Категории

Читалка - Знак бяды


дашчэнту прытамілася, села на лаву і задумалася: што ж рабіць далей? Найперш трэба было дазнацца пра Петрака, калі ён жывы. Але дазнацца можна было толькі ў мястэчку — тут жа хто табе скажа? Значыць, трэба ісці ў мястэчка.

Пасядзеўшы яшчэ на лаве, яна паднялася, пайшла ў істопку. На самым сподзе кубёлка ў солі яшчэ было два кавалкі сала, яна дастала адзін; у сваім схове — пад разбітым гарлачом за печкай-каменкай — было яшчэ пяток яек, на паліцы стаяла з мінулага лета запыленая бутэлька вішнёўкі. Усё гэта ўладкавала ў меншы, лёгенькі кошык, з якім да вайны хадзіла на кірмаш у мястэчка, і выйшла з сянец.

На дварэ, як і ўсе гэтыя дні, было сцюдзёна і ветрана, але дождж не ішоў, мабыць, перастаў на світанні. Падворак і дарога спрэс былі ў гразі. Галава яе была яшчэ кволая, балела зверху, асабліва цяжка было нагнуцца, яна захутала яе ў цёплую хустку, на ўсе гузікі зашпіліла ватоўку. На ногі яна не мела чаго абуць і хадзіла да замаразкаў босая, а пасля абувала апоркі ці скарэлыя буркі, што недзе валяліся ў запеччы. Цяпер на гэтую гразь буркі надзець было нельга, і яна пайшла босая — па дарожцы к гасцінцу. Хаты яна не замыкала, недзе згубіўся замок — толькі ўваткнула трэсачку ў прабой, і ўсё. Красці там не засталося чаго, а паліцаяў ніякія замкі не ўтрымаюць.

Яна пайшла краем дарожкі, дзе па гразі, а дзе па мокрай траве, абышла жоўтую лужыну на заваротцы і ўзлезла на невысокі насып гасцінца. Яна не была тут ад таго дня, як Янка-нямко згледзеў за сасоннікам немцаў, і цяпер адчула, што тут шмат што змянілася. Найперш зноў, як да вайны, уверсе гулі напятыя на слупах правады, парваныя пры адступленні. Значыць, ужо наладзілі тэлефон, па якім перагаворваецца нямецкая ўлада. Па-другое, гасцінец быў спрэч здратаваны свежымі слядамі ад фурманак, аўтамабільных колаў, конскімі і чалавечымі слядамі. Значыць, ездзілі. Перад ёй у сасоннік уязджала сялянская фурманка — белы конік рупна бег у аглоблях, а мужык, што сядзеў у калёсах з бабай, усё памахваў над галавой кароткаю пужкай

. Яна падумала, што прыпазнілася трохі дайсці да гасцінца, а то б, можа, пад'ехала з імі, і азірнулася, каб згледзець, ці не едзе хто ззаду.

Ззаду ніхто болей не ехаў і не ішоў, затое спераду з-за павароткі ў сасонніку выскачыла машына, за ёй яшчэ адна і яшчэ. То былі не такія вялікія машыны, як тая, што стаяла ў іх на сядзібе, але таксама цяжкія, грувасткія, да верху нечым нагружаныя. Сцепаніда збочыла да канавы, каб не замінаць ім, прыпынілася нават, позіркам упілася ў блішчастае шкло пярэдняй, каб згледзець там твары. Твары іх, аднак жа, не дужа былі відаць, але яна адчула, што то былі немцы — іхнія пыхлівыя паставы, светлыя беражкі пагонаў на плячах, высокая шапка ў таго, што сядзеў ля шафёра. Абдаўшы яе ветрам і нафтавым чадам з матора, першая машына праскочыла міма, затым праехала другая, а на трэцяй у кузаве ля кабіны яна ўбачыла трох маладых немцаў; адтуль жа неслася прыемная музыка — адзін зграбна іграў на маленькім гармонічку, у які дзьмуў з рота. Як машына параўнялася з ёй, крайні, з вясёлым, счырванелым ад ветру тварам хлапчына крыкнуў:

— Матка, гіп яйка!

