае навіны і, як мужчыны пайшлі з падворка, доўга не магла адважыцца сказаць пра тое Пятру. Яна проста гатова была скакаць ад радасці — гэта ж падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без свары, без судоў і прашэнняў — атрымаюць, і ўсё. Па праву экспрапрыяцыі.

Калі яна сказала аб тым Петраку на дрывотні, той выпусціў з рук палена і сеў міма калоды — проста ў гразь. Зараз жа падхапіўся, пачаў ачышчаць порткі, а яна засмяялася, шчасліва і радасна, толькі тут жа згледзела, як змяніўся разгублены выраз Петраковага твару на амаль спалоханы, і сама азірнулася. Ззаду стаяў пан Адольф са сваім нязменным кіем у руках, і па яго зморшчаных, голеных шчоках каціліся дзве слязіны.

— Радуецеся? Шчэнсце вам? Ганьба…

Не паспелі яны сцяміць, што сталася, як ён павярнуўся і патупаў да ганка. Яго пагнутыя раматусам ногі дробна дрыжэлі ў каленях


Содержание книги