Категории

Читалка - Знак бяды


адняло мову, і ён нічога сказаць не мог. Тады Чарвякоў спытаў нешта ў свайго памочніка, і той удакладніў:

— Прозвішча як тваё?

— Багацька, — сказаў Пятрок і сумеўся, упершыню пасаромеўшыся ўласнага прозвішча — так недарэчы прагучала яно на гэтым нехуцавым, заваленым снегам падворку.

— То багатага жыцця, таварыш Багацька, — пажадаў напаследак старшыня ЦВК, і ўсе, угнуўшы галовы, пачалі прабірацца па сваіх ранейшых слядах да гасцінца.

Пятрок сумеўся і зноў не адказаў нічога, толькі пазіраў на гэтых людзей і ў думках паўтараў узрушана: «Дзе ўжо багата!.. Дзе ўжо багата!..» Ранейшы нязбыўны клопат апанаваў яго з новаю сілай — жыта ў засеку заставалася пуды з чатыры, з хлебам, можа б, як і дацягнуў да крапівы і шчаўя, каб было болей бульбы. Бульба, аднак, канчалася, неўрадлівае было лета на бульбу, вымакла ад дажджоў, пагніла пад каліўем. Невядома, як было дажыць да новай?

23

Неяк, аднак, дажылі да вясны, не сытна — больш голадна, але дачакаліся цёплых дзён і зялёнай травы. Сцепаніда з першай крапівы налаўчылася варыць нейкае варыва, якое, калі яго добра засмажыць салам, можна было і есці. Горш было з хлебам. Але старшыня калгаса Багацька Лявон ухітрыўся дадаткова размеркаваць на працадні тры бурты леташняй бульбы, і Пятрок прывёз к Першамаю калёсы прарослых, абвялых, як порхаўкі, клубняў. Нічога, елі, мяшалі з ячменнай мукой на лапуны, хоць ячмень таксама ашчаджалі на крупы.

Нарэшце ў самую сілу ўвабралася лета, маем прайшлі спорныя, з навальніцай дажджы, і азіміна нават на глеі і пагорках дружна шыбанула ў рост. Жытное было якраз на гэтым баку гасцінца, ля рова і хутара і далей па ўсёй Галгофе. Часам, калі выпадала вальнейшая хвіліна, Пятрок подбегам кідаў вокам на поле і радаваўся: добрае мелася быць у тым годзе жытное. Калі не засушыць улетку, не залье на Ілью, дастаіць сухое да Спаса. А сенакосы дык былі ўжо гатовы, ужо Лявон сабраў мужчын на «пробу касы» ў Бараннім Лозе ля рэчкі. З нязвыкласці ці ад недаедку Пятрок аж задыхаўся, заняло

ў грудзях, перацяло дыханне, але ён ведаў: гэта спярша, пасля пройдзе, калі ўцягнецца, — няўжо ж ён горшы, чым другія мужчыны. Вунь і Лявон хоць і з двума пальцамі на руцэ, а як зашчэміць паміж імі касільна, дык махае касой як апантаны. Тут ужо дзейнічае мужчынскі гонар — ніхто не хоча аказацца слабейшым, кожны пнецца за іншымі з апошняй магчымасці. Тым суботнім адвячоркам разбілі дзялянкі, вырашылі, якія і дзе пойдуць брыгады, дамовіліся назаўтра, у нядзелю, пачаць на зары і касіць, пакуль прыпячэ сонца. Лявон наказаў увечары накляпаць добра косы і каб ніхто не пазніўся, у канцы дня меліся падвесці вынікі, і якая брыгада скосіць больш, тую тады — на чырвоную палавіну дошкі, а тую, што менш, — на чорную. Другой брыгадзе выпаў якраз лягчэйшы, ад ельніку, бераг поплава, трава там была ніштаватая, але і не дужа высокая, меліся пэўныя шанцы абагнаць трэцюю брыгаду гразёўцаў і папасці на чырвоны бок дошкі.