— Матка, шпэк! — падхапіў другі і наўздагон шпурлянуў у яе чымсь светлым, што пляснулася ў гразь ля яе босых ног.

Яна не сказала ім ніводнага слова, яна толькі глядзела, як яны, вясёлыя, маладыя і дураслівыя, пранесліся з такім форсам ля яе, спакутаванай, старой, чужой маці, ледзьве не забітай дзве ночы назад, і ніводная жылка не трапянулася на яе твары. Як ні дзіўна, але цяпер яна іх не баялася, і яна б не сказала ім ніводнага слова, калі б яны звярнуліся да яе. У яе свядомасці яны так і не сталі людзьмі, а засталіся пачварамі, гаварыць з якімі было для яе абразай. Міжвольна яна пашкадавала цяпер, што той ноччу не кінула яшчэ што ў калодзеж, не падпаліла хаты — хай бы згарэлі разам са сваім афіцэрам. Тады яна надта асцярожнічала з імі, можа, пабойвалася. А навошта? Хіба цяпер што залежыць ад страху? Вунь Пятрок нашто ўжо баяўся, асцярожнічаў, дагаджаў, так ужо дбаў, каб усё абышлося ціха. Але

чаго ён дабіўся гэтым? Забралі без дай прычыны. І яшчэ заб'юць ці павесяць.

Колькі яна натузалася за жыццё з гэтым Петраком ды і насварылася колькі, а во шкада чалавека, аж хочацца плакаць. Ну што ён зрабіў ім? Каму ў чым перашкодзіў? Калі і не памог нікому, дык жа такі характар. Але на кепскае ён не здатны. Быў аж залішне добры па цяперашнім часе, ды і па ранейшым таксама. Гэткая ўжо натура: хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсі даб'ецца. Не любіў сварыцца, яму ўсё каб ціха. А без сваркі, паціху чаго даможашся ў жыцці? Ды ён і не дамагаўся нічога.

Яна ўспомніла, як некалі ганяла яго ў Менск да Чарвякова, і каторы раз сумелася ад прыкрасці: ці па Петраку гэта было? Але ж і сама не магла — паўтара тыдня прастыргікала па падворку з хворай нагой.

Доўга яна падазравала яго: можа, не аддаў. Не знайшоў, не паспеў, пабаяўся. Колькі дацінала яго допытамі, аднак Пятрок стаяў на адным: аддаў міліцыянеру. Словам — усё ў парадку, і трэба толькі адно: чакаць.

І яны чакалі, што ж яшчэ заставалася. Толькі марна чакалі ўсе тры гады, аж покуль не прыйшлі немцы. Тут ужо стала не да Лявона.

Немцы не прымалі іх за людзей, глядзелі і абыходзіліся, як са скацінай, — мусіць, гэтак жа трэба ставіцца і ім да немцаў. З поўнай пагардай, з нянавісцю, з непакорнасцю ўсюды, дзе толькі можна. Тым болей што іншыя адносіны да іх дабра не дадуць. Выпадак з Петраком добра засведчыў гэта.

Гасцінцам яна перайшла сасоннічак, паазірала надта раскапаную яміну ў жвіры на паваротцы і ўрэшце ўбачыла крайнія местачковыя хаты, дах пажарнае вышкі, таполі над вуліцай. Над некаторымі комінамі вецер ірваў шызы дым, быў ранак, паліліся печы. Пасля таго як пабілі жыдоў, многія хаты пуставалі, іншыя заняла розная набрыдзь, паліцыя. Звонку там мала што і змянілася, у тым мястэчку, дзе, мабыць, і зараз ішло звычайнае, як і да вайны, жыццё. Затое нешта змянілася на гасцінцы — на свежым дарожным насыпе над ракой жаўцелі новыя парэнчы моста, якога не было тут з палавіны лета, ды і насып быў


Содержание книги