Категории

Читалка - Знак бяды


спрабавала ламаць, ды яны толькі гнуліся, бы кулакі, выстаўляючы белыя вузлы, і парушылі зямлёй у твар, на галаву і плечы. Уся змакрэўшы ад поту, яна якую гадзіну ці дзве калупалася ў той яміне, покуль выкапала яе па калена, неяк трохі расчысціла ад белых агрызкаў карэння. Зямлю далёка не адкідала, ведала, зямля ёй спатрэбіцца. Калі яма была гатова, Сцепаніда трохі перадыхнула на беражку і адклала рыдлёўку. Трэба было ісці па бомбу.

Да старой яміны было крокаў мо дваццаць, яна павыкідвала з яе ўчарашні хвораст і ўзялася за доўгі і важкі жалезны кругляк бомбы. Побач пад самыя рукі падкаціўся Рудзька, панюхаў жоўтую абалонку і чыхнуў. Сцепаніда натужылася, каб выкаціць яе з ямы, і спалохалася: бомба толькі скранулася трохі і зараз жа скацілася на ранейшае месца. Гэта ж быў жах — у яе не хапала сілы!

Сцепаніда выпрасталася, рукавом выцерла пот з ілба — добра было каціць яе ў гэтую яміну, а як цяпер выкаціць? Ды яшчэ адной? Яна аж захвалявалася і, не даўшы сабе адпачыць, ухапіла бомбу за адзін канец, вялізным высілкам перасунула яго вышэй. Затым зайшла з другога канца і прыпадняла хвост. Але не паспела яна перакласці яго вышэй, як той першы канец ссунуўся на ўлежанае месца ў дне яміны. Сцепаніда ледзьве не заплакала ад прыкрасці — што ж ёй рабіць?

Трохі паразважаўшы і супакоіўшы сябе, яна выйшла з яміны і пашукала на ўзроўку камяні. Камянёў было шмат, але ўсё дробныя, Сцепаніда адышлася далей, пакуль знайшла два болей прыдатныя і прынесла іх да яміны. Цяпер неяк трэба было, па чарзе падкладваючы камяні пад нос і пад хвост, выкаціць бомбу. Доўга яна высільвалася там — і каціла, і сунула, укленчыўшы, упіралася каленьмі ў мокрую зямлю. Дашчэнту запэцкала спадніцу і ватоўку, змакрэла ўся ад поту і гразі, хустка яе ссунулася з галавы на патыліцу, але ўсё ж выбавіла бомбу з яміны і сама знясілена ўпала побач.

Праклятая бомба! Сцепаніда ўжо думала, што надарвецца, покуль управіцца з ёю, але во неяк уходала. Цяпер трэба было перакаціць яе да новай яміны. І хоць бы хто

не налез тут у хмызнячку, не апынуўся паблізу, не згледзеў. Праз рэдкі алешнічак тут яе можна было заўважыць з дарогі, ад падворка, — хоць бы паспець, покуль нікога няма.

На роўным бомба лёгка перакацілася па воглай траве жоўтымі, запэцканымі зямлёй бакамі, але далей у алешнічку каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.

Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!

Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.

Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.

Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно — увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля

ўстала і ўзяла рыдлёўку.

Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.

Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго — усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.

Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.

Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, — і стала сцюдзёна.

Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну


Содержание книги