Категории

Читалка - Знак бяды


для яе па-нямецку.

Тыя, што напіліся малака, таксама па адным перайшлі да калодзежа, штось іх там зацікавіла. Яна стаяла каля даёнкі, не ведаючы, ці ўжо сысці куды далей з воч, ці яшчэ пачакаць. Але, мусіць, трэба, каб тут быў гаспадар, які кудысьці прапаў і не паказваецца. Ці ён не бачыць, хто да іх завітаў?

— Пані Багацька! — зноў гукнуў яе Свянткоўскі. — Германскі фельдфебель мае жаданне паспытаць вашай вады. Будзьце так ласкавы, прынясіце вядро.

— А, вядро! Зараз…

«Дабраліся нарэшце», — зласліва падумала яна, подбегам трухаючы ў сенцы. Там яна здушана-спуджаным голасам крыкнула ў хату: «Пятрок!» — плюхнуўшы рэшткай вады ў цэбар, вынесла на падворак новае цынкавае вядро, якое ў яе перахапіў маладзейшы, у акулярах. Прычапіўшы вядро да ланцуга, ён спрытна раскруціў барабан і, як толькі вядро пляцнулася аб ваду, пачаў лёгка выкручваць за жалезную ручку, а іншыя, нерухома пастаўшы ля зруба, чакалі. На яе яны зноў перасталі звяртаць увагу, і яна ўжо рашыла падацца ў хату, каб усё ж выпхнуць адтуль Петрака. Ды ў гэты момант ён і сам паказаўся на ганку — у апорках на босую нагу пратупаў міма яе да калодзежа і з нейкай страхавітай асцярогаю зняў з галавы суконную, з абвіслым казырком кепку.

— Ага, добрая вада, ведаеце, — трошкі дрыготкім, мусіць, ад хвалявання голасам загаманіў Пятрок.

Немцы ўжо выцягнулі вядро і плёскалі з яго ў нейкі зялёны гляк, стрымана перагаворваючыся між сабой. Але ніхто з іх, апроч Свянткоўскага, нават не зірнуў на гаспадара хутара, і толькі калі настаўнік штось буркнуў, рабаваты немец змераў Петрака неспяшлівым позіркам. Той пакланіўся яшчэ раз, і тады малады, што стаяў бліжэй да яго, дастаў з кішэні пачак цыгарэт, спярша сам адну ўставіў у рот, а другую даў Петраку. Пятрок, усё камечачы шапку, няёмка ўзяў цыгарэтку і стаяў з ёю, быццам не ведаючы, што рабіць. Тым часам немец пстрыкнуў запальнічкаю і прыкурыў, Петраку, аднак, прыкурыць не паднёс.

Яны нешта там гергеталі, мусіць, гаварылі пра калодзеж, а Сцепаніда ўзяла з падворка

даёнку і пайшла ў сенцы. Зачыняць дзверы яна пабаялася, з прыцемку сенцаў пазірала на немцаў, слухала, як Пятрок неяк дужа хутка і па-мужчынску проста ўціраецца ў іхнюю кампанію.

Праз хвіліну ён ужо нешта тлумачыў там, паказваючы то на падворак, то тыцкаючы рукой у калодзеж; шапку, аднак, усё не надзяваў, дробны дожджык сыпаўся на яго лысаватую, з рэшткай сівых валасоў галаву. І яны яго слухалі, нават не перапынялі. Гэтая лёгкасць ягоных адносін да немцаў, аднак, не спадабалася Сцепанідзе, і яна падумала: ці не павядзе ўжо ён іх у хату? Пушчаць іх у хату ёй чамусь не хацелася, хата была недатыкальным яе прытулкам, які трэба было берагчы ад чужынцаў. «Хоць бы яны хутчэй з'ехалі», — думала яна. Але, відаць па ўсім, з'язджаць яны сапраўды не збіраліся — адчапілі ад вялізнай машыны трохі меншы прычэп — паходную вайсковую кухню, і ўсе, апрача фельдфебеля, папіхаючы і аж чырванеючы тварамі, пакацілі яе на падворак. Пятрок памагаў таксама — рупна піхаў вялізнае гумовае кола, а пасля паказаў, дзе ямчэй уладкаваць кухню. Урэшце яны знайшлі для яе месца поруч з калодзежам, і Сцепаніда зусім апанурылася — тое, чаго яна найболей баялася, праўдзілася. Яхімоўшчына ад іх не ўбераглася. Што цяпер будзе?

