Категории

Читалка - Знак бяды


тое што ў лесе, на марозе, аб сухім харчы, з коньмі ды ў слабаватай адзежцы і ў заўжды мокрых чунях. Апошнім часам так было кожнай зімой, давалі рудстойку Данбасу, а ў тую яму дык проста пашэнціла праз хваробу. Праўда, пасля яшчэ доўга вадзіла ў бакі ад слабасці, ды быў маладзейшы, як-колечы акрыяў да вясны. Але тады былі дактары, бальніцы, а цяпер? Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар'ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй.

Ігнат Дубасей, памалу капаючы, усё нешта бурчэў сам з сабой у яміне побач, Пятрок прыслухаўся: стары крыўдаваў, што прыгналі сюды яго, старога чалавека, а маладзейшыя засталіся дома, іх не чапаюць. Пятрок трохі падзівіўся з тае гаворкі, запытаў, чаму ў іх так.

— Гэ, чаму? Самагоначкай рот залілі гэтаму злыдню. Самагоначка цяпер — сіла.

Што самагонка — сіла, Пятрок ужо ведаў і моўчкі пагадзіўся з суседам. Толькі на ўсё трэба ўмельства, не кожны можа зрабіць і самагонку. Зноў жа — начыння няма.

— Начынне, халера на яго, звялося. Цяпер дзе што возьмеш? Змеявік, напрымер, — знарок з тайным намерам пабедаваў Пятрок і прыціх, чакаючы адказу.

— Хе, начынне! Во ў нас Цімка Рукаты. Бывала, да вайны за грошы чорта табе змайструе. Цяпер не ведаю. Цяпер што яму — грошы!

— Гэта той, што пад вязам хата? Адгэтуль, з краю? Буслянка яшчэ, здаецца…

— Ёсць і буслянка. Хата ладная ў яго. Пад дранкай.

Пятрок яшчэ хацеў удакладніць нешта, але зверху ад дарогі іхнюю размову ўжо ўчуў Каландзёнак і віскнуў танклявым голасам:

— Не разгаварваць! Капаць!

— Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, — ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: — Сынок, гэта мне па нуждзе каб… Ну ў лясок, га?

— Капаць!

— Дык па нуждзе ж, сынок…

— У яміне.

— Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба…

Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны

на той бок, дзе зачынаўся дробненькі малады сасоннік.

— Назад! — віскнуў з дарогі Каландзёнак, але Дубасей ужо вылазіў з-пад абрыву на роўнае, пад сасонкі, і Пятрок, гледзячы на яго знізу, бачыў толькі яго галаву ў чорнай касматай шапцы. Раптам гэтая шапка смешна падскочыла ўгору, і ў тое ж імгненне з другога боку ляснуў гулкі вінтовачны стрэл — шырока расставіўшы даўгія ногі, Каландзёнак перазараджаў вінтоўку.

— Назад!

Стары Дубасей задам поўз па абрыву, сунучы сабой жвір, і Пятрок аж жахнуўся (забіты?). Але не, здаецца, жывы, толькі збялелы як палатно і без шапкі. Споўзшы да нізу, не адразу, неяк аслабела-хістка падняўся на ногі.

— Капаць! Быстра! Шнель! — віскаў з дарогі паліцай, трымаючы аберуч вінтоўку.

Невідушчымі, поўнымі слёз вачыма Дубасей агледзеў яміну, слепа нашарыў збоку сваю рыдлёўку.

— Божа мой, Божа! — ціха шапталі ягоныя вусны. — Што ж гэта? Як жа гэта? Мы ж некалі з ягоным бацькам таварышавалі. Разам у салдатах служылі. Бацька ж чалавек быў…

«Ну і змяя, ну і гадзюка! — думаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. — Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на божым свеце…»

Каландзёнак не даў ім ні перакурыць, ні перадыхнуць хоць крыху, падводы ішлі і ішлі, і яны капалі і кідалі, капалі і кідалі. Ужо яміна стала глыбокая, у рост чалавека, трэба было добра размахнуцца, каб дакінуць да воза, а рукі ўжо не слухаліся. Дубасей капаў побач, без шапкі, з голай, як калена, нічым не прыкрытай галавой, і ў вачах у старога было поўна слёз, якія ён крадком выціраў заскарузлай рукой. Зводдаль на дарозе слупам стаяў Каландзёнак, відаць, яму было сцюдзёна, рукі ён хаваў у кішэнях, і вецер ляскатаў поламі шыняля па яго ботах, але паліцай ні на крок не адступаўся ад яміны.

Неяк яны, аднак, дацягнулі да вечара, знемагліся ўшчэнт, а колькі накідалі вазоў, дык перасталі і лічыць. Як пачало змяркацца і пад нагамі ў яміне ўжо трэба было ўгледзецца, куды пхнуць рыдлёўку, на дарозе

з'явіўся Гуж. Скуранка ягоная была расшпілена на грудзях, твар распарана-счырванелы, пэўна, ад самагону, не іначай.

— Генуг, гультаі! — адразу аб'явіў Гуж. — На сёння генуг! А заўтра будзе загад. Ці сюды, ці на бульбу. Па дамох разайдзісь!

Ад тае каманды ў Петрака адразу падагнуліся ногі, і ён сеў, дзе стаяў, — на нейкую жвіровую купіну, зусім знясілены без ежы за цэлы дзень. Дубасей пагробся вылезці з ямы і ледзьве выбраўся пад сасонкі, дзе ляжала яго прастрэленая шапка. За ім спакваля вылез з ямы Пятрок.

Ужо было цемнавата, разгарачанае цела хутка астывала, Пятрок здрыгануўся і, як мог найхутчэй, падаўся гасцінцам на хутар. Ён думаў, што калі так пойдзе і далей, дык на жыццё разлічваць залішне, прыйдзецца сканаць, і, можа, чым хутчэй, тым лепей. Але ж, халера на яго, страшна вельмі канаць, хацелася яшчэ пажыць. Хоць бы затым, каб пабачыць, як урэшце дадуць ім харошага штурхеля ў зад, як завыюць яны ад расейскага бота. Мабыць, усё ж завыюць. Не можа так быць, каб не завылі, — не павінна так быць. Шкада вось, што можна не дачакацца, і гэта было б дужа несправядліва і крыўдна.

У поцемках ужо ён прыплёўся на цёмную сваю сядзібу, увапхнуўся ў сенцы і схамянуўся ад таго, што забыўся куды ісці: у хату ці ў істопку. Але во дзверы з хаты самі расчыніліся, ён пазнаў у прыцемку жонку і пераступіў парог. Тут ужо ўсё было прыбрана і стала, як і раней, да немцаў, відаць было, палілася ў грубцы, ярка свіціліся шчыліны каля дзверцаў, і было цёпла. Пятрок, як быў у кажушку, апусціўся на лаву насупраць грубкі.

Сцепаніда нешта сказала наконт ежы, але ён ужо не думаў пра ежу. Ягонае цела прагнула толькі аднаго: заваліцца і заснуць тут, у цяпле свае хаты, якая гэтак нечакана сёння вярнулася да яго. Але ён ужо ведаў, што трэба паклапаціцца аб іншым — трэба падумаць аб заўтрашнім дні, калі хочаш яшчэ пажыць і дачакацца лепшага.

— Ты прынясі мне скрыпку, — сказаў ён жонцы.

— Скрыпку? Навошта? Ці ты граць будзеш?

— Адыграўся ўжо.

Ён не сказаў болей нічога, і яна


Содержание книги