Категории

Читалка - Знак бяды


! — раўнуў насаты, і паліцаі ўчэпіста схапілі Сцепаніду за рукі, размашыста штурхнулі ў сені. Там яна сцішана войкнула і раптам сціхла. «Ці не забілі?!» — здрыгануўся ад страху Пятрок, які таксама ўжо развітаўся з жыццём.

— Так, счытаем да трох! — аб'явіў насаты, зноў скіроўваючы на яго рулю нагана. — Даёш, нет? Раз… Імей в віду, я б'ю точна, без промаху. Два… Ну, даёш? Нет?

«Няўжо ты застрэліш, сабака? — думаў Пятрок, млосна пазіраючы на хісткую рулю нагана, якая сноўдала ў паветры праз тры крокі ад яго. — Няўжо хопіць лютасці на забойства? Ці, можа, палохаеш? Але каб хутчэй што-небудзь. Страляць, дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь», — разгублена думаў Пятрок, і дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках.

— Тры! — раўнуў урэшце насаты, і ў тое ж імгненне калючае чырвонае полымя ўдарыла Петраку ў твар, вушы забіла тугім коркам ад стрэлу, і праз момант ён не адразу зразумеў нават, што быццам жывы і стаіць, як стаяў — плячмі да прасценка. Толькі праз паўхвіліны скрозь густы звон увушшу да яго, бы здалёку, данесліся галасы паліцаяў, тыя спрачаліся.

— Ды што з ім цацкацца, патроны псаваць! Бі ў лоб, і пайшлі!

— Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш?

Пятрок ужо не адказваў — ён амаль што аглух і аслупянеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў.

Яны нешта там выранджаліся — адзін свяціў лучынкамі, палячы іх пучкамі, дым густа валіў у хату і праз расчыненыя дзверы струменямі сплываў у сені; цені ад людзей крукастымі пачварамі хадзілі па сценах і столі: то пыхала, то аціхала полымя лучынак, слепячы яго слязлівыя вочы і высвечваючы насупраць каржакаватую постаць ягонага ката з наганам.

— Гдзе водка? Гавары! Ах, малчыш?..

Новы стрэл грукнуў, здаецца, мацней за першы, дужа трэснула штосьці ў вуху, і Пятрок,

не ўтрымаўшыся, паваліўся бокам на канец услона. Ён дужа ўдарыўся клубам, рукамі трапіў у штось гразкае на падлозе, дужа балела ў вуху, але паліцай не даў яму доўга грэбацца па падлозе, выцянуў ботам у грудзі і за каршэнь, бы шчанюка, зноў падняў да сцяны. Каб не ўпасці, Пятрок у поўнай знямозе прыціснуўся плячмі да шархоткіх газет якраз у тым месцы, дзе ўжо чарнеліся радком тры дзіркі ад куль.

«Божа, за што?»

— Ах ты, хутарская сволач! Кулацкая вша! Зажымаеш? Ну, палучай!..

«Толькі б адразу. Не мучыцца каб… Адразу…» — сноўдала ў яго галаве міжвольная думка-жаданне, Пятрок глытнуў салёныя слінкі і зноў адчуў вялікую абыякавасць да сябе і да жыцця наогул. Не паспеў ён, аднак, сабрацца і ўнутрана расслабіцца перад апошнім уздыхам, як зноў грымнула, агняна-смярдзюча пыхнула раз, другі, трэці — асляпіла, забіла глухатой вушы, калені яго падагнуліся, і ён, абдзіраючы плячмі газеты, паволі споўз па сцяне на падлогу.

Здаецца, на нейкі нядоўгі час ён страціў прытомнасць, так было млосна ў грудзях і неяк было дыхнуць, вочы яго амаль нічога не бачылі ў дымным смярдзючым змроку, і толькі нейкім куточкам свядомасці ён адзначыў яшчэ, што жывы. Чамусьці жывы… Аднекуль, быццам здалёк, да ягонага слыху прыбіліся галасы ягоных забойцаў:

— Што доўга з ім пэцкацца! Канчай, і патопалі.