Але ўсё ішло, мусіць, само сабой, незалежна ад чыёй-небудзь волі, па нейкіх сваіх, часам страшных, часам дзівосных, законах, якія дыктавала вайна. Уладкаваўшы на падворку кухню, фельдфебель з настаўнікам скіравалі да сенцаў, і гэты дурань Пятрок ужо забег ім наперад, паказваючы дарогу ў хату. На парозе фельдфебель быццам нерашуча спыніўся, перш чым пераступіць яго, незадаволена-паныла паглядзеў у цемнаватае падстрэшша сяней. Свянткоўскі штосьці яму тлумачыў, але той маўчаў, усё азіраючыся па баках. Сцепаніда таропка адсунула далей ад парога цабэрак, і немец ступіў у сенцы. Каб не замінаць ім, яна таксама адышлася далей, да істопкі, усё згадваючы: што ім яшчэ трэба? Не ідуць жа яны сюды толькі затым, каб паглядзець на іхняе ўбогае жытло, мусіць жа, ім нешта трэба? Але вось Пятрок

шырока расчыніў дзверы ў хату, і яны ўсе сунуліся туды з нейкаю нават нецярплівасцю ці нават цікаўнасцю, і яна з-за іхніх плячэй быццам нават чужымі вачыма ўбачыла сваю даўно ўжо не новую хату з трохі перакошаным прасценкам і счарнелымі бэлькамі на столі, сценамі, абклеенымі зжаўцелымі газетамі. Падлогу яна даўно ўжо не мыла, закруціўшыся з каровай, бульбаю і падсвінкам, і цяпер з прыкрасцю пазірала на гразнаватыя дошкі з прыкарэлым лушпіннем ля прыпека, пачарнелыя чыгуны ля парога. Скрозь па ўсёй яе хаце тупалі цяпер боты і грубыя каляныя башмакі, пакідаючы мокрыя і гразкія сляды на сухіх дошках падлогі, і яна падумала: якога д'ябла яны тут выглядваюць? Яна ўсё стаяла ў сенцах, напружана чакаючы, калі немцы выметуцца. Але яны ўсё гергеталі там, пазіралі ў вокны, аглядалі абразы, а фельдфебель, адхінуўшы дзяружку, зазірнуў у іхняе запечча, і вусны яго гідліва перасмыкнуліся.

Яна так і не дачакалася, калі яны выйдуць, — яе ўвага адцягнулася на падворак, дзе ля калодзежа затхла дыміла, мусіць, сырымі дрывамі палілася, кухня, і худы ў камбінезоне немец перкаўся там, згінаючыся перад нізкай топкай. Пасля ён кудысьці рашуча пакрочыў цераз падворак, і яна аж спалохалася: ці не ўчуў ён свінчо? Але не па свінчо, мусіць, тое сядзела сабе ціха, а немец неўзабаве зноў паявіўся на падворку — крывячыся ў паясніцы, валок да кухні цэлы абярэмак дроў. У Сцепаніды, як яна згледзела тое, ажно схаладнела ў душы — то былі бярозавыя палены, беражоныя ёю на зіму для распалу, іх была зусім невялікая купка пад самай страхой ля хляўка. Але во, упароў! Першым яе жаданнем было выйсці і сказаць яму: нядобра ўсё ж робіш, чалавек, не тваё ж, мусіць? Але яна не сказала, а затым рашучасць яе апала, яна праглынула крыўдлівы камяк і сказала сабе: хай, пабачым, што яшчэ будзе.

Сцепаніда ўжо адышлася ад першага страху, і ёй стала прыкра, яна адчула сябе тут лішняй, захацелася кудысьці сысці, каб нічога не бачыць і не расстрайвацца: хай гаспадараць, як хочуць. Ці яна перашкодзіць ім? Але яна трохі


Содержание книги