Категории

Читалка - Знак бяды


вывараціны і знерухомела, навастрыўшы слых. Парсючок выеў усё, што было ў чыгунку, і супакоена ўлёгся пад самыя яе ногі, гарачымі бакамі прыемна грэючы яе настылыя ступні, і яна пачала ціхенька грэбаць яго нагамі пад жыватом. Ахвотна паддаючыся на чалавечую ласку, парсючок памалу перакочваўся на бок, задаволена парохкваў. Яна сядзела на вывараціне, аж покуль угары на ўзроўку не зашамацела галлё, сухое лісце ў траве, нешта там дужа храснула, мабыць, зламалася што ссохлае. Трошкі ёй стала страшнавата, яна ўскочыла, услухалася. Ужо скрозь было цёмна, унізе, дзе бег ручэй, панаваў суцэльны непраглядны змрок, ды і ўгары, над узроўкам, у чорную масу зліліся дрэвы, хмызняк, толькі ледзь-ледзь свяціўся дальні краёчак неба. Шастанне ўгары ўсё большала, штось грукнула збоч ад нары, і да вывараціны звалілася рухавая, запыханая постаць Янкі. Неяк бокам куляючы, ён валок сюды нешта грувасткае і, мабыць, цяжкаватае для яго.

— Э-э-э! Ы! — зморана абвясціў ён і гэпнуў ля самага вусця, мабыць, знойдзеную ў полі драўляную барану з зубамі.

І праўда, гэта было няблага — барана адразу загарадзіла ўваход у нару, трэба было толькі яе падперці ці замацаваць як, каб не паваліў парсючок. Сцепаніда падняла парсючка, удваіх з Янкам яны сунулі яго ў колішні барсучыны схоў і хуценька заставілі нару бараной. Парсючок трывожна зарохкаў, піхнуў барану лычом, спрабуючы паваліць, але Сцепаніда прытрымала яе, а Янка тым часам выламаў непадалёк добрую палку, і яны з натугай падперлі ёю барану.

— Во і добра, — ціха сказала Сцепаніда. — Сядзі і не рохкай, а то… Сажруць і дзякуй не скажуць.

Янка нешта дастаў з кішэні і прасунуў парсючку, той адразу смачна запляцкаў, шавелячыся ў цемры невялічкаю шэраю плямкай, а яны палезлі ўгору на ўзровак. Мабыць, так было бліжэй, хоць і не зручней, чым па сцежцы ля ручая праз роў. Неўзабаве, добра ўгрэўшыся, выбраліся на раўнейшае і выйшлі з кустоўя на край бульбянога палетка.

— Дзякуй табе, Яначка, — сказала Сцепаніда, кладучы руку на хударлявае пад лёгкай

світкай хлапечае плячо. Янка напружыўся, спыніўся, зблізку запытальна зірнуў праз змрок у яе твар і прамычэў нешта, як заўжды зразумелае толькі яму аднаму. Яна падумала, што трэба б і яшчэ нешта сказаць гэтаму ўвішнаму бедалагу-хлопцу, ды, занятая сваім клопатам, не знайшла што і пайшла да хутара. Сцежка тут вяла па роўным, каля ўзроўка на мяжы з полем. Янка засстаўся ззаду. Ведама, ён пабяжыць у свае Выселкі, стараной у абход хутара — цяпер у хутар патыкацца нягожа.

Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сляпучае, святло ў акне хаты і падумала: то не лямпа, мабыць, яны запалілі сваю электрычнасць. Было ўжо зусім цёмна, палявую далячынь завалакло змрокам ночы, а кустоўе, дрэвы на ўзроўку чарнеліся дзівосным бязладным нагрувашчаннем, праз якое месцамі туманна праглядвала шырокая прорва рова.

З непрыемным боязным пачуццём Сцепаніда падышла да хутара, увайшла па сцежцы ў гарод. Надзіва тут было цёмна і ціха (ці не ўгаманіліся яны там?), толькі з акна на бурачнік падала касое і яркае лапікла святла; такое ж лапікла яна ўбачыла і на падворку, як выйшла з дрывотні. Чорная кухня з высокай трубой стаяла старанна абцёртая і прыбраная, накрытая зверху нейкай брызенцінай; пад тынам састаўленыя ў рад відаць былі іхнія вёдры. Збоч ад тых вёдраў цьмяна шарэла ў паўзмроку, мусіць, забытая зранку вінтоўка з новенькай раменнай почапкай. Сцепаніда ўхапіла гэта адным беглым позіркам і ўскочыла ў сенцы, дзверы якіх былі не зачынены. З хаты чулася спакойная картавая гамана некалькіх галасоў, і яна хуценька прашмыгнула ў істопку.

Пятрок быў на сваім месцы на дзежках і адразу азваўся са змроку, як толькі яна зачыніла за сабой дзверы.

— Ай, дзе гэта ты ходзіш па начы? Аж напужаўся во…

— Дык і ты ж недзе паўдня прападаў, — ціха сказала яна, намацваючы ў цемры свой сеннічок.

— Курэй пільнаваў. Як тых дзвюх застрэлілі, дык астатнія на ўзроўку ў яму ўбіліся. Тую, з крапівой. Сядзяць і ў хлявок не рушаць. Дык пасыпаў ім там, хай начуюць.

— Колькі ж іх хоць ацалела

?

— Сямёрачка. Тэй рабенькай і чорнагалоўкі няма. І старой жоўтай няма, але не павінна, каб і жоўтую застрэлілі. Так недзе схавалася.

— Каб жа схавалася, — уздыхнула Сцепаніда, думаючы ўжо аб іншым. Новая думка-жаданне нечакана з'явілася ў яе галаве, і яна ўжо не магла думаць аб іншым — падворак цяпер уладарна прыцягваў усю яе ўвагу. Але яна маўчала, адно толькі слухала.

— Ай-яй! Прыйшоў злом! — пабедаваў Пятрок. — Во скарынку жую. На і табе, мабыць жа, нічога не ела…

Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем — не да сябе, да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік — бедны стары Пятрок! Другім разам пачаў бы наракаць, скардзіцца ці дакараць яе, а цяпер во з адною пакорай. Дажыўся! Але дажылася і яна. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Яна прылягла на сеннічок, прыкрыўшы ногі ватоўкай, і, патроху адломваючы ад кавалка, клала ў рот, ціха жавала. Але найбольш яна слухала. На падворку і ў палатцы, мабыць, ужо супакоіліся, але цераз сені ў хаце чулася нягучная вечаровая гаворка двух ці трох чалавек — на гэтых сну не было. А ёй дужа трэба было, каб яны там паснулі, у ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер, ад якога часам кідала ў дрыжыкі, але, ведала яна, адрачыся ад яго ў яе ўжо не хопіць сілы. Зрэшты, яна і не думала адракацца, яна збірала сілы, каб здзейсніць яго, нават калі б і ведала пэўна, што пасля ёй гэта вылезе бокам. Праўда, пакуль што нельга было і рыпацца; пакуль яны там не спяць, яна не магла выйсці з істопкі. Але яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці, часам зусім па-дурному і марна, а часам усё-такі ёй шэнціла. Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць.

Хлеб яна зжавала ўвесь і ціхенька ляжала без сну, не кратаючыся на сваім сеннічку. Невядома, ці спаў Пятрок, але яго таксама не было чуваць — ні дыху,


Содержание книги