— Сам пусць даходзіт!

— Дай я…

— Пагадзі! Яшчэ прыгадзіцца, — адпіхнуў паліцая насаты і, ступіўшы да Петрака, трохі схіліўся над ім. — Ты понял, слізняк? Нам водка нужна. Водка, панімаеш? Не сягодня, так завтра. Штоб был харошы запас. Понял? Іначы прыдзём — распрашчаешся з жызню.

«Няўжо не заб'юць?» — амаль спалохана падумаў Пятрок, вяла, як пасля непрытомнасці, узграбаючыся з падлогі. Абапёрся аб сцяну, стаў на адно калена, праз дым паглядзеў на хату. Лучынкі ўсе згарэлі, свіціліся трохі з грубкі, дзе таксама ўжо прагарэлі дровы, і апошнія галавешкі клалі барвяную пляму на затаптаныя дошкі падлогі. Усе іх чатыры пачварныя постаці адна за адной пхнуліся ў насцеж расчыненыя дзверы,

адкуль нізам па хаце распаўзалася воглая сцюжа, цела пачала біць дрыжака. Пятрок з натугай успёрся на другое калена, увесь калоцячыся ад перажытага страху, сцюжы і невыказнае крыўды — за што?

— Бабу адліць?

— Чорт яе не возьме. Сама ачухаецца…

То былі апошнія іх словы, сказаныя ўжо ў сенцах, далей пад вокнамі пратупалі іх крокі, яны сталі сціхаць, і ўсё навакол аціхла.

Пятрок неяк узгрэбся на ногі і, трымаючыся аберуч за абадраныя сцены, пабрыў у сенцы — недзе там была Сцепаніда, жывая ці, можа, ужо мёртвая.

Пераступіўшы парог, ён згледзеў у змроку яе босыя ступні — Сцепаніда нерухома ляжала на разгрэбенай, скрозь раскачанай па зямлі бульбяной кучы.

21

На Петракова здзіўленне, Сцепаніда неяк устала на ногі і, хістаючыся, бы п'яная, сама дабралася да запечча. На ўсе яго лямантацыі яна маўчала, толькі ціха стагнала часам, і ён усё тупаў па хаце — то насіў ёй вады, то ўкрываў кажушком, то бедаваў, горка і шчыра, а болей кляў тых звяругаў, немцаў, вайну. Ён ужо не зашчапляў сенцаў, толькі прычыніў дзверы — чорт з імі, хай ідуць, б'юць, паляць — усё роўна з імі не жыць. Відаць, жыццё наогул трэба канчаць, нашто так пакутаваць, няма для таго ўжо сілы ды і жаднай патрэбы. Усё роўна яны не дадуць памерці па-чалавечы, сваёю смерцю, — яны даканаюць сілком, але спярша пацешацца, як хочуць, дапякуць, што сам павесішся па сваёй ахвоце, — бо што ж яшчэ можна зрабіць з сабой, калі жыццё — бясконцая нясцерпнасць пакут?

Тую ноч ён не клаўся зусім, трохі прыткнуўся на ражку стала, быццам задрамаў, паклаўшы галаву на локці, і на світанку ачнуўся амаль ад спалоху, што пачынаецца новы дзень — што ён прынясе? Але ўжо было пэўна — не добрае ж ён прынясе, а новыя пакуты і страхі, можа, смерць нават, бо колькі ж яны будуць гуляць у смерць, некалі ж, мабыць, і здзейсняць сваю пагрозу. Чорт яе бяры, тую смерць, ён перастаў ужо баяцца яе, білі б толькі хутчэй. Шкада, мусіць, у самым пачатку вайны, многа чаго ён не пабачыць, а галоўнае — не дазнаецца ўжо пра лепшае


Содержание книги