На тым і разышліся позна ўвечары з псаломшчыкавага падворка, дзе гады тры як асталявалася кантора калгаса. Пятрок спяшаўся ў сваю Яхімоўшчыну, бо трэба было паспець накляпаць касу, мянташка ж у яго была дужа кепская — кавалак бруска, бы абмылак, заціснуты ў драўляныя тронкі, — такім пакуль наменціш касу, іншыя абыдуць цябе далёка. Але Лявон паабяцаў: ранкам згойсае ў мястэчка і прывязе паўсотню брускоў на ўсіх, у сельпо ўжо заплочаны грошы, будзе без ашуканства. Конна гэта гадзіна часу, і справе канец.

Паспадзяваўшыся на новую мянташку, Пятрок не ўзяў свой стары «абмылак» і, пачаўшы касіць, хутка адчуў, што каса пачынае тупець, а Лявона з мянташкамі яшчэ не было. Мужыкі прайшлі ўжо два пракосы, ужо над ельнікам паднялося сонца, раса, праўда, яшчэ трывала ў густой траве, якая добра клалася ў пульхны выгінасты рад. Пятрок усё часцей паглядваў на беражок ельніку, з якога на поплаў выбягала дарожка — ці не пакажацца старшыня з торбай мянташак. Ды ўсё марна. Пад сняданак ужо, калі з касцоў сцякло добра поту і замакрэлі зрэбныя і кужэльныя спіны, з ельніку выбег і стаў,

нібы чагосьці спалохаўшыся, меншы Лявонаў сынок Мацейка. Пятрок падумаў спярша, ці не прыслаў яго старшыня з брускамі, ды ў руках у хлопца не было нічога. Калі ён падышоў бліжэй і нехта з касцоў грубавата запытаўся пра бацьку, хлопчык гэпнуўся задам у траву, затуліў твар рукамі і затросся ў бязгучным плачы.

— Што такое? Што з табой?

— Бацьку… ноччу… забралі…

Касцы знерухомелі, бліжнія моўчкі ўторкнулі ў пожню косы, дальнія яшчэ дакошвалі рады, але па адным ішлі да ельніку — ужо зразумелі, што сталася. Лявона Багацьку? За што?

Неяк супакоілі хлопца, нядружна, напаўсілы дакасілі да снедання, хоць болей сядзелі, курылі, скупа выказвалі рознае. Некаторыя цвярдзілі: памылка, ужо Лявона не возьмуць, бо ён жа не вораг, не ўрадзіцель, ніколі не ішоў напроціў, некалі пацярпеў за Савецкую ўладу. Ясна, што тут недагляд, памылка, каму трэба, разбяруцца і праз дзень-другі выпусцяць.

Калі Пятрок прыплёўся з касою дамоў, Сцепаніды ў хаце яшчэ не было, не прыйшла яна і ў полудзень, і ён не ведаў, куды яна знікла, па якой патрэбе. Здарэнне з Лявонам збянтэжыла ўсіх, бы аглушыла, людзі не ведалі, што думаць і што рабіць. З паўдня Пятрок на касьбу не пайшоў — у яго апусціліся рукі, зноў жа ён надта трывожыўся за Сцепаніду, думаў: хоць бы не забралі і яе.

Сцепаніда прыбегла надвячоркам — задыханая, спатнелая, без хусцінкі на раскудлачанай галаве, у прапацелай паркалёвай кофце — аказалася, яна ўжо збегала ў мястэчка, у райкам, міліцыю, дазнавалася, завошта — Лявона? Ды марна. Ніхто ёй не сказаў нічога, усе ваўкавата маўчалі, яна пасварылася са старшынёй выканкама Капустай, якога прасіла заступіцца, ды той сказаў — не. На падворку стомлена ўпала на прызбу, паныла адказала на ўзрушаныя Петраковы пытанні і пасля роздуму, трохі супакоіўшыся, аб'явіла:

— Нада збіраць подпісы.

— Якія подпісы? — здзівіўся Пятрок.

— За Лявона. Што ён свой, бальшавік, не ўрадзіцель.

Пятрок падзівіўся, падумаў.

— А тады што?

— А тады падаць у НКВД. Хай паглядзяць.

Той жа вечар


Содержание